Кіно пад прымусам: Інтэрв'ю Пратасевіча і фільм пра «тэракты» паказалі студэнтам у Баранавічах

Студэнтаў Баранавіцкага дзяржуніверсітэта сабралі ў кіназале, каб паказаць творы беларускіх прапагандыстаў. У тым ліку — і фільм пра тэракты, якія нібыта рыхтавалі ў Менску на 9 траўня па заданні СБУ.

Фота з сацсетак БарДУ

Фота з сацсетак БарДУ

Студэнтаў Баранавіцкага дзяржуніверсітэта сабралі ў кіназале для прагляду інтэрв'ю Рамана Пратасевіча, якое ён даў пасля памілавання, і фільма «Убойная пасылка», у якім здымаліся студэнты і выкладчыкі журфака БДУ. Пра мерапрыемства распавялі ў групе БарДУ ва «УКантакце».

Калі меркаваць па запісах у сацсетках ВНУ, прагляд арганізаваў універсітэцкі «Клуб аддзела культуры і творчасці» ўчора ўдзень, 24 траўня.

Навучэнцам паказалі твор АНТ «Убойная пасылка» пра «тэракты», якія, паводле версіі КДБ, планавалі арганізаваць у Беларусі да 9 траўня, а таксама нядаўняе інтэрв'ю з памілаваным экс-рэдактарам N*XTA Раманам Пратасевічам.

У якасці гасцей да студэнтаў запрасілі мясцовых сілавікоў — кіраўніка крымінальнага вышуку, маёра міліцыі, старшага оперупаўнаважанага.

Пасля паказу відэатвораў беларускай прапаганды для гледачоў зладзілі абмеркаванне таго, што яны там убачылі. Перад студэнтамі выступіў кіраўнік аддзела крымінальнага вышуку ГАУС Баранавіцкага ГАУС Генадзь Валуй і старшы оперупаўнаважаны групы па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці ГАУС Мікіта Абрамовіч.


Нагадаем, як пісаў НЧ, беларускія чыноўнікі заклапаціліся праблемай выхавання моладзі ў ВНУ. Так, на пасяджэнні калегіі Адміністрацыі прэзідэнта абмеркавалі арганізацыю ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў вышэйшых навучальных установах. Намеснік кіраўніка адміністрацыі Ігар Луцкі выказаў незадаволенасць тым, што адміністрацыя беларускіх ВНУ не выяўляла ініцыятывы па паказе моладзі фільма АНТ «Убойная пасылка», які выкрывае падрыхтоўку тэрактаў у Беларусі. Відаць, цяпер у розных ВНУ краіны загадана гэту ініцыятыву «выяўляць». І гэта будзе не апошні прымусовы прагляд для студэнтаў, на які запросяць сілавікоў.



Паводле “Люстэрка”, “Нямецкай хвалі”, сацсетак