Лаўрухін: «Рэжым усведамляе гіганцкі разрыў з моладдзю, што гучыць амаль як дыягназ»
Што беларускія ідэолагі маюць супраць «Мазгабойні»? Эксперт — пра перспектывы «патрыятычнага выхавання» студэнтаў.
![Ілюстрацыйны здымак daroo.by Ілюстрацыйны здымак daroo.by](/img/v1/images/5afab5850442d.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйны здымак daroo.by
Днямі ў лукашэнкаўскай адміністрацыі адбылася калегія, прысвечаная эфектыўнасці выхаваўчай і ідэалагічнай працы ў беларускіх ВНУ. Кіраўнік адміністрацыі Ігар Сяргеенка і ягоны намеснік, экс-міністр інфармацыі Ігар Луцкі, спаслаўшыся на комплексны аналіз, праведзены пры ўдзеле Акадэміі навук і «зацікаўленых дзяржорганаў», раскрытыкавалі якасць гэтай працы.
Акрамя таго, чыноўнікі негатыўна выказаліся пра каштоўнасці
сучаснай моладзі: і вучыцца частка маладых беларусаў імкнецца за мяжой, і
замежныя, «заходнія» святы ў студэнцкім асяроддзі больш папулярныя, чым традыцыйныя
праваслаўныя, і матывацыя служыць у арміі нізкая, і БРСМ як галоўную моладзевую
структуру не ўспрымаюць… Ды яшчэ ў «Мазгабойню» гуляюць.
— Якія там пытанні задаюць? Што на іх адказваюць нашы дзеці?
А яны актыўна прымаюць у гэтым удзел… — заявіў Ігар Луцкі, заклікаючы
кіраўніцтва ўніверсітэтаў звярнуць на гэта ўвагу.
Што адбываецца: прадстаўнікі рэжыму разумеюць, што згубілі
уплыў на моладзь? Якія метады выхавання маюць улады, акрамя рэпрэсіўных?
Нарэшце, чым чыноўнікаў напалохала «Мазгабойня»? Гэтыя пытанні «Филин» абмеркаваў
з экспертам у галіне адукацыі, старшым аналітыкам BISS Андрэем Лаўрухіным.
— Калі даследаванне, на якое спасылаюцца чыноўнікі, сапраўды
было праведзенае некалькімі афіцыйнымі аналітычнымі цэнтрамі, — я лічу, што
была атрыманая больш рэлевантная карцінка на рэспубліканскім узроўні. Ці, як
мінімум, па Мінску, дзе засяроджана пераважная большасць беларускіх
універсітэтаў і дзе патэнцыйна можа сфармавацца грамадзянскі рух моладзі, якая
ўсведамляе свой светапогляд, — зазначае эксперт. — І, відаць, па звестках усіх
гэтых сацыялагічных службаў улады разумеюць, што гэты светапогляд — падмурак
для пратэстаў, як гэта было і ў 2020 годзе.
Наколькі я магу меркаваць па рыторыцы і паводзінах
чыноўнікаў, карціна атрымалася для іх жахлівая: яны ўбачылі, што знаходзяцца з
моладдзю ў розных сусветах. І моладзь адышла ад іх так далёка, што ці магчыма
яе будзе вярнуць, невядома.
Эксперт спасылаецца на адно з якасных даследаванняў, якое
яны ладзілі разам з калегамі: у глыбінным інтэрв'ю ўжо сталы, добра адукаваны
чалавек, ідэйны «ябацька», з горыччу і трагізмам канстатаваў: «Мы страцілі
моладзь…».
— То-бок, яны ўсведамляюць гіганцкі разрыў, што гучыць амаль
як дыягназ, — гаворыць Андрэй Лаўрухін. — Але разам з тым на калегіі яны
абмяркоўвалі і тое, як вярнуць у стойла гэтую моладзь, як паўплываць на яе.
Разам з крытыкай, маўляў, дрэнна працуем, ішла гаворка пра работу над
памылкамі, фактычна, што трэба яшчэ больш закручваць гайкі.
Не выключаю, што ВНУ будуць пераведзеныя ў рэжым існавання
амаль да турэмнага: нагляд за ўсімі, гвалтоўны «выхаваўчы працэс» з выкарыстаннем
інструментаў ціску, пагрозы адлічэння, высялення з інтэрнатаў, завядзення
крымінальных спраў, звальнення выкладчыкаў па палітычных матывах і г. д.
Можна не сумнявацца, што ўсё гэта будзе працягвацца.
Акадэмічная прастора, дзе нібыта яшчэ можна было знайсці нішу свабоднага
мыслення, звужаецца, як шагрэневая скура, і мы можам страціць яе цалкам.
А гэтая калегія, на мой погляд — анонс, заклік да рэктараў
ВНУ дзейнічаць жорстка. Улады мэтанакіравана ціснуць на сістэму адукацыі, яна
пад прыцэлам ідэалагічнай і рэпрэсіўнай машыны, у якой, акрамя тэрору, больш
нічога няма.
Эксперт праводзіць паралелі з савецкім перыядам, калі
дзяржаўная ідэалогія была звязаная са светапоглядам грамадства і з усімі
сферамі жыцця — эканомікай, альтэрнатыўнай капіталістычнаму ладу; маральным
кодэксам; паўсядзённымі практыкамі, ад дзяцінства да сталасці. І ўсё разам
стварала цэласную карціну свету, таму ў большасці людзей была пазітыўная
матывацыя падтрымліваць гэту сістэму, рухаць механізм і самому рухацца на
сацыяльным ліфце.
Цяперашнія ж беларускія ўлады, падкрэслівае суразмоўца,
ідэалогіі не маюць. І хоць спрабуюць яе выбудаваць, тое не вельмі
атрымліваецца:
— Бо ў нас гібрыдная эканоміка — дзяржаўная з элементамі
капіталістычнай. Дзяржава спрабуе падмяць пад сябе ўсё, але не можа сабе гэта
дазволіць, таму вымушаная шукаць нейкі кампраміс. Тое самае і ў іншых сферах. І
гэтая мазаіка не складваецца ў фігуру, як кавалачкі шкла ў калейдаскопе, наогул
ні ў ва што не складваецца.
![Беларусь: канфлікт бацькоў і дзяцей ці сіндром пасінелых пальцаў? Калі ў Беларусі адбудуцца перамены і на што разлічваць моладзі?](/img/v1/images/marsz_mira_i_nezaleznasci__32__logo_2_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Пад ідэалогіяй маецца на ўвазе тое, што гаворыць Лукашэнка ў
дадзены момант. Прычым заўтра ён можа заявіць нешта адваротнае — і трэба
сачыць, што кажа правадыр, адаптавацца да сітуацыі.
У такіх умовах, калі словы і справы разыходзяцца занадта
моцна, ні ідэалогіі, ні ідэалагічна едных грамадзян не будзе, гаворыць Андрэй
Лаўрухін, — толькі паслухмяныя ахвяры гвалту. Зрэшты, знойдуцца і лаяльныя
каты, якіх удасца падкупіць абяцаннем сацыяльных выгод, кар'ернага росту. Але
ніякіх агульных каштоўнасцей, разумення Радзімы, патрыятызму як любові да
дзяржавы, на што разлічвае рэжым, на выхадзе не атрымаецца.
— Умоўна кажучы, хто з БРСМ першым паспее ўхапіць нейкія
прывілеі, грошы, пасады, той зможа падняцца бліжэй да вярхушкі, як у фінансавых
пірамідах 90-х. Але ніякага дачынення да стабільнасці і новых сацыяльных
структур гэта не мае. А рухнуць такая піраміда можа ў любы момант, бо вялікіх
грошай на фінансаванне таго ж БРСМ у рэжыму няма.
Што да «Мазгабойні», якая выклікала такое напружанне ў
ідэолагаў — не факт, што вертыкаль Лукашэнкі наогул ведае, што гэты фармат
паб-квізаў заснавалі якраз маладыя беларусы, тыя самыя «нашы дзеці». Здавалася
б, што такога небяспечнага ў інтэлектуальнай гульні?
— Гэта ж спрыяе развіццю крытычнага мыслення, самастойнага
мыслення, якое ёсць ворагам існага рэжыму, бо для іх святое — шаблоны,
аднолькавыя думкі, загнаныя ў стойла, — гаворыць эксперт. — А прапанаваць
чагосьці наўзамен «Мазгабойні» чыноўнікі не могуць, — у іх няма ні ідэй, ні
годных альтэрнатыў.
Сёння, на жаль, так склаліся ўсе фактары і людзі вакол
улады, што яны могуць дзейнічаць толькі негатыўна: знішчаць, забараняць,
заганяць.
Не трэба Хэлоўін, святкуйце царкоўныя святы. Не трэба
квізаў, ідзіце на суботнік у Хатынь. Яны карыстаюцца шаблонамі, якім ужо 40-50
гадоў.
Але я не стаў бы спадзявацца на безумоўную перамогу
прагрэсу, што ён сам па сабе прыйдзе і выцягне беларусаў з бездані, і што ніхто
яго не зможа спыніць. Яшчэ год 10 таму я сумна жартаваў, што Беларусь у нечым
нагадвае еўрапейскую Паўночную Карэю — а сёння гэта выглядае як
самаздзяйсняльнае прароцтва.
Прыклад Паўночнай Карэі паказвае, што можна замарозіць
прагрэс у асобна ўзятай краіне (і яна такая не адна), і людзі будуць вымушаныя
працягваць жыць у такіх умовах. Таму надзяваць ружовыя акуляры штучнага аптымізму
нам не трэба, неабходна ўсведамляць праблемы і шукаць шляхі іх вырашэння.