Хто будзе лекаваць людзей? Нікога гэта не хвалюе
Крызіс у сферы, дэфіцыт высокатэхналагічных
кадраў — такія наступствы затрыманняў медыкаў пералічвае экс-кіраўнік РНПЦ
«Кардыялёгія» Аляксандар Мрочак, — паведамляе Радыё Свабода.

Затрыманні каля 1 гарадскога клінічнага шпіталя ў Менску, 7 лістапада 2020
«У Беларусі дэфіцыт кадраў у медыцыне — каля 4 тысяч чалавек. Не хапае лекараў. Рэальны дэфіцыт кадраў сярод лекараў, якія ведаюць высокатэхналагічныя падыходы ў лячэнні пацыентаў. Іх няшмат і на рахунку кожны», — кажа доктар.
На думку Аляксандра Мрочака, кадравы адток са сфэры медыцыны ўжо ідзе. Людзі з’яжджаюць з краіны.
«Уся сітуацыя яшчэ ўскладняецца каранавірусам. Але гэта ўсё не хвалюе нікога з тых, хто прымае рашэнні», — кажа лекар.
Паводле доктара Змітра Салошкіна, нават адзінкавыя затрыманні «ўскладняюць працу». А калі гэта вузкія спецыялісты, то іх «няма каму замяніць».
«Калі чалавек не трапляе на адну змену ці
адсутнічае дзень ці два — то яго трэба некім замяняць, нешта змяняць у
раскладзе. Медычны працэс ня любіць такіх тэрміновых пертурбацыяў. Доктару
складана ўсё даведацца пра ўсіх пацыентаў пасля такіх перастановак. Ніхто не
прымусіць людзей працаваць у такім рэжыме, заробкі ня надта трымаюць і не кампенсуюць
пакутаў сумлення», — кажа Зміцер Салошкін.
Доктар упэўнены, што сярод медыкаў ёсць
салідарнасць і штрайкбрэхераў таксама ня будзе.
«Можна справакаваць ад’езд людзей. 60 чалавек затрымалі — а наступным днём пасля такога можа быць вымушаны страйк. Напрыклад, чалавека затрымліваюць, а ён адмысловец, рэаніматолаг, напрыклад. Аднаго ня будзе — і ўвесь працэс стане, і гэта будзе страйк рукамі міліцыі», — разважае Салошкін.
5 лістапада Аляксандар Лукашэнка прыгразіў не пускаць у Беларусь лекараў, якія з’ехалі працаваць за мяжу. Аднак лекары з’яжджаюць ня толькі ў заходнія краіны, але і ў Расею, кантролю на мяжы з якою няма.
«І да гэтых падзеяў, і цяпер Расея нармальна канкуруе з Польшчай за беларускіх лекараў. З гледзішча грошай для пачаткоўцаў умовы досыць прывабныя. Беларускі дыплём там адразу цэніцца, бо відавочна, што яго не купілі. Гэтыя людзі вучыліся. Можна заблакаваць Польшчу, але побач Расея», — даводзіць Зміцер Салошкін.
Паводле Белстату, у 2019 годзе ў сфэры аховы здароўя і сацыяльных паслугаў працавала 328,1 тысячы чалавек.