«Я бачу! » Кожнае трэцяе дзіцё Гомельшчыны мае праблемы са зрокам

Міяпія, астыгматызм, «лянівае вока»... На што яшчэ хварэюць школьнікі з Гомельшчыны?

dsc_0932.jpgghfh.jpg

На працягу двух месяцаў афтальмолагі Гомельшчыны збіраліся а сёмай раніцы, выязджалі ў сельскія школы і праводзілі дыягностыку зроку ў дзяцей. Гэта стала магчымым у межах праекту «Я бачу», які рэалізуецца Беларускім дзіцячым фондам і кампаніі velcom пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя і Гомельскага аблвыканкама.

Вядома, што блізарукасць нельга вылекаваць. Але яе можна ў час выявіць і прыкласці намаганні да таго, каб яна не развівалася далей. Менавіта выяўленне адхіленняў у школьнікаў і іх карэкціроўку ставілі сабе за мэту арганізатары і дактары праекту.

Праект «Я бачу» дапамагае не толькі дзеткам, але і іх бацькам, у якіх часцяком проста няма часу, каб вазіць дзяцей у абласныя цэнтры на абследаванне. А тут дактары самі прыязджаюць у вёскі, каб паглядзець дзецям у вочы з дапамогай самых сучасных прыбораў.

Тэхніка, якая была набытыя для дыягностыкі, за некалькі секунд вызначае зрок дзіцяці. Цяпер школьнікам не трэба напружвацца і называць літары «Ш, Б...», якія ўжо ў пятым класе шмат хто ведае напамяць.

Афтальмолаг Елізавета Рыбакова правярае зрок у журналіста

Афтальмолаг Елізавета Рыбакова правярае зрок у журналіста


Начальнік аддзела медычнай дапамогі матулям і дзецям Міністэрства аховы здароўя Людміла Лёгкая зазначае: дзіцячыя хваробы, звязаныя са зрокам, выйшлі ў Беларусі на другое месца: «Дзеці становяцца старэйшымі, а захворванні павялічваюцца. Найбольш ад зрокавых хвароб пакутуюць дзеці ад 10 да 14 гадоў».

Гэта ўжо не першы «дэсант» дактароў у раёны. У 2016 годзе праект рэалізоўваўся на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.

Сёлета ў красавіку і маі афтальмолагі з Гомельскай вобласці ездзілі па сельскіх школах Буда-Кашалёўскага, Ельскага, Жыткавіцкага, Кармянскага і Нараўлянскага раёнаў Гомельскай вобласці. Рэгіён абраны невыпадкова: адсотак зрокавых захворванняў тут вялікі. Магчыма, гэта звязана з наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

За час акцыі дыягностыку прайшло 4889 дзяцей. Паталогіі зроку былі выяўлены ў 35,99% школьнікаў, у 60,39% з іх парушэнні былі выяўлены ўпершыню. Атрымліваецца, што ў кожнага трэцяга дзіця зрок парушаны, і ў кожнага другога гэтыя парушэнні выяўленыя ўпершыню.


На якія зрокавыя захворванні хварэюць школьнікі?



Для ўдзелу ў праекце было сфармавана дзве брыгады афтальмолагаў. Адна працавала на базе Гомельскай бальніцы, другая — на базе Мозырскай паліклінікі.

Афтальмолаг і ўдзельнік праекту Алена Чайко з Мазыра кожны дзень выязджала ў вясковыя школы: «Дзеткі класамі прыходзілі са сваімі настаўнікамі, каб праверыць зрок. Прыемна, што бацькі таксама актыўна ўдзельнічалі ў працэсе. На першым месцы па ліку захворванняў у школьнікаў стаяць акамадацыі і парушэнні рэфракцыі (міяпія, гіперметрапія, астыгматызм). Часта сустракалася, як кажуць у народзе, «лянівае вока»: калі дзеткам прапісваюць акуляры, але яны і ў іх бачаць кепска. Досыць часта сустракалася і дыстрафія сятчаткі. Хірургічна лекаваць трэба было 26 школьнікаў».

dsc_0948.jpggjg.jpg

Падчас даследавання дзяцей у межах праекту, да мазырскіх дактароў прыйшла 12-гадовая дзяўчынка. У яе была міяпія сярэдняй ступені і выяўлены разрыў сятчаткі правага вока. Гэта азначала, што ў хуткасці яна магла поўнасцю страціць зрок. Аднак яе адразу накіравалі да хірурга і зрабілі лазерную аперацыю. А што магло бы быць, калі б ў час гэты разрыў не заўважылі?

Усім дзецям была аказаная медычная, а каму патрабавалася аперацыя — і хірургічная дапамога.


Ці варта біць трывогу па выніках дыягностыкі зроку?



Дырэктар Беларускага дзіцячага фонду Аляксандр Трухан перакананы, што праект вельмі актуальны, бо зрок у дзяцей становіцца ўсё горш: «Лічбы, якія распавядаюць пра статыстыку захворвання дзетак, мякка кажучы, уражваюць. І гэта найперш праблема тых, хто атачае дзяцей: бацькоў і настаўнікаў. Важна, з якога боку ў дзіцяці мусіць быць святло і ці праводзяць настаўнікі на ўроках размінкі. Калі бачым лічбы дзяцей, у якіх выяўлены зрокавыя хваробы, разумеем, што наша задача зараз — выпусціць рэкамендацыі для кожнай сям’і пра тое, што мусяць рабіць бацькі, каб знізіць рызыку захворванняў у школьнікаў».

Афтальмолагі кажуць, што школьнік павінен карыстацца смартфонам і чытаць кнігу не больш за 20 хвілін, а пасля — рабіць перапынак. Адлегласць паміж дзіцём і тэлевізарам павінна быць досыць вялікая. Калі ў кватэры стаіць тэлевізар дыяметрам 40 дзюймаў, то малое мусіць сядзець на адлегласці ад яго ў шэсць метраў. Часта бывае так, што кватэра не мае такой плошчы.

І ўвогуле, калі дзіцё сядае бліжэй да тэлевізара, варта задумацца: чаму яно гэта робіць? Магчыма таму, што кепска бачыць?

Афтальмолаг Гомельскай гарадской бальніцы Елізавета Рыбакова кажа наступнае: «Блізарукасць яшчэ ніхто не вылекаваў. У сучасным свеце блізарукасць — гэта норма, бо мы ўвесь час працуем за камп’ютарам. Спазмы акамадацыі, што былі выяўлены ў школьнікаў, раней ці пазней пяройдуць у блізарукасць. Хваробу нельга вылекаваць, але можна прытармазіць. Калі выконваць пэўныя рэкамендацыі».

Такія білборды з'явіцца ў Мінску, Гомелі і Мазыры

Такія білборды з'явіцца ў Мінску, Гомелі і Мазыры


У межах праекту арганізатарамі былі падрыхтаваны білборды з надпісам «Я вижу». Ужо заўтра яны з’явяцца ў Мінску, а пазней — у Гомелі і Мазыры. А на гарадскіх прыпынках хутка з’явяцца і малюнкі, дзе школьнікам прапаноўваецца знайсці дзесяць адрозненняў. Бо іх можна знайсці хутка, калі дзіцё мае добры зрок.