Паўлюк Быкоўскі: Мы не ведаем, якую задачу ставілі дэзінфарматары

Аналітыкі MediaIQ раскрылі незвычайны фэйк беларускай прапаганды, які шырока разышоўся па расійскіх прапагандысцкіх каналах.

Скрыншот ТГ «Желтые сливы». Крыніца: MediaIQ

Скрыншот ТГ «Желтые сливы». Крыніца: MediaIQ

Праўладныя «Желтые сливы» 22 траўня паведамілі пра гібель 12 беларускіх добраахвотнікаў палка Каліноўскага ва Украіне і пра тое, што целы загінулых нібыта адправілі на захоўванне ў ваенны шпіталь у Любліне (Польшча), спаслаўшыся пры гэтым на сайт шпіталя, на якім нібыта размешчана такая інфармацыя.

Аналітыкі высветлілі, што прапагандысты стварылі адмысловы сайт-клон — дакладную копію сайта люблінскага шпіталя, памяняўшы толькі даменнае імя: замест сапраўднай зоны .pl перамясцілі яго ў зону .eu. Ва ўсім астатнім клон нічым не адрозніваўся ад сапраўднага сайта, нават публікацыю падпісалі імем сапраўднага работніка шпіталя — для большай праўдападобнасці.


Фальшывы сайт. Крыніца: MediaIQ

Фальшывы сайт. Крыніца: MediaIQ

Падробку вылічылі па тым, што «Желтые сливы» не да канца падчысцілі спасылкі на падробным сайце 1wszk.eu, бо некаторыя з іх вялі на сапраўдны сайт 1wszk.pl. Стала зразумела, што аналітыкі маюць справу з якасным клонам.


Сапраўдны сайт. Крыніца: MediaIQ

Сапраўдны сайт. Крыніца: MediaIQ

Праверка сайта 1wszk.eu праз сэрвіс Who is паказала, што імя ўладальніка і дата рэгістрацыі сайта схаваны. Дзякуючы дадатковай праверцы праз сэрвіс whois.eurid.eu удалося ўстанавіць, што сайт быў зарэгістраваны 19 траўня 2023 года — за два дні да з’яўлення публікацыі пра загінулых каліноўцаў. Электронны адрас braga_waga2@proton.me указаны пры рэгістрацыі дамена.

Крыніца: MediaIQ

Крыніца: MediaIQ

Прапаганда выйшла на новы ўзровень дэзінфармацыі?

Пра адметнасць гэтага фэйка, распаўсюджанага «Желтыми сливами» і растыражаванага расійскай прапагандай, «Новы Час» пагутарыў з аналітыкам MediaIQ Паўлюком Быкоўскім.

— Гэта ці не першы прыклад, калі з мэтай прапаганды зроблены клон існуючага ў Польшчы сайта, і гэты клон зроблены вельмі праўдападобным. Для карыстальніка звонку, які не валодае польскай мовай і не з’яўляецца кліентам шпіталя, усё выглядала праўдападобна: можна нават запісацца на прыём да ўрача (праўда, урач наўрад ці калісьці даведаецца пра тое).

У сусветнай практыцы такі прыём не новы, але гэта ці не першы зафіксаваны выпадак стварэння клона з мэтай расійскай прапаганды. Часцей расійская прапаганда не кланіравала польскія сайты (дзяржаўных ці грамадскіх арганізацый), а стварала новае медыя — маргінальнае, нікому не вядомае, але затым на яго спасылаліся аўтарытэтныя расійскія рэсурсы (інфармацыйныя агенцтвы, тэлеканалы, газеты). Стваралася ўражанне, што гэта сапраўдны рэсурс. Але тыя падробкі было досыць лёгка абвергнуць: там была недасканалая польская мова, іншыя характарыстыкі паказвалі на аматарскі рэсурс, то-бок нават знешні выгляд адрозніваўся ад нармальнага навінавага рэсурсу.

Кланіраваны сайт клінікі з’явіўся за пару дзён да з’яўлення фэйка — як, зрэшты, і іншыя прапагандысцкія рэсурсы з’яўляліся незадоўга да правядзення прапагандысцкіх кампаній. Клон сайта клінікі выглядае больш аўтарытэтным, чым медыя, якое можа ўтрымліваць прыватнае меркаванне, бо кланіраваны сайт мімікрыруе пад афіцыйную інфармацыю.

Іншае пытанне — як хутка расійская прапаганда заўважыла і пачала тыражаваць фэйк. Акрамя стварэння сайта-клона, напэўна, па сетцы звязаных з крамлёўскай прапагандай рэсурсаў распаўсюджвалася дадатковае паведамленне, што на гэты фэйк трэба звярнуць увагу: не кожную хвіліну расійскія медыя наведваюць сайт адной рэгіянальнай клінікі ў Польшчы.

Крыніца: MediaIQ

Крыніца: MediaIQ


— Беларуская прапаганда ўпершыню звяртаецца да практыкі кланіравання сайтаў?

— У Беларусі клоны рабіліся і раней. Здаецца, падчас выбарчай кампаніі 2010 года падрабляліся некалькі недзяржаўных сайтаў. Падчас падзей на плошчы 19 снежня 2010 года самі сайты былі заблакіраваны, але спецслужбы запусцілі іх клоны з фальшывай інфармацыяй. Механіка выглядала так: рабіўся кепскі доступ у інтэрнэт, сайты паведамлялі пра тое, што на іх вядзецца Ddos-атака, іх можна глядзець толькі па мабільнай версіі — праз тэлефон, то-бок у спрошчанай версіі. І менавіта гэту спрошчаную версію падмянялі беларускія спецслужбы: замест правільнага сайта, які працягвалі весці журналісты, сістэма перакідвала наведвальнікаў на фальшывыя. Звычайна гэта працягвалася нядоўга, бо перад спецслужбамі стаяла задача — няправільна скіраваць людзей, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту анлайн. Тады яшчэ людзі не маглі сабе дазволіць відэатрансляцыі і арыентаваліся па тэкставых трансляцыях, з пачаткам відэатрансляцый такая падмена была б неэфектыўнай.

— Наколькі эфектыўным аказаўся гэты прыём прапаганды?

— Даследаванні паказваюць, што распаўсюджаную ману, ці дэзынфармацыю, пабачаць многія, а абвяржэнне — нямногія, бо абвяржэнне ідзе не зусім па тых каналах, па якіх распаўсюджваюцца «сенсацыі». Таму, хутчэй за ўсё, асноўная аўдыторыя расійскіх медыя будзе перакананая, што ўсё напісанае — праўда, больш за тое, для іх гэта шараговы прыклад, а для беларускіх медыя, для беларускай аўдыторыі многае залежыць ад таго, як хутка чытачы сутыкнуцца з абвяржэннем і ці сутыкнуцца з ім увогуле. У гэтым канкрэтным выпадку, у абмежаванай інфармацыйнай прасторы, чытачы маюць болей шанцаў сутыкнуцца з абвяржэннем: беларусам баліць тое, што звязана менавіта з беларусамі. А тут гаворка ідзе пра байцоў палка Каліноўскага.

— Якія мэты пераследавала прапаганда ў нашым выпадку?

— Пра мэты мы можам толькі здагадвацца.

Адной з іх можа быць пацвярджэнне наратыву, што «палякі — вечныя ворагі рускіх», які прысутнічае нават у школьнай рускай літаратуры.

Другая магчымая мэта — пацвярджэнне расійскай інфармацыі, што расійскія войскі захапілі Бахмут, дзе ўкраінскія войскі панеслі вялікія страты. Фэйкавая інфармацыя атрымалася не зусім пра ўкраінцаў, а больш пра беларусаў, але гісторыя пра тых, хто змагаўся ў Бахмуце. Гэты фэйк удала накладаецца на інфармацыю, што ў Бахмуце нядаўна сапраўды загінулі байцы палка Каліноўскага. На гэты конт у беларускіх медыя з’яўлялася вельмі лаканічная і трохі супярэчлівая інфармацыя. У фэйку названа вялікая колькасць загінулых.Гэты фэйк можа папрацаваць на дэмаралізацыю людзей, панерваваць беларусаў, якія ведаюць, што іх сваякі знаходзяцца ў палку Каліноўскага. Але я думаю, сваякі вельмі хутка даведаюцца, што з іх блізкімі, але цалкам для грамадства гэта можа мець адмоўны эфект. Акрамя таго, што распаўсюджваецца факт, пра які мы не ведаем, праўдзівы ён ці не ў гэты момант, потым застаецца нейкі асадачак ад самой сітуацыі: мы можам не памятаць канкрэтныя факты, але памятаць пра першае ўражанне, пра эмацыйны стан. А праз некаторы час дэталі вымываюцца з памяці, а мы будзем памятаць пра вялікія страты байцоў у Бахмуце.

Мы не ведаем, якую задачу ставілі насамрэч дэзінфарматары, але падобна на тое, што некалькі сутак, на працягу якіх фейк гуляў і гуляе па інфармацыйнай прасторы, прапаганда можа залічыць сабе ў плюсы.

Пяць крокаў па выяўленні сайта-клона

Эксперты выдзяляюць пяць крокаў, якія дапамогуць самастойна выявіць падроблены сайт.

  1. Праверка даменнага імя — самы першы крок: трэба пераканацца, што яно цалкам адпавядае імені арганізацыі ці ўстановы, якую вы шукаеце. Пры гэтым трэба звярнуць увагу на абдрукоўкі, дабаўленыя сімвалы ці іншыя змены ў даменным імені.
  2. Праверка SSL-сертыфіката: пераканайцеся, што сайт выкарыстоўвае абароненае злучэнне HTTPS і мае сапраўдны SSL-сертыфікат. Трэба звярнуць увагу на выяву зялёнага замка ці значка бяспекі ў адрасным радку браўзера.
  3. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на знешні выгляд сайта: дызайн, візуальныя элементы, якасць кантэнту, бо падробленыя сайты не заўсёды маюць якасны дызайн, там могуць сустракацца граматычныя памылкі або няправільнае фарматаванне.
  4. Канешне, многае пра сапраўднасць сайт можа сказаць ягоны ўзрост: старыя сайты маюць больш шанцаў аказацца сапраўднымі, у той час як новыя — падробкай. З дапамогай інструмента Internet Archive можна вызначыць гісторыю сайта.
  5. Праверка статуса сайта ў сэрвісе Google Safe Browsing дапаможа выявіць ступень бяспекі і сапраўднасці. Сэрвіс дазволіць праверыць сайт на наяўнасць зарэгістраваных праблем бяспекі ці рэпутацыі.

Як вызначыць дзень нараджэння сайта?

Для праверкі даты стварэння сайта і яго рэгістрацыйных звестак эксперты раяць выкарыстаць некалькі анлайн-інструментаў і сэрвісаў.
Сэрвіс WHOIS дазваляе дазваляе атрымаць інфармацыю пра рэгістрацыйныя даныя дамена, імя ўладальніка, кантакты ды іншую інфармацыю. Рэсурсы whois.net, who.is ці whois.icann.org можна выкарыстаць, каб зрабіць пошук WHOIS для канкрэтнага дамена.
Інтэрнэт-архіў (Internet Archive) з’яўляецца маштабным праектам, які захоўвае копіі веб-старонак доўгі час. Можна наведаць сайт archive.org і скарыстацца функцыяй «Wayback Machine« для прагляду архівіраваных версій сайта.
Анлайн-сэрвісы DomainTools і SimilarWeb даюць дадатковую інфармацыю пра дамены, у тым ліку пра дату стварэння, гісторыю дамена, статыстыку наведванняў і іншую.
Калі вядомы рэгістратар даменаў, то можна праз ягоны сайт выкарыстаць функцыю пошуку WHOIS, якую дае рэгістратар, для атрымання інфармацыі пра дату стварэння і рэгістрацыйныя звесткі дамена.