Як рэфармаваць медыясферу ў Беларусі

У межах праекта «Урад для народа» сёння, 12 лістапада, адбыўся круглы стол, на якім абмяркоўвалася альтэрнатыўная Канцэпцыя рэфармавання медыйнай сферы ў Беларусі. Мерапрыемства праводзіў зарэгістраваны ў Вільнюсе (Літва) Інстытут развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы (IDSM).



20151112_112743_logo.jpg

Удзел у круглым стале ўзялі прадстаўнікі аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», а таксама кіраўнікі і сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). Альтэрнатыўную Канцэпцыю прэзентаваў старшыня БАЖ юрыст Андрэй Бастунец.

Ён адзначыў, што Беларусь традыцыйна займае апошнія месцы ў рэйтынгах свабоды слова і СМІ, якія складаюцца міжнароднымі арганізацыямі. Сярод асноўных праблем, агучаных Бастунцом, — дазваляльны, а не ўведамляльны прынцып рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі; шырокі спектр інфармацыі, забароненай для распаўсюду ў медыях; неабходнасць рэгістрацыі распаўсюднікаў СМІ і кнігавыдаўцоў у Міністэрстве інфармацыі; немагчымасць распаўсюду многіх незалежных выданняў праз дзяржаўныя «Белсаюздрук» і «Белпошту» і гэтак далей.

Кіраўнік БАЖ нагадаў, што з 1 студзеня 2016 года ўводзіцца татальны кантроль за карыстальнікамі інтэрнэта, то бок, адпаведныя структуры на законнай падставе змогуць даведвацца, хто і калі наведваў якія сайты.

Альтэрнатыўная Канцэпцыя ўтрымлівае шэраг прапановаў дзеля паляпшэння сітуацыі ў галіне СМІ. Так, апроч іншага, прапануецца скасаваць змяненні і папраўкі ў Закон аб СМІ ад 2014 года, які істотна ўскладніў існаванне незалежных мас-медыя; увесці мараторый на несудовыя санкцыі ў дачыненні да СМІ і на несудовую блакіроўку сайтаў; адмяніць абавязковую акрэдытацыю журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, і ўвесці мараторый на іх адміністрацыйны пераслед да змяненняў у дзеючае заканадаўства; адмяніць артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія прадуглджваюць адказнасць за дыфамацыю і за абразу альбо паклёп на прэзідэнта.

Сябра праўлення БАЖ Жанна Літвіна таксама зярнула ўвагу і на такі прававы момант, як неабходнасць надаць афіцыйны статус журналістам-фрылансерам.

Што да момантаў арганізацыйных, то было прапанавана зняць абмежаванні на распаўсюд недзяржаўных СМІ, стварыць роўныя ўмовы гаспадарчай дзейнасці для дзяржаўных і незалежных медыяў, іх доступу да рэкламы. А ў далейшай перспектыве дабіцца раздзяржаўлення афіцыйных СМІ, дазволіць выхад у эфір замежным каналам у рамках Канвенцыі аб трансгранічным вяшчанні, павялічыць працэнт беларускамоўнага кантэнту ў электронных СМІ.

Арганізатары мерапрыемства адзначылі, што большасць прапаноў увойдзе ў праект будучага новага заканадаўства аб СМІ, калі ў Беларусі зменіцца палітычная сітуацыя.