Што стала з забранай на мяжы цягам года друкаванай прадукцыяй?
У кнізе Андрэя Пачобута "System Białoruś" экстрэмізму не знайшлі, а вось агляд-хроніка “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі за 2014 год” па-ранейшаму на экспертызе.
Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” высвятляла лёс друкаванай прадукцыі, забранай на беларускіх мытнях цягам мінулага года.
Апошні такі выпадак адбыўся 9 жніўня, калі ў журналіста “Беларускага Радыё Рацыя” Аляксея Трубкіна папрасілі на экспертызу кнігу Андрэя Пачобута "System Białoruś", а таксама "Агляд-хроніку парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі” за 2010 год. Між тым, даследавалі выданні вельмі хутка і экстрэмізму ў іх не знайшлі.
— Літаральна праз месяц мне патэлефанавалі з гродзенскай мытні і паведамілі, што ніякага экстрэмізму ў выданнях не знойдзена і іх можна прыехаць забраць, — распавёў Алясей Трубкін прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
А вось у Ашмянах такі ж “Агляд-хроніка”, толькі за 2014 год, праходзіць экспертызу ўжо больш за паўгады. 47 асобнікаў хронікі забралі 13 сакавіка ў праваабаронца са Смаргоні Алеся Дзергачова.
— Гісторыя цягнецца ўжо сем месяцаў. Падчас перасячэння мяжы мытнікі склалі акт адбору проб і ўзораў, але экспертыза не адбылася нават у жніўні. Мытнікі абяцалі яе ў верасні, але ўжо прайшоў кастрычнік, а кнігі мне так і не вярнулі, — гаворыць Алесь Дзергачоў.
Вось якія яшчэ выданні прайшлі экспертызу на экстрэмізм і былі вернутыя альбо чакаюць вяртання гаспадарам:
1. Зборнікі “Стоп цэнзура!” (Забраныя ў групы беларускіх журналістаў 20 красавіка 2015 года, украінска-беларуская мяжа);
2. Кнігі Зянона Пазняка (Забраныя 13 кастрычніка 2014 года ў палітыка Паўла Севярынца, польска-беларуская мяжа);
3. Кнігі “108 дзён і начэй у засценках КДБ” (Забраныя 9 мая 2015 года ў палітыка Анатоля Лябедзькі, літоўска-беларуская мяжа);
4. Кнігі “Чарвяк” (Забраныя 30 кастрычніка 2014 года у палітыка Змітра Дашкевіча, літоўска-беларуская мяжа);
5. Даклад РПГА “БХК” і The Equal Rights Trust “За паўгадзіны да вясны”, надрукаваны ў Вялікабрытаніі і дасланы па пошце ў Беларусь (Затрыманы на мытні аэрапорта Мінск-2 у жніўні 2014 года. Так і не трапіў да адрасатаў з-за неабходнасці вялікіх выдаткаў (каля 10 млн рублёў) на аплату мытнага складу на час правядзення экспертызы);
6. Зборнікі філасофскіх артыкулаў і дакладаў Таццяны Шчытцовай «Антрапалогія. Этыка. Палітыка» (Забраныя 9 красавіка 2015 года ў выдаўца Ігара Логвінава, літоўска-беларуская мяжа).