Каб спрасціць сабе працу, будаўнікі закрылі архітэктурныя элементы на вакзале пачатку XX стагоддзя
На тое, што будаўнікі закрываюць аўтэнтычныя архітэктурныя элементы (дэнтыкулы) на чыгуначнай станцыі ў Аляхновічах, звярнулі ўвагу мясцовыя жыхары.

«Я працаваў непадалёк ад чыгункі, — расказвае «Нашай Ніве» мясцовы жыхар, — і звярнуў увагу на тое, што будаўнікі цэментам замазваюць зубчыкі на будынку».

Жыхарам Аляхновічаў не спадабаўся такі рамонт адной са славутасцяў мястэчка і яны звярнуліся да начальніка чыгуначнай станцыі з просьбай паўплываць на будаўнікоў.
Аляксандр Жук, кіраўнік маладзечанскага ўчастку «Мінскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў» (арганізацыі, якая выконвае рамонт) расказаў, што начальнік станцыі перадала просьбу вяскоўцаў:
«У гэту пятніцу мы адновім працу і вернем будынку першапачатковы выгляд, вернем зубчыкі на карнізе. Закрывалі іх, бо так прасцей і танней. Да таго ж, гэты будынак не ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, рамонт рабіўся без зацвярджэння плана».

Будынак чыгуначнай станцыі ў Аляхновічах адносіцца да 1900-х гадоў.

Будынак чыгуначнай станцыі ў Аляхновічах у 1940-я гады. Фота прадаставіў Уладзімір Садоўскі
Наталля Тур, фота аўтара, nn.by