Калі дагонім Еўропу па кошце камунальных паслуг без павышэння заробкаў — павыміраем

За камунальныя паслугі людзі і так плацяць нямала, асабліва на фоне нізкіх заробкаў і адсутнасці працы ў правінцыі. Так лічаць многія жыхары Слуцка. Шмат хто незадаволены павышэннем коштаў у жыроўках яшчэ і па той прычыне, што гадамі не бачыць якасці камунальных паслуг.



25 гадоў спатрэбілася жыхарам дома №3 па вуліцы Будаўнікоў, каб ліквідаваць працяканне каналізацыйных труб у падвале пяціпавярховага дома. Пры гэтым случчане неаднаразова звярталіся і ў ЖЭУ-4, і ў КУП "Слуцкая ЖКГ", і ў Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. У выніку двойчы на тыдзень шмат гадоў работнікі аварыйна-дыспетчарскай службы добрасумленна з’яўляліся ў падвале дома, прабівалі засарэнне, а затым знікалі да наступнага разу. Прычыну дрэннай працы каналізацыі ніхто і не спрабаваў высветліць.

 

У пачатку лістапада 2015 года жыхары звярнуліся за парадай і дапамогай да грамадзянскай актывісткі Зінаіды Цімошак. У хуткім часе ў якасці добраахвотнага эксперта ў падвале дома пабываў былы начальнік каналізацыйнай службы Міхаіл Мурашка, які высветліў прычыну. У выніку быў складзены зварот па сутнасці праблемы і запатрабавана ліквідацыя прычыны забруджвання падвала… Ужо ў канцы снежня  2015 года былі выкананы ўсе неабходныя работы, і жыхары змаглі парадавацца сухому падвалу.

 

 — Я не разумею, чаму нам неабходна было 25 гадоў пісаць да камунальнікаў, а пасля звяртацца па дапамогу да грамадскіх актывістаў, каб яны адшукалі прафесіяналаў і дапамагалі вырашаць праблему ў той час, калі ў нас існуюць камунальныя службы, — гаворыць Сяргей Долбік. — Навошта было выдаткоўваць грошы на шматгадовае штотыднёвае адкачванне каналізацыйных нечыстотаў працаўнікамі аварыйна-дыспетчарскай службы, калі можна было проста ліквідаваць саму прычыну?

 

 А патрэбна было элементарна крыху раскапаць зямлю каля дома і замяніць кавалак спарахнелай трубы. Але мала таго, што жыхары ўвесь час пісалі ў розныя інстанцыі, дык ім яшчэ даводзілася звяртацца ў пракуратуру, каб тая прымусіла ЖКГ даць пісьмовы адказ.

 

Дык за якія камунальныя паслугі будзе зараз брацца павышаная аплата — за якасць абслугоўвання ці за колькасць змарнаваных гадзін, калі камунальнікі без аніякіх вынікаў гадамі калупаюцца ў падвалах?

 

У пенсіянеркі Зоі Ігнатаўны Драбені, якая пражывае ў кватэры №1 дома №138-А па вуліцы Леніна, іншая праблема: у кватэры холадна. Сядзіць перад тэлевізарам, захінуўшыся ў коўдру. На нагах валёнкі.

 

— Грэе толькі верхняя палова радыятара цэнтральнага ацяплення. Ніжняя зусім халодная. Тэмпература ў памяшканні не бывае вышэй за 16 градусаў. Можа, трэба чысціць радыятар. Дык некалькі гадоў таму па зваротах жыльцоў камунальнікі прыходзілі прамываць. Сантэхнік заліваў кубачкам ваду ў батарэю. Мусіць, дрэнна прамыў. Зараз зноў збіраем подпісы пад калектыўным зваротам.

 

Зоя Ігнатаўна лічыць, што грошы за камунальныя паслугі пры нашых пенсіях і слуцкіх заробках людзі плацяць і так не маленькія:

 

 — Тут мы еўрапейцаў аніяк не дагонім, а калі пачнем даганяць па кошту аплат камунальных паслуг без павышэння заробкаў — павыміраем, запатрабаваны будуць толькі пахавальныя службы.

 

Алена Савіцкая сама прыбірае на пляцоўцы і прыступкі паміж першым і другім паверхам у доме №22 па вуліцы 8-е Сакавіка.

 

— Шмат ходзіць народу, прыступкі забруджваюцца хутка. Прыбіральшчыца калі і бывае, то мы яе не бачым. Лесвіцы ў пад’ездзе ніколі не мыюцца.

 

За прыбіранне лесвіц не трэба павышаць аплату, лічаць многія жыхары, лепей б было, калі б гэтую паслугу ўвогуле выдалілі з “жыроўкі”, бо на самай справе ў многіх дамах яна фактычна адсутнічае.