Жыхары дома ў Бярозе адмовіліся ад паслугаў ЖКГ
Жыхары аднаго з пад’ездаў шматкватэрнага дома ў Бярозе адмовіліся на сходзе ад паслугаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі па прыборцы пад’езда.
Фота з сайта surik.net
Жыхары лічаць, што павышэнне аплаты за прыборку павінна адпавядаць якасці.
Іх зусім не задавальняе якасць прыборкі пры колькасці адзін раз на месяц, кажа старшыня сходу Святлана Свірская:
— Прыбіральшчыца ў нас прыбірала вельмі дрэнна. Калі да мяне прыязджалі госці, мне даводзілася самой мыць вокны, мыць пад’езд і мыць сцены. Я лічу, што кожны са мной згодны.
Жыхары не згодны таксама з метадамі аплаты за асвятленне і рамонт месцаў агульнага карыстання — калі аплата залежыць ад метражу кватэр. На думку жыхароў, у меншай кватэры можа жыць больш людзей, чым у большай. Такі разлік дае таксама магчымасць для маніпуляцый камунальнай гаспадарцы. І з гэтым пытаннем яны вырашылі звярнуцца да дэпутатаў.