Камітэт правоў чалавека ААН абавязаў Беларусь пераглядзець заканадаўства аб масавых мерапрыемствах

Пра гэта паведамляе Свабода.

download__4__1.jpg

Рашэнне прынялі паводле скаргі Святланы Гальдадэ, якая раней узначальвала Гомельскі гарвыканкам.
Камітэт правоў чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацыяў апублікаваў рашэнне адносна скаргі былой старшыні гомельскага гарвыканкаму Святланы Гальдадэ, перадае «Гомельская вясна». Рашэнне канчатковае і не падлягае абскарджанню.
У 2012 годзе Гальдадэ, а таксама праваабаронцам Леаніду Судаленку і Анатолю Паплаўнаму забаранілі правесці пікет у Гомлі ў падтрымку праваабаронцы Алеся Бяляцкага (яго тады кінулі за краты на 4,5 года за нібыта ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры). Прычынай было патрабаванне чыноўнікаў заключыць дамовы з міліцыяй, медыкамі і камунальнікамі на працу на пікеце. Рашэнне абскарджвалі ў судах, у тым ліку Вярхоўным, але суды ўсіх узроўняў занялі бок чыноўнікаў.
Суд у Жэнэве прыйшоў да высновы, што ўлады Беларусі парушылі артыкулы 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, не далі грамадзянам права на мірны сход і вольнае выказванне думак.
Паводле рашэння Камітэту, цяпер улады цягам 180 дзён абавязаныя:

  • даць аўтарам скаргі эфектыўны сродак прававой абароны і адэкватную кампенсацыю;
  • зрабіць усе неабходныя крокі для прадухілення будучых парушэнняў такога кшталту, у тым ліку пераглядзець нацыянальнае заканадаўства і практыкі яго ўжывання;
  • паведаміць аб выкананні рашэння ў Камітэт, апублікаваць рашэнне ў сродках масавай інфармацыі на беларускай і рускай мовах.


Прадстаўнікі беларускіх уладаў у час разгляду скаргі аспрэчвалі права заяўніцы прадстаўляць інтарэсы іншых пацярпелых, хоць у яе былі даверанасці. Таксама яны настойвалі, што заяўнікі яшчэ не вычарпалі ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, паколькі не звярнуліся да кожнага з намеснікаў Генеральнага пракурора, а не толькі да ўсіх намеснікаў старшыні Вярхоўнага суду. Урэшце прадстаўнікі ўладаў Беларусі адмовіліся ад супрацы з Камітэтам у гэтай справе, расказалі праваабаронцы.