Канстытуцыйны рэферэндум у Беларусі: ці выратуе ён Лукашэнку?
Беларускі рэжым абяцае вырашыць палітычны крызіс з дапамогай канстытуцыйнага рэферэндуму. Калі ён можа быць праведзены, як паўплывае на лёс Лукашэнкі і што думаюць пра яго эксперты — усё гэта ў матэрыяле dw.com.
Мяркуецца, што ў Беларусі да канца лютага 2022 года пройдзе канстытуцыйны рэферэндум, падчас якога адбудзецца пераразмеркаванне паўнамоцтваў ад прэзідэнта да іншых галін улады. На адкрыцці сесіі Палаты прадстаўнікоў 4 кастрычніка 2021 года яе спікер Уладзімір Андрэйчанказвярнуўся да дэпутатаў з заклікам «арганізаваць грамадскае абмеркаванне канстытуцыйных навацый і правесці рэспубліканскі рэферэндум так, каб яго вынікам стаў агульнанацыянальны кансэнсус».
Такім чынам нібыта можа быць пастаўлена кропка ў сітуацыі з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года, калі Цэнтрвыбаркам заявіў пра перамогу Аляксандра Лукашэнкі, але яе не прызналі ні яго галоўны супернік — кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская, ні Захад, а ў Беларусі некалькі месяцаў праходзілі масавыя акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў, падаўленыя з дапамогай рэпрэсій. Некаторыя назіральнікі лічаць, што з абнаўлення Канстытуцыі ў Беларусі можа быць пачаты транзіт улады і трансфармацыя палітычнай сістэмы. DW папрасіў выказацца на гэты конт незалежных экспертаў.
Лукашэнка не хоча запускаць транзіт улады
Аркадзь Мошэс, дырэктар даследчай праграмы па Усходнім суседстве ЕС і Расіі Фінскага інстытута міжнародных адносін (FIIA), у інтэрв'ю DW выказаў здагадку, што «беларускае кіраўніцтва не хоча ў рэальнасці запускаць працэс транзіту». «Яно хоча перафарматаваць сістэму такім чынам, каб Аляксандр Лукашэнка захаваў усе ўладныя рычагі і палітычныя сродкі, якія дазволілі б яму спакойна сябе адчуваць у Беларусі пасля канстытуцыйных змен», — лічыць Мошэс.
Калі гэта так, то новая Канстытуцыя РБ наўрад ці акажацца здавальняючай для як мінімум паловы насельніцтва краіны, якая галасавала супраць Лукашэнкі ў 2020 годзе і выходзіла на акцыі пратэсту, лічыць эксперт. Мошэс падкрэслівае: «Рэжым паказаў, што ён збіраецца кіраваць падзеленай краінай усё больш паздзяляючым яе чынам, што будзе правакаваць новыя канфлікты».
Дырэктар мінскага інстытута «Палітычная сфера», палітолаг Андрэй Казакевіч у інтэрв'ю DW пагадзіўся, што ў тэорыі абнаўленне Канстытуцыі магло б стаць сур'ёзным крокам у пераадоленні палітычнага крызісу і нармалізацыі сітуацыі ў Беларусі. Але, паводле слоў эксперта, гэта было б магчыма пры ўключэнні ў дыялог як прыхільнікаў, так і праціўнікаў Лукашэнкі.
«Распрацоўка новага праекта Канстытуцыі праходзіла ва ўмовах рэпрэсій, з беспрэцэдэнтным выкарыстаннем гвалту і ўвядзеннем нефармальнага ваеннага становішча. Усё гэта, вядома, робіць атмасферу для правядзення рэферэндуму яшчэ больш складанай і супярэчлівай з палітычнага пункту гледжання», — падкрэсліў Казакевіч.
Палітолаг Дзмітрый Балкунец у інтэрв'ю DW сказаў, што беларускія ўлады цалкам магчыма бачаць «магчымасць вырашыць палітычны крызіс за кошт абнаўлення Канстытуцыі». «Але трэба паглядзець, як гэты працэс будзе праходзіць, наколькі грамадства будзе ўспрымаць сур'езна і якія могуць быць наступствы», — падкрэсліў эксперт.
Ці адбудзецца рэферэндум у 2022 годзе
28 верасня на сустрэчы з членамі Канстытуцыйнай камісіі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «ёсць варыянт праекта новага Асноўнага закона», але тут жа прызнаў, што няма прынцыповага вырашэння пытання па размеркаванні паўнамоцтваў, а значыць, уласна сутнасці праекта ўсё яшчэ няма.
На думку Балкунца, беларускія ўлады адцягваюць час правядзення канстытуцыйнага рэферэндуму і не выключана, што могуць гэтае мерапрыемства зноў адкласці. Разам з тым, палітолаг перакананы, што Аляксандр Лукашэнка паспрабуе выкарыстаць галасаванне за новую Канстытуцыю як аргумент, што яго праўленне з'яўляецца легітымным: маўляў, што б ні гаварылі, «але на прэзідэнцкіх выбарах мяне падтрымалі, а па Канстытуцыі — яшчэ больш».
У сваю чаргу, Аркадзь Мошэс не выключае варыянт, калі будзе абвешчана, «што большасць людзей прагаласуе супраць гэтых змен у Канстытуцыю РБ і такім чынам застанецца старая Канстытуцыя. І прычапіцца будзе вельмі цяжка». У гэтым выпадку Лукашэнка застанецца са старой Канстытуцыяй і старым аб'ёмам паўнамоцтваў.
Фінскі палітолаг лічыць, што на гэтай стадыі беларускаму кіруючаму рэжыму ўжо цяжка будзе зусім адмовіцца ад канстытуцыйнага рэферэндуму. Паводле слоў Мошэса, зацягваць яго падрыхтоўку можна яшчэ на працягу досыць доўгага часу, пакуль рэжым не палічыць, што рэферэндум з'яўляецца адносна бяспечным для яго мерапрыемствам (у любым выпадку галасаванне будзе пунктам збору для апазіцыйных настрояў), «але зусім адмовіцца ад яго правядзення будзе ўсё ж такі цяжка і ў сілу той карцінкі, якая была намаляваная перад Масквой».
Пераклад НЧ.