Кантроль за старшынямі і грашыма. Дзяржава падпарадкуе таварыствы ўласнікаў

У Беларусі ўлады збіраюцца ўзяць пад кантроль таварыствы ўласнікаў жылля, а заадно і іх грошы. Для гэтага падрыхтавалі праект зменаў у Жыллёвы кодэкс. Мяркуючы з датаў у дакуменце, плануецца, што ў 2024 годзе ён ужо будзе працаваць.

_minsk_horad_serabranka_srebny_loh_ptuszyny_dvor_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

Калі яго прымуць, то выканкамы змогуць здымаць старшыняў таварыстваў уласнікаў і распараджацца грашыма жыхароў на капрамонт і іншыя патрэбы аб'яднанняў.

Так разлічваюць зацыраваць дзіркі ў ЖКГ, кажа ў каментары «Еўрарадыё» дэпутат Мінгарсавета, грамадская актывістка Вольга Цесакова.

Што хочуць змяніць, і чаму для таварыстваў гэта кепская навіна?

Таварыствы — канкурэнт ЖЭСаў

Таварыствы ўласнікаў — гэта альтэрнатыва ЖЭСам, то-бок дзяржаўнаму абслугоўванню. Таварыствы аб'ядноўваюць жыхароў аднаго шматкватэрнага дома або некалькіх прыватных дамоў на сумежнай тэрыторыі.

Задумваліся яны для самакіравання, каб людзі разам вырашалі, як ім рабіць рамонт, добраўпарадкоўваць пад'езды і прылеглую тэрыторыю, і гэтак далей. Таварыства выбірае сабе старшыню, бухгалтара, сантэхніка і іншых спецыялістаў. Адпаведна, фінансавыя справы таварыства вядзе само.

Таварыства — некамерцыйная арганізацыя, але можа нават нешта зарабляць, напрыклад, здаючы памяшканні ў арэнду. Гэтыя грошы таксама ідуць на функцыянаванне таварыства.

Мяркуючы з праекта зменаў, чыноўнікі прыдумалі, як адабраць у прыватных кампаній абслугоўванне дамоў.

Як гэта можа працаваць?

Таварыствы рэгулярна збіраюць грошы на абслугоўванне дамоў, напрыклад, на капрамонт. Пакуль сродкі можна пакласці на рахунак у банк. Працэнты таксама ідуць на капрамонт. Калі новаўвядзенні ўступяць у сілу, то грошы мусяць будуць размяшчацца на спецыяльных рахунках мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Сродкі можна будзе выкарыстоўваць толькі з дазволу гэтых органаў.

Таксама папраўкі азначаюць, што мясцовыя ўлады атрымаюць больш магчымасцяў прызначаць «ўпаўнаважаную асобу», якая будзе выбіраць выканаўцу паслуг. Звычайна прызначаецца раённае ЖЭУ, якое і будзе вырашаць, дадаць працы дзяржарганізацыям або аддаць яе прыватным спецыялістам.

Цяпер мясцовыя ўлады прызначаюць упаўнаважаную асобу, калі людзі самі не арганізаваліся ў таварыства. У выпадку прыняцця новаўвядзенняў улады могуць яшчэ на стадыі будаўніцтва прызначаць упаўнаважаную асобу, калі не створаная арганізацыя забудоўшчыкаў.

У папраўках гаворыцца, што выканкамы могуць ануляваць атэстацыю старшыні, калі не будуць выкананыя "іх законныя патрабаванні". Пакуль толькі агульны сход уласнікаў можа абраць чальцоў праўлення і старшыню, а таксама датэрмінова спыніць іх паўнамоцтвы.

Некаторыя таварыствы могуць застацца зусім без старшыняў. Бо ў папраўках у Жыллёвы кодэкс гаворыцца, што адзін чалавек можа весці толькі адно таварыства. Калі людзі не змогуць аператыўна вызначыцца з новым кандыдатам, кантроль перададуць «упаўнаважанай асобе».


Глядзіце таксама

Можна траціць грошы таварыстваў

Усё гэта трэба, каб ЖКГ атрымала больш грошай. І гэта не новыя тэндэнцыі, адзначае дэпутат Мінгарсавета, грамадская актывістка Вольга Цесакова.

— Капрамонт аплачваецца сродкамі жыхароў. Яго сабекошт звычайна трохі даражэйшы [чым сабралі жыхары]. І дзяржава кампенсуе гэтую розніцу. Жыллёвыя арганізацыі зацікаўленыя ў тым, каб пашырыць сваю тэрыторыю. У іх дадаецца новая плошча, адпаведна, больш работ, а значыць, больш датацый дзяржавы, большыя зарплаты і гэтак далей.

ЖКГ зацікаўленая ў тым, каб прыбіраць паўнамоцтвы таварыства ўласнікаў. Напрыклад, з дзясятых гадоў старшыню таварыства ўласнікаў трэба зацвярджаць у выканкамах. Ім выгадней было ўзяць чалавека больш лаяльнага, з якім можна праводзіць гутаркі. З 2020 года гэтая практыка ўзмацнілася, бо таварыствы ў нас пачалі вольнасць паказваць, той жа «Каскад».

Цяпер у грашах асаблівая зацікаўленасць. Бюджэт Беларусі запланаваны з дэфіцытам, адпаведна, усім дастаецца менш.

— Грошы даюць пэўную свабоду. Таму ім [ЖКГ] трэба максімальна падмяць пад сябе таварыствы. Бо таварыствы ўласнікаў жылля — гэта ў асноўным новыя дамы. Адпаведна, капрамонт ім спатрэбіцца яшчэ няхутка. Грошы збіраюцца кожны год. Калі яны атрымаюць доступ да гэтых грошай, яны могуць распараджацца імі і ўжо цяпер размяркоўваць іх на свае паслугі. А што будзе праз дзесяць гадоў, калі спатрэбіцца капрамонт — гэта ўжо іх, мабыць, не хвалюе.

Паводле словаў дэпутата, ёй вядома пра выпадкі, калі на старшыняў таварыстваў ціснулі і прапаноўвалі перавесці грошы на рахункі выканкамаў.