КХП-БНФ: Улады імкнуцца знішчыць сляды генацыду 1930-40-х гадоў

Улады імкнуцца знішчыць сляды генацыду 1930-40-х гадоў, гаворыцца ў заяве старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянона Пазьняка, якую зачытаў на мітынгу ў Лошыцкім яры 4 лістапада адказны сакратар партыі Алесь Чахольскі.

Фота Аляксандра Корсакава, TUT.BY

Фота Аляксандра Корсакава, TUT.BY

Пазьняк назваў лёс Беларусі трагічным. Паводле яго слоў, на сённяшнім мерапрыемстве актывісты партыі «ўспамінаюць у першую чаргу тых, хто бязвінна загінуў ад рук маскоўскіх акупантаў», піша tut.by са спасылкай на БелаПАН.
Ён адзначыў, што найбольш масавыя расстрэлы адбываліся ў 1937 годзе. «Прывозілі і забівалі кожны дзень. Па маіх разліках, тут забілі каля 10 тысяч чалавек. Улетку 1988 года, калі вяліся археалагічныя раскопкі і эксгумацыя ў Курапатах, месца расстрэлу ў Лошыцы было засыпана грунтам», — адзначыў кіраўнік КХП-БНФ.
Палітык заклікаў памятаць падзеі ў Лошыцкім яры, паблізу якога ў бліжэйшы час улады могуць пабудаваць офісны будынак. «Трэба арганізаваць штодзённае назіранне за гэтым месцам і памятным знакам. Камунізм не вернецца. Фашызм не пройдзе. Ніколі не забудзем аб генацыдзе. Зберажом памяць», — гаворыцца ў заяве Пазьняка.
У акцыі прынялі ўдзел каля 50 чалавек. Яна пачалася з шэсця ад будынка Мінскага гарадскога палаца культуры, удзельнікі якога прайшлі да Лошыцкага яра з бел-чырвона-белымі сцягамі, расцяжкамі «Расія — гэта вайна» і «Дзяды».
За падзеямі назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Акцыя дазволена сталічнымі ўладамі ў поўным аб'ёме.
Па дадзеных гісторыкаў, у 1930-х гадах у Лошыцкім яры знаходзілася так званая Белая дача — месца размяшчэння спецкаманда НКВД, куды дастаўлялі арыштаваных ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Тут жа іх расстрэльвалі.
Шэсце і мітынг у Лошыцкім яры КХП-БНФ традыцыйна праводзіць праз тыдзень пасля акцыі ў Курапатах. У гэтым годзе яна адбылася 28 кастрычніка.