Пад Віцебскам ушанавалі памяць ахвяраў сталінізму

Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» наведалі месцы масавых расстрэлаў. Таксама актывісты ўсталявалі крыжы з надпісамі пра трагедыю 1930-х гадоў каля перапахаванняў парэштак расстраляных. Пра гэта піша Радыё Свабода

e62f22a7_b763_4198_8504_9eabfcaf5a29_w1023_r1_s.jpg

Паводле распараджэння Мазалаўскага сельсавету, парэшткі ахвяраў сталінізму, знойдзеныя ў 2014-м годзе ў наваколлях вёскі Хайсы, перапахавалі як «ахвяраў вайны» на брацкіх могілках каля станцыі Лужасна. Ян Дзяржаўцаў, даследчык сталінскіх рэпрэсій пад Віцебскам, вырашыў спыніць гэтую недарэчнасць. «На месцы перапахавання мы ўсталявалі крыж з надпісам „Ахвярам сталінскіх рэпрэсій“. Кожны, хто ўбачыць яго, задумаецца: чаму ахвяры сталінізму пахаваныя разам з загінулымі падчас Вялікай Айчыннай вайны? Таму, што ініцыятары перапахавання ўзялі грэх на душу, схлусілі нашчадкам! Наша задача — выправіць несправядлівасць», — лічыць актывіст.

edc58204_cfab_4991_a371_fe5a0cd6352c_w650_r0_s.jpg

З ініцыятывы Яна Дзяржаўцава, крыж з такой самай шыльдай быў усталяваны і на ўскрайку могілак у вёсцы Мазалава: там перапахавалі парэшткі, знойдзеныя каля Хайсоў пазней, у 2017-м годзе. 22 труны з косткамі закапалі сёлета на гліністым схіле пад крыжам з няўцямным надпісам — проста «Ахвярам», не вядома, якога часу і якіх падзеяў.
Улады абяцалі, што па сканчэнні экспертызаў, калі высветліцца праўда, на гэтым месцы будзе памятны знак адпаведнага зместу. Але час ідзе, а праўду пра сталінскія расстрэлы ў гэтых мясцінах па-ранейшаму хаваюць.

4fe912c0_704d_47fe_85d4_ac010b949850_w650_r0_s.jpg

Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» запісалі на відэа сведчанні мясцовых старажылаў, якія памятаюць расстрэлы ў лесе каля вёскі, і перадалі іх раённым уладам. Аднак гэтага аказалася недастаткова, каб засведчыць асобны статус гэтых мясцін. Актывісты працягваюць уласныя пошукі, што да лёсаў рэпрэсаваных землякоў.

61bd9e5b_5b7f_4094_9b90_70b58062e844_w650_r0_s.jpg

У «расстрэльным» лесе ёсць некалькі крыжоў з імёнамі загінулых. Вядома, што больш за 100 чалавек былі расстраляныя пад Віцебскам у ноч з 3-га на 4-га лістапада 1937-га году. Сярод іх — шэраг знакамітых мастакоў, талентам якіх не было суджана расквітнець у поўную сілу, прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі і простыя гараджане.


Чытайце таксама:

32 самаробныя крыжы ўсталяваныя ў Хайсах


Менавіта гэты дзень актывісты ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» вырашылі абвясціць традыцыйным памінальным днём ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

7382663c_4df9_429c_a0ff_be95eec449cc_w650_r0_s.jpg

Сёння тут маліліся і за супакой душаў забітых, і за пакаянне іхных катаў. У невялікім казанні да прысутных ксёндз Вячаслаў Барок гаварыў пра неабходнасць адчыніць архівы КДБ, але не дзеля помсты. Гэта варта зрабіць дзеля пакаяння, замірэння і магчымасці перагарнуць нарэшце гэтую страшную старонку гісторыі.