Юрка Копцік: Нельга падзяляць Дзяды
Кабыляках пад Оршай на Дзяды ўшанавалі памяць расстраляных у час сталінскага тэрору людзей.
Мясцовыя ўлады нядаўна вырабілі шыльду, на якую змясцілі надпісы на беларускай, рускай, англійскай мовах і іўрыце.
Даследчык сталінскіх рэпрэсій на Аршаншчыне Юрка Копцік кажа, што на шыльду варта было дадаць польскую, літоўскую і латышскую мовы, бо тут расстрэльвалі і прадстаўнікоў гэтых нацый.
Але наогул краязнаўца супраць шыльды на камені і падзелу Дзядоў на праваслаўныя, каталіцкія і ўніяцкія.
— Восеньскія Дзяды неправамоцна падзяляць на каталіцкія, праваслаўныя, уніяцкія ці яшчэ нейкія, — тлумачыць Юрка Копцік. — Дзяды, як і Радаўніца, Купалле, Каляды – гэта спрадвечна паганскія святы нашага народу. І кожны па-свойму мусіць памянуць у гэты дзень сваіх дзядоў, прадзедаў. Я наогул супраць усялякіх шыльдаў на такіх месцах. Ёсць камень. Паводле традыцыі, на ім не павінна быць ніякіх надпісаў, ён сам па сабе помнік.
Гісторык з Барані Віктар Міхасёў адзначыў, што пад Воршай некалькі расстрэльных ямінаў, але бальшавікам удалося схаваць некаторыя з іх. А ў Кабыляках стаіць помнік-камень, які ўжо стаў святым месцам:
— Мітынг сапраўды засведчыў тое, што людзі не забываюць гэтае святое месца. Менавіта сюды прыходзяць нашчадкі забітых. Бо іншых месцаў адметных пакуль што на Аршаншчыне няма. Месцаў забойстваў многа. Мы іх, дарэчы, многіх не ведаем. Бо НКВД і бальшавісцкая ўлада тайком забівалі людзей па лясах. Таму гэтае месца з’яўляецца святым, бо тут усталяваны помнік і сюды прыходзяць людзі.
Падчас сталінскага
тэрору, згодна з удакладненымі дадзенымі даследчыкаў, пад Воршай забіта каля
1800 чалавек.