Кіраўнік ЦВК папрасіла парламентарыяў засцерагчы дзяржорганы ад электронных зваротаў грамадзян
Дзяржаўныя органы павінны быць ахаваны ад электронных зваротаў грамадзян, ад неабходнасці адказваць на іх, што прадугледжана дзейным заканадаўствам.

Такі сэнс заявы, зробленай 2 красавіка ў Савеце Рэспублікі старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй Ярмошынай. Яна азнаёміла парламентарыяў з вынікамі кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў.
Ярмошына паведаміла, што ўжо падрыхтаваны змяненні ў закон пра звароты грамадзян.
"У нас з'явілася святая карова, якую нельга чапаць, — электронныя звароты грамадзян. Вопыт правядзення выбараў паказаў, што электронныя звароты — эфектыўны
інструмент для абароны правоў і інтарэсаў грамадзян — зараз проста выкарыстоўваюцца як перапіска на форуме. Велізарная колькасць грамадзян, часта ананімных, сядзяць вечарамі і закідваюць
звароты. І ў такой пастаяннай перапісцы сядзяць. Вядома, там вельмі шмат выдуманых імёнаў, немагчыма ўстанавіць, каму адказваць. А ці з'яўляецца гэты чалавек выбаршчыкам? Ці мае ён права на
такі зварот? Ці не дзейнічае ён ад чужога імя? А ён дзейнічае ўсюды ад чужога імя", — канстатавала Ярмошына.
Яна лічыць, што ў гэтым пытанні "трэба ўстанавіць нейкую дысцыпліну".
"Мы пазбавіліся ад рулонаў факсавай паперы <…> і прызналі іх незаконнымі. І ўсё. І нічые правы не парушылі, калі перасталі прымаць рулоны пустых, якія знікаюць праз
два-тры месяцы (папера ўжо станавілася непрыгоднай для чытання) зваротаў. І не адбылося ніякай рэвалюцыі", — адзначыла кіраўнік Цэнтрвыбаркама.
"Мы спарадзілі монстра пад назвай "электронныя звароты", — канстатавала яна.
Гэты від зваротаў, паводле меркавання Ярмошынай, у далейшым трэба пакідаць толькі для юрыдычных асоб. А ад грамадзян лічыць такія звароты сапраўднымі, толькі калі яны пацвярджаюцца затым нармальнымі
пісьмовымі зваротамі, "па якіх можна ідэнтыфікаваць гэтага грамадзяніна".
"Я думаю, дэмакратыя дэмакратыяй, але існуюць нейкія правілы, у тым ліку тыя, якія гарантуюць абарону правоў і інтарэсаў дзяржаўных арганізацый і іншых юрыдычных асоб",
— сказала Ярмошына.
Адказваючы на гэту заяву, спікер Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў сказаў: "Мы вельмі згодныя з вашым меркаваннем. Абсалютна".
"У нас у некаторых ёсць нейкі сверб. Хтосьці там абавязкова пачынае прапіхваць. І з гэтым законам было так", — заявіў Рубінаў. Паводле яго слоў, супраць прыняцця
закона (у чэрвені 2011 года) былі кіраўнік Мінскай вобласці Барыс Батура і іншыя губернатары.
Варта адзначыць, што 30 чэрвеня 2011 года Савет Рэспублікі спачатку адхіліў законапраект пра звароты грамадзян і юрыдычных асоб, а затым ухваліў яго. Гэта адбылося перад самым закрыццём сесіі, пасля
таго як старшыня камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Яўген Смірноў, які прыйшоў у залу пасяджэнняў, перадаў старшыні палаты Анатолю Рубінаву запіску.
Прачытаўшы і азнаёміўшы з яе зместам свайго намесніка Уладзіміра Патупчыка, Рубінаў прапанаваў вярнуцца да разгляду законапраекта.
Пры першым абмеркаванні парламентарыі выказалі сумненне ў мэтазгоднасці рэагавання на ўсе электронныя звароты, якія могуць паступаць ананімна, пад выдуманым імем ці нікнеймам. Члены Савета Рэспублікі
былі занепакоеныя магчымым вялікім аб`ёмам такіх зваротаў.
"Але грамадзяне маюць права звярнуцца, і мы не маем права адмовіць", — сказаў Рубінаў, які распачаў паўторны разгляд законапраекта.
Яўген Смірноў, які папрасіў слова, паведаміў, што "ініцыятыва электроннага звароту грамадзян зыходзіць ад прэзідэнта".
"Не будзем разглядаць гэта як націск, мы проста селі і падумалі", — рэзюмаваў Рубінаў.