Кітайскі досвед: Апанентаў рэжыму «на органы»?
У траўні Еўрапарламент упершыню афіцыйна абвінаваціў кітайскі ўрад у тым, што ён штогод прымусова выймае дзясяткі тысяч органаў у палітвязняў. Прычым, паводле некаторых сведчанняў, многіх «донараў» кладуць на аперацыйны стол жывымі.
Упершыню на гэтую сітуацыю звярнулі ўвагу яшчэ ў 1990-я. Кітай з'яўляецца адным з найбуйнейшых рынкаў органаў для трансплантацыі ў свеце. Нават афіцыйныя СМІ прызнавалі, што штогод у краіне праводзіцца больш за дзясяткі тысяч аперацый па перасадцы органаў.
Аднак крыніца з'яўлення гэтых органаў незразумелая. У тым ліку таму, што з-за культурных забабонаў у краіне надзвычай нізкі ўзровень добраахвотнага донарства органаў. Напрыклад, у перыяд з 2003 па 2009 год усяго 130 чалавек падахвоціліся аддаць свае нырку або печань іншаму.
Адкуль тады кітайскія медыкі бяруць толькі органаў для перасадкі? Чыноўнікі КНР тлумачылі гэта вельмі проста. Яшчэ ў 1984 годзе кітайскі ўрад зацвердзіў пастанову, якая дазваляе забіраць органы ў пакараных злачынцаў пры ўмове іх папярэдняй згоды або калі ніхто не патрабуе цела. Адсюль, маўляў, і такая колькасць органаў для трансплантацыі.
Такі адказ яшчэ неяк мог задавальняць, пакуль праваабаронцы не звярнулі ўвагу на цікавы трэнд. Імклівы рост колькасці штогадовых трансплантацый органаў у Кітаі ў нулявыя супаў з пачаткам пераследу секты Фалуньгун, якую ўлады разглядаюць як палітычных апанентаў. У выніку з'явіліся падазрэнні, што донарамі органаў з'яўляюцца супернікі рэжыму. У тым ліку з прычыны таго, што гэтая катэгорыя зняволеных практычна цалкам ізаляваная. Ніхто не ведае, што з дысідэнтамі адбываецца за кратамі Заўжды можна сказаць, што яны памерлі ў выніку нейкага інцыдэнту.
Але па-сапраўднаму на праблему органаў звярнулі ўвагу ў апошні час, калі абвастрылася праблема уйгураў — цюркскага этнасу ісламскага веравызнання ў правінцыі Сіньцзян. На Захадзе лічаць, што Пекін вырашыў нейтралізаваць патэнцыйны ачаг этна-рэлігійнага сепаратызму за кошт сеткі цэнтраў перавыхавання. У тых установах уйгураў прымусова асімілююць у лаяльных рэжыму КНР грамадзян, прымушаючы адмаўляцца ад веры бацькоў і нацыянальнай ідэнтычнасці.
Але ўсё часцей з“яўляюцца падазрэнні, што ў згаданых цэнтрах перавыхавання уйгураў вучаць не толькі палымяна любіць партыю і ўрад. Паводле ацэнак амерыканскіх экспертаў, ад 25 000 да 50 000 зняволеных з прыкладна аднаго мільёна прадстаўнікоў этнічных меншасцяў, якія знаходзяцца ў тых цэнтрах (чытай — канцэнтрацыйных лагерах) штогод падвяргаюцца выманню органаў.
Застрэльшчыкам гэтай тэмы з'яўляецца амерыканскі Мемарыяльны фонд ахвяр камуністаў, які пару гадоў таму правёў тэматычныя слуханні з удзелам парламентарыяў ад Рэспубліканскай партыі. Нефармальнай падставай для слуханняў стаў артыкул у часопісе American Journal of Transplantation, у якім даследаваўся ўдзел хірургаў-трансплантолагаў у Кітаю ў здабыванні органаў у палітычных зняволеных.
Пры гэтым, паводле аўтараў публікацыі, лекары не толькі праводзілі сумнеўную з кропкі медыцынскай этыкі аперацыю, але таксама выступалі ў ролі катаў. «Урачы ў Кітаі праводзілі трансплантацыю органаў без захавання стандартных працэдур устанаўлення смерці мозгу», — казаў адзін з тых, хто выступаў на слуханнях, спаслаўшыся на крыніцу, у якой прааналізавана амаль 3000 артыкулаў у кітайскіх медыцынскіх часопісах.
У доказ цытавалася прызнанні нейкага Энвера Тохці — уйгурскага хірурга, які распавёў пра адзін эпізод сваёй практыкі ў шпіталі ва Урумчы. Неяк яму загадалі выдаліць печань і ныркі ў зняволенага, які быў расстраляны. Лекар распавядаў: «Медсёстры падрыхтавалі цела, два галоўныя хірургі стаяць злева ад мяне і назіраюць за маімі рухамі… Я папрасіў [увесці] анестэзію, але яны сказалі, што няма патрэбы. Аднак, калі мой скальпель разрэзаў скуру пацыента, была бачная кроў. Гэта азначае, што яго сэрца ўсё яшчэ качала кроў… ён быў жывы».
Гэта яшчэ не фінал. Па словах выступоўцаў на слуханнях, донараў адбіраюць з пэўнай узроставай групы, а менавіта людзей, якім споўнілася 28 гадоў. «28 гадоў з'яўляецца "стадыяй фізічнага развіцця, якой кітайская медыцынская ўстанова аддае перавагу для здабывання органаў". У такіх ахвяр можа быць вынята да трох органаў», — казалі на слуханнях.
Як і варта было чакаць кітайскія афіцыйныя асобы адпрэчылі абвінавачванні ў выманні органаў, настойваючы на тым, што Кітай выконвае прынцыпы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якія забараняюць продаж чалавечых органаў без пісьмовай згоды донараў. Па словах прадстаўніка кітайскага МЗС, «жахлівыя чуткі аб існаванні "здабывання органаў у жывых" у Кітаі цалкам сфабрыкаваныя без якой-небудзь фактычнай асновы. Добраахвотнае донарства — адзіная законная крыніца чалавечых органаў у Кітаі».
Што на гэта можна сказаць? Тое, што Еўрасаюз упершыню ўзняў тэму прымусовай трансплантацыі органаў у палітвязняў у КНР, сведчыць, што веры ў заявы Пекіну няма.