Кобрынскія замалёўкі: адкрылася гарадская веласцежка

8 лістапада ў Кобрыне на Брэстчына афіцыйна адкрылася кальцавая спартова-гістарычная веласцежка.

kobryn_vs_3_logo.jpg

Яе маршрут працягласцю 7,5 кіламетры праходзіць праз вуліцу імя Аляксандра Суворава, пляц Волі, набярэжную ракі Мухавец, вуліцы імя 17 верасня, Уладзіміра Леніна, Савецкую, Фелікса Дзяржынскага, 700-годдзя Кобрына, Інтэрнацыянальную і завяршаецца на вуліцы імя Аляксандра Суворава.

kobryn_vs_5_8_logo.jpg
kobryn_vs_7_logo.jpg


Цяпер жыхары і госці горада змогуць на роварах зрабіць невялікае падарожжа па старажытнаму месцу і пазнаёміцца з шэрагам ягоных помнікаў архітэктурнай і прыроднай спадчыны. Сярод іх — пабудаваны з дрэва ў 1795 годзе былы сядзібны дом расійскага вайскаводцы Аляксандра Суворава, які кіраваў задушэннем нацыянальна-вызвольнага антыімперскага паўстання 1794 году на чале з Тадэвушам Касцюшкам, за што ад расійскай імператрыцы Кацярыны II атрымаў чын фельдмаршала, а “ў якасці падзякі за выдатныя заслугі” — шыкоўны падарунак — маёнтак Кобрынскі Ключ.

Старадаўняя цагляная забудова гістарычнага цэнтру Кобрына з будынкамі былога Дваранскага банку пачатку XX стагоддзя і гмахам праваслаўнага сабору Аляксандра Неўскага, узведзенага пасля падаўлення нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў супраць расійскага самаўладдзя на сродкі ад продажу маёнткаў, канфіскаваных у змагароў за волю і незалежнасць Бацькаўшчыны.


Апроч таго, раварысты пабачаць цыбуліну праваслаўнай драўлянай Мікалаеўскай царквы першай паловы XVIII стагоддзя і мураваны барочны фасад былога Спаскага манастыра XV–XVIII стагоддзяў, найстарэйшае дрэва горада — 500-гадовы дуб-асілак “Кобрынец” і камяніцу былога Кобрынскага турэмнага замку.

kobryn_vs_5_5_logo.jpg

Там з 1821 года ўтрымліваліся закратаваныя, а таксама па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага быў зняволены выбітны дзеяч нацыянальнай культуры і барацьбіт за свабоду краю Напалеон Орда.

kobryn_vs_5_4_logo.jpg

Наведаюць таксама 250-гадовы парк імя Аляксандра Суворава і сучасны комплекс гарадскога аквапарку.    

kobryn_vs_5_11_logo.jpg


Веласцежка, зробленая высілкамі грамадскасці і раённых уладаў, — з шэрагу справаў-рэкамендацыяў населеным пунктам, што ўдзельнічаюць у праекце “Падтрымка ініцыятывы “Пагадненне мэраў” у Беларусі”, які фiнансуецца Еўрасаюзам у рамках EU4Energy дзеля распаўсюду ведаў пра энергазберажэнне і змены клімату. Гэтае пагадненне яднае 45 беларускіх і 7 тысяч гарадоў Еўропы, якія на сваіх тэрыторыях скарачаюць выкіды парніковых газаў, спрыяюць энергаэфектыўнасці, спажыванню аднаўляльных крыніц энергіі і адаптацыі да зменаў клімату.  

kobryn_vs_2_logo.jpg


Апроч выдаткаў на падрыхтоўку веласцежкі, за кошт Еўрасаюза былі прыдбаныя 12 айчынных ровараў, якія любы аматар велавандровак можа ўзяць напракат у гарадскім аквапарку.

Намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкаму Валянцін Трубчык выказаў падзяку галоўнаму спецыялісту аддзелу жыллёва-камунальнай гаспадаркі РВК Алене Саўчук, намесніку старшыні “Кобрынскага клубу дзелавых жанчын “Бона” Алене Мезенцавай, а таксама спецыялісту МГА “Экапартнёрства” Вользе Кузьміной (Мінск) за рэалізацыю такога актуальнага праекту.

 

Паводле Валянціна Трубчыка, цікаўнасць кобрынцаў да самага экалагічна бяспечнага віду транспарту будзе ўзрастаць праз стварэнне ў месцы гаражоў для ровараў і папулярызацыю велавандровак, у тым ліку і дзякуючы ўдзелу гараджанаў у штогадовых раённых велафэстах “Viva РОВАР”, якія праводзяцца з мінулага году напрыканцы траўня. Так, у сёлетнім фэсце ўдзельнічалі звыш 350 раварыстаў, у тым ліку госьці з Берасьця і Польшчы.