Крымінальна-палітычны пераслед

      Міжнародныя назіральнікі запатрабавалі ад уладаў Беларусі спыніць выкарыстанне крымінальнага пераследу для перашкоды дзейнасці праваабаронцаў. А таксама не ўжываць яго для ціску на палітычных апанентаў і іх сем’яў.       З такой заявай выступіла Міжнародная назіральная місія, якая здзяйсняе ў Беларусі маніторынг сітуацыі з правамі чалавека.



2c620a8c232f32aa9e7dcbc90102b253.jpg

      Міжнародныя назіральнікі запатрабавалі ад уладаў Беларусі спыніць выкарыстанне крымінальнага пераследу для перашкоды дзейнасці праваабаронцаў. А таксама не ўжываць яго для ціску на палітычных апанентаў і іх сем’яў.

      З такой заявай выступіла Міжнародная назіральная місія, якая здзяйсняе ў Беларусі маніторынг сітуацыі з правамі чалавека.

      Яна выказала занепакоенасць у сувязі з ператрусамі ў кватэрах і офісах журналістаў і праваабаронцаў у розных гарадах Беларусі. Фармальнай падставай для гэтага з'яўляецца ўзбуджэнне крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня. І па-другое, назіральнікі акцэнтавалі ўвагу на сведчаннях ў СМІ пра ціск на апанентаў улады, якія знаходзяцца ў зняволенні, і на іх сем’і. А таксама на паведамленнях аб тым, што допуск адвакатаў і родных да абвінавачаных не забяспечваецца.

      “У прыватнасці, былых кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева і Мікалая Статкевіча, а таксама журналістаў Аляксандра Атрошчанкава, Ірыну Халіп і Наталлю Радзіну адвакаты змаглі наведаць апошні раз яшчэ напрыканцы снежня мінулага года, — адзначылі назіральнікі.

      Разам з тым Міністэрства юстыцыі абвінаваціла СМІ у тым, што яны ў скажоным святле падаюць інфармацыю пра рэалізацыю падследнымі права на юрыдычную дапамогу. І ўнесла прадстаўленне па факце парушэння асобнымі СМІ закона “Аб сродках масавай інфармацыі. “Канкрэтныя прыклады інфармацыі і падставы для прадстаўлення не прыводзяцца, — зазначана ў заяве місіі. А Беларускаму Хельсінкскаму камітэту Мінюст вынес папярэджанне за распаўсюджанне няпэўнай інфармацыі, якая дыскрэдытуе праваахоўныя органы і органы юстыцыі. Гэта адбылося пасля таго, як БХК накіраваў зварот да спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб незалежнасці судоў і адвакатаў.

      “На тэлебачанні разгорнутая інфармацыйная кампанія, якая імкнецца пераканаць грамадства ў вінаватасці падследных. У той час як высновы аб вінаватасці асобы да сканчэння следства парушаюць прынцып прэзумпцыі невінаватасці, — падкрэслівае Міжнародная назіральная місія. У якасці прыклада прыводзіцца дакументальны фільм "Плошча. Жалезам па шклу".

      Місія таксама запатрабавала ад беларускіх уладаў захавання гарантый “павагі чалавечай годнасці ў дачыненні да ўсіх падазраваных і абвінавачаных. І забеспячэнне іх доступу да кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі.

      Назіральнікі настойваюць, каб улады рэагавалі на паведамленні ў СМІ і на звароты аб парушэннях правоў чалавека расследаваннем гэтых дзеянняў. “А не санкцыямі ў адрас аўтараў зваротаў, — зазначылі яны ў заяве.

      Нагадаем, што ў склад Міжнароднай назіральнай місіі ўваходзяць супрацоўнікі праваабарончых арганізацый з краін АБСЕ, міжнародных арганізацый і эксперты. Яна сфармавана для працы ў Беларусі Камітэтам міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Рашэнне пра стварэнне такога камітэта прынялі больш за 30 няўрадавых арганізацый краін АБСЕ 27 снежня 2010 года.