
Беларускія праваабаронцы праводзяць грамадзянскую кампанію “Праваабаронцы за свабодныя выбары. Апошнія пятнаццаць гадоў міжнародная супольнасць не прызнавала вынікі
выбараў у Беларусі. Сёлета Захад праяўляе вялікую ўвагу да прэзідэнцкіх выбараў, і звязана гэта найперш з перспектывамі геапалітычнага супрацоўніцтва. Высновы назіральных місій могуць паўплываць на
лёс дзяржавы цягам бліжэйшых гадоў.
У межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары да назірання прыступілі каля 100 назіральнікаў літаральна ва ўсіх рэгіёнах краіны. Многія з іх бралі ўдзел у міжнародным
назіранні ў іншых краінах Еўропы і былога СССР. У Мінску працуе аналітычны аддзел, які аналізуе справаздачы назіральнікаў і рыхтуе штотыднёвыя і этапныя справаздачы. З імі можна азнаёміцца на сайце
www.spring96.org.
Мэта кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары — праз правядзенне назірання за выбарамі даць ацэнку выбарчага працэсу, даносіць інфармацыю да беларускай грамадскасці і
міжнароднай супольнасці.
Ужо завяршыліся два важныя этапы выбарчай кампаніі: збор подпісаў і рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты.
Збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй Выбарчага кодэкса адбываўся ў спрошчаных умовах. Праваабаронцы, падсумаваўшы вынікі гэтага этапу выбарчай
кампаніі, сцвярджаюць, што ёсць падставы гаварыць пра пэўную лібералізацыю палітычнага працэсу. “З аднаго боку, умовы працы кандыдатаў сапраўды былі спрошчаныя ў параўнанні з кампаніяй 2006
года. Што тычыцца адміністрацыйнага рэсурсу, то паляпшэння ў гэтай сферы няма. Найбольш неабароненыя групы насельніцтва, як, напрыклад, выхавальніцы дзіцячых садкоў, якія і так працуюць за невялікі
заробак, вымушаныя былі збіраць подпісы за кандыдата Лукашэнку, стаяць у пікетах. Такіх фактаў мы фіксавалі шмат. Яшчэ я хацеў бы адзначыць тое, што ЦВК сваёй пастановай фактычна легалізавала збор
подпісаў не сябрамі ініцыятыўных груп, — лічыць юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна Валянцін Стэфановіч.
Праваабаронцы наракаюць і на тое, што праца ўчастковых выбарчых камісій амаль не асвятляецца ў шырокім доступе, а ініцыятыўныя групы ўсіх прэтэндэнтаў працавалі ў няроўных умовах у параўнанні з
ініцыятыўнай групай дзеючага прэзідэнта. Ім быў практычна забаронены доступ на тэрыторыю дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў, на тэрыторыю студэнцкіх і працоўных інтэрнатаў.
З 17 прэтэндэнтаў, якія зарэгістравалі ініцыятыўныя групы, 11 заявілі пра здачу як мінімум 100 000 подпісаў у сваю падтрымку; 6 прэтэндэнтаў вырашылі добраахвотна спыніць свой удзел у выбарах.
Пасяджэнне Цэнтрвыбаркама па рэгістрацыі кандыдатаў, якое адбылося 18 лістапада, праходзіла адкрыта, у прысутнасці назіральнікаў і журналістаў.
“У цэлым, рэгістрацыя кандыдатаў адбывалася без значных абмежаванняў права кандыдатаў быць абранымі. У той жа самы час закрытасць працэдуры праверкі сапраўднасці подпісаў, а таксама
дакументаў, пададзеных для рэгістрацыі кандыдатаў, не выключае маніпуляцый з боку выбарчых камісій і дае падставы для стаўлення да вынікаў рэгістрацыі як да палітычна, а не юрыдычна
матываваных, — канстатуюць праваабаронцы.