Лідар году – Павал Белавус, кампанія году – святкаванне 100-годдзя БНР (ФОТА)
У культурніцкай прасторы «Корпус» уганараваныя лаўрэаты прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці» за мінулы год.
Прэмія, якую
заснавала Асамблея НДА, уручаецца ў дзясяты раз. Па традыцыі пераможцы вызначаюцца
па выніках супольнага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў сябрамі Рабочай
групы Асамблеі, а таксама спецыяльна запрошанымі экспертамі з ліку лідараў і лідарак
НДА, мінулагодніх пераможцаў прэміі, а таксама журналістаў.Сёлета ў журы ўвайшло
ажно 112 чалавек. Зноў жа, традыцыйна ўрачыстую імпрэзу адкрыў старшыня Асамблеі
НДА Сяргей Мацкевіч. Стылёвую статуэтку вожыка, якую сёлета атрымлівалі
пераможцы, стварыў скульптар Генік Лойка.
У намінацыі Грамадскі лідар / грамадская лідарка году, якая ўручаецца за ўнёсак у развіццё грамадзянскай супольнасці Беларусі ў бягучым годзе перамог заснавальнік "Арт Сядзібы" Павал Белавус. Летась ён быў адным з арганізатараў святкавання 100-годдзя БНР, канцэрту і інфармацынай кампаніі #БНР100, акцыяў #добрыясловы і "Брукаванка памяці" у Курапатах.
У намінацыі Новая ініцыятыва перамог універсітэт імя Ніла Гілевіча, зарэгістраваны ў якасці ўстановы ў сакавіку 2018. Яго заснавала Таварыства беларускай мовы, каб выправіць ганебную сітуацыю з немагчымасцю атрымаць вышэйшую адукацыю па-беларуску. Менавіта таму ўзнагароду ад ТБМ прымаў Алег Трусаў.
Намінацыя Рэгіянальная падзея ўшаноўвае ініцыятараў найбольш значных для лакальных супольнасцяў грамадскіх акцыяў / кампаніяў / падзеяў як па-за сталіцай Беларусі, гэтак і ў Мінску. Сёлета прызнана самай значнай Кампанія супраць акумулятарнага заводу ў Берасці. Грамадсская ініцыятыва "Берасце супраць свінцу". Узнагароду атрымаў сябра ініцыятыўнай групы Міхаіл Галуза.
За Крэатыў году адзначана Бацькоўская ініцыятыва "Дзеткі-кветкі“, якая правяла грамадскі маніторынг моўнага статусу 106 дзіцячых садкоў ў Мінску. Ад імя беларускіх мам прыз узяла Аляксандра Баярына.
У намінацыі Талака году перамагла Краўдфандынгавая платформа "Талака", якая сабрала на грамадскія праекты 1 мільён рублёў. Прыз прымаў Глеб Анісімаў.
Кароткія ролікі ў сацсетках і перадача "Мова пра мову" Вінцука Вячоркі, якія папулярызуюць мову сучаснымі сродкамі перамаглі ў намінацыі Медыяактыўнасць году.
“Гарбуз” году гэтым разам атрымала дзяржаўнае інфармагенцыя Белта, з ініцыятывы якой журналістаў недзяржаўных медыя абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі.
У намінацыі Партнэрства
году адзначана кааліцыйная праца праваабарончых НДА Беларусі пры падрыхтоўцы
дакладу для КПЧ ААН. У выніку прадстаўлення альтэрнатыўнага дакладу і супольных
адвакацыйных дзеянняў больш як 60 рэкамендацыяў Камітэту правоў чалавека (КПЧ)
ААН да ўраду Беларусі маюць у сваім складзе прапановы беларускіх праваабаронцаў
дзеля выпраўлення сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Дыплом і статуэтку на сцэне
атрымаў прадстаўнік БХК Зміцер Чарных.
Журналісткай году прызнаная журналістка Белапан Таццяна Каравянкова, якая прафесійна асвятляе грамадска-палітычныя тэмы ў Беларусі.
Ну і нарэшце Кампаніяй году падаўляючай колькасць галасоў журы прызнаная кампанія па адзначэнні 100-годдзя БНР.Агульнабеларуская грамадская кампанія, якая ўцягнула мноства людзей, арганізацыяў, камерцыйных структураў і нават дзяржаўных установаў у дзясятках гарадоў нашай краіны.
На сцэну пад апладысменты выйшлі прадстаўнікі аргкамітэту адзначэння 100-годдзя БНР Радзім Гарэцкі, Мікола Купава і Павал Белавус.
Фота аўтара