Мінск — Вільнюс і назад

15–16 верасня А. Г. Лукашэнка, ці не ўпершыню за часы свайго знаходжання на чале беларускай дзяржавы, наведаў з афіцыйным візітам Вільнюс. Меў сустрэчу з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ, выступіў на эканамічным форуме, даў шэраг інтэрв’ю журналістам.



fb2fcd534b0ff3bbed73cc51df620323.jpg

Адны аглядальнікі і аналітыкі ў сваіх каментарах назвалі гэты візіт яго прарывам у Еўропу, другія — вымушаным крокам пад ціскам цяжкай эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, трэція — праверкай з боку ЕС А. Лукашэнкі на гатоўнасць ісці па шляху лібералізацыі і развіцця адносін з Захадам, чацвёртыя — яшчэ адной прагматычнай саступкай з боку ЕС у адыход ад каштоўнасных прынцыпаў.
Калі па храналогіі, то прарыў шматгадовай блакады на ўезд у Еўропу адбыўся раней — візітам у Рым да Папы і сустрэчай там з італьянскім прэм’ерам Сільвіа Берлусконі. І не прарыў, а допуск. Магчыма, у абмен на адмову ад візіту ў Прагу на саміт ЕС. Палітычныя колы і грамадскасць краін ЕС яшчэ не былі гатовыя да такога рэзкага павароту — сустрэчы на асабістым узроўні з тым, каго яшчэ ўчора называлі “апошнім дыктатарам Еўропы. Ды і пратэсты беларускай апазіцыі былі дастаткова моцнымі, каб іх ігнараваць. На гэты раз пратэст выказалі толькі родныя зніклых палітыкаў. Апазіцыя абмежавалася інфармаваннем сваіх заходніх калег пра сапраўдны стан сітуацыі ў Беларусі — імітацыю лібералізацыі.
Калі па фармату, то сустрэча, хаця і ў геаграфічным цэнтры Еўропы, але на ўскрайку тэрыторыі Еўрасаюза, мела лакальны характар і не несла ў сабе пагрозы надаць самому факту паездкі А. Лукашэнкі занадта вялікі розгалас і геапалітычны эфект. Ахоўны падтэкст: гэта ўсяго толькі сустрэча кіраўнікоў дзвюх памежных дзяржаў, прыгавораных гістарычным лёсам быць зацікаўленымі ў нармальных адносінах, нягледзячы на характар і рэпутацыю гаспадара.
Тут важна прыняць пад увагу і знешні эфект такіх візітаў: пытанні задаюць незаангажаваныя журналісты, свае меркаванні выказваюць самастойныя палітыкі і аналітыкі, публічная палеміка  высвечвае ўсе супярэчнасці прамоўленага і выкрывае прыхаваны сэнс несказанага. Ды і асабістыя ўражанні ад убачанага не могуць прайсці зусім бясследна. Дастаткова ўзгадаць нервовы рытм разваг А. Лукашэнкі пра лёс сына Колі. Мо і сапраўды гэты матыў стане мацней за матыў захавання ўлады? А для пачатку, магчыма, здзейсніцца каментар Анатоля Лябедзькі, і замест хакейных палацаў у Беларусі пачнуць будаваць аквапаркі. Для ўсіх дзяцей.
Калі ж па фактычнаму зместу, то і тады, і цяпер візіты А. Лукашэнкі ў Еўропу былі і ёсць саступкай з боку ЕС у рэчышчы агульнай змены яго палітыкі ў адносінах да Беларусі. Палітыкі ізаляцыі на палітыку ўцягвання Беларусі ў агульнаеўрапейскія працэсы. З разлікам на паступовыя паэтапныя перамены ў бок дэмакратызацыі. Логікай самога працэсу, насуперак суб’ектыўным намерам і намаганням беларускага кіраўніцтва. Свае мэты і свае абмежаванні ставіў Брэжнеў, калі вымушаны быў уцягнуцца ў палітыку раззбраення. Свае — Гарбачоў, калі пачынаў перабудову. Але ж логіка працэсаў аказалася непадуладнай іх волі. Беларускі рэжым — адно са звенняў у іх агульным рэчышчы.
А. Лукашэнка гэта адчувае і ўсімі сродкамі імкнецца ўзвесці ахоўныя рэдуты. Што яшчэ раз прагучала ў кантэксце візіту: нам не трэба пасярэднікаў (апазіцыі) у адносінах з Захадам; перавагу аддаём эканоміцы, а з выбарамі, з правамі чалавека, са свабодай СМІ — у нас усё ў поўным парадку; купляйце незалежныя выданні ў кожным кіёску (!?); у нас — класічная дэмакратыя. Нічога новага.
Магчыма, акрамя прапановы літоўцам сумесна будаваць АЭС у Беларусі. Ці не ёсць гэта своеасаблівым падсвядомым водгукам на прапанову Аляксандра Казуліна, агучаную ім яшчэ ў 2007 годзе з-за кратаў: не будаваць сваю АЭС, а далучыцца да сумеснага праекту ЕС аб пабудове атамнай станцыі замест Ігналінскай?
Больш істотным, хаця і таксама не новым, знакам А. Лукашэнкі на абодва бакі — на Усход і на Захад — выглядаюць і адначасныя з візітам маштабныя расійска-беларускія вайсковыя вучэнні на тэрыторыі Беларусі. А. Лукашэнка — у Вільнюсе прамаўляе пра сваю еўрапейскасць, 12 тысяч расійскіх войск — у Беларусі.
Запрашэнне А. Лукашэнкі ў Вільнюс — яшчэ адзін знак Захаду ў беларускі бок (і не толькі асабіста А. Лукашэнку): канчаткова нічога яшчэ не вырашана, прагрэс у дыялогу залежыць у тым ліку і ад дэмакратызацыі палітычнай сістэмы ў Беларусі.
Хаця разумею і сам перажываю горыч і роспач актывістаў першай дэмакратычнай хвалі: з тым, хто ўвасабляе сабой абрыў нашай мэты і мары пра вольную, дэмакратычную, еўрапейскую Беларусь, хто спрычыніўся да адкату краіны да аўтарытарызму, з тым свабодны Захад распачынае дыялог, паціскае руку. А тут яшчэ і такое трагічнае скрыжаванне дат: 16 верасня, 10 гадоў таму знік галоўны апанент А. Лукашэнкі — Віктар Ганчар. Акцыя салідарнасці, зладжаная мінскімі дэмакратамі на плошчы, названай у народзе “плошчай Каліноўскага, была брутальна разагнаная, удзельнікі затрыманыя.
Абурэнне і горыч. Але ніхто не можа зрабіць нам “прыгожа за нас. Можа толькі паспрыяць. І, магчыма, у новых умовах уплыў праз дыялог ёсць лепшым сродкам, чым уплыў праз ізаляцыю.
Паколькі палітыка ў таталітарных і аўтарытарных краінах як сукупная дзейнасць трох самастойных галін улады (плюс СМІ, плюс грамадзянская супольнасць) па вызначэнню адсутнічае, а апазіцыя — слабая, пастолькі грамадства вымушана сачыць і лічыцца са словамі і дзеяннямі аднаго палітычнага цэнтра ў адной асобе. З пралікам магчымых наступстваў.
Зразумела, што ў афіцыйнага Мінска ніколі не было — і па вызначэнню быць не магло — гатоўнасці рэальна гуляць па агульнапрынятых еўрапейскіх правілах. Візіт А. Лукашэнкі ў Вільнюс гэта лішні раз пацвердзіў. Але разам з тым яшчэ раз паказаў, што нават у межах цалкам яму падпарадкаванай беларускай палітычнай прасторы, ён ужо не валодае ранейшымі магчымасцямі ўтрымліваць сітуацыю пад кантролем. І мусіць ісці хаця б на нейкую мадэрнізацыю, хаця б у эканамічных блоках, створанай ім піраміды ўлады, якая рызыкуе абрынуцца пад хвалямі дэмакратычнага еўрапейскага акіяна.
Куды далей памкнецца шлях Беларусі: з Вільні — наперад, у цывілізаваны свет, ці назад — у аўтарытарную цемень?