Міжнародны Дзень роднай мовы

21 студзеня ў Беларусі адзначылі Міжнародны Дзень роднай мовы. Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны з гэтай нагоды зладзіла ўрачысты сход у сталічным Палацы мастацтваў, на які прыйшлі вядомыя дзеячы беларускай культуры, навукоўцы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.

(На фота: Дыктоўка-2009. Справа – амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Фота Ю. Дзядзінкіна)  



502e4a16930e414107ee22b6198c578f.jpg

21 студзеня ў Беларусі адзначылі Міжнародны Дзень роднай мовы. Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны з гэтай нагоды зладзіла ўрачысты сход у сталічным Палацы мастацтваў, на які прыйшлі вядомыя дзеячы беларускай культуры, навукоўцы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.
(На фота: Дыктоўка-2009. Справа – амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Фота Ю. Дзядзінкіна)

Як адзначыла старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ТБМ Алена Анісім, Міжнародны Дзень роднай мовы быў заснаваны рашэннем Трыццатай сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЭСКА ў лістападзе 1999 года. Гэты дзень адзначаецца з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці, да таго ж ЮНЭСКА мае намер стварыць сістэму прэвентыўнага маніторынгу, з дапамогай якога будзе адсочваць стан моваў, што знаходзяцца пад пагрозаю знікнення.
Паводле словаў Алены Анісім, дзень святкавання — 21 лютага — быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 годзе падчас вулічнай акцыі загінулі некалькі студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове «бангла» статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога праз колькі год стала незалежнай дзяржавай Бангладэш, а самі загінулыя маладыя людзі былі прызнаныя пакутнікамі за родную мову.

 За трыбунай – старшыня Мінскай арганізацыі ТБМ Алена Анісім

«Мы ўжо ў дзесяты раз адзначаем Міжнародны Дзень роднай мовы, і мне хацелася б, каб кожны з нас адчуў і зразумеў: мы ў свеце не адны, у многіх народаў ёсць праблемы — такія як у нас, большыя, меншыя, іншага кшталту, — але ўсе мы вучымся іх вырашаць», — падкрэсліла Алена Анісім.
Старшыня сталічнай арганізацыі ТБМ нагадала, што ў суботу, незадоўга да ўрачыстага сходу, адбыўся першы этап нацыянальнай дыктоўкі. «Гэта быў цудоўны тэкст нашага класіка Уладзіміра Караткевіча — тэкст «Родная мова», і там ёсць вельмі добрыя словы: мова — неўміручая», — сказала Алена Анісім.
Адна з найстарэйшых беларускіх журналістак, супрацоўніца незалежнай газеты «Народная воля» Святлана Кліменценка сталася адной з тых, каго ў гэты святочны дзень Таварыства беларускай мовы ўганаравала дыпломам «Рупліўцу беларускай мовы». «У нашай Беларусі, дзякуй Богу, нягледзячы на той стан, да якога даведзена наша мова, на ўціск, на абразы, на неразуменне, вельмі многа сапраўдных цудоўных людзей, якія разумеюць, што калі згубіш мову — згубіш і самога сябе, і сваю Бацькаўшчыну», — сказала Святлана Кліменценка, атрымліваючы ўзнагароду.

 Старшыня ТБМ Алег Трусаў уручае грамату старшыні ТБШ Алесю Лозку

Старшыня Таварыства беларускай школы (ТБШ) Алесь Лозка адзначыў, што апошнімі гадамі памяншаецца колькасць навучэнцаў беларускіх школ. Па словах А. Лозкі, калі 12–13 год таму ў Мінскай вобласці ў першыя беларускія класы прымалася каля 80 працэнтаў вучняў, то цяпер гэтая колькасць скарацілася да 17 працэнтаў. «А ў наступным годзе можа быць яшчэ горш у сувязі са школьнай рэформай», — лічыць кіраўнік ТБШ, таксама ўганараваны дыпломам.
Яшчэ адным лаўрэатам дыплома «Рупліўцу беларускай мовы» ТБМ вызначыла Аляксея Караля — шэф-рэдактара газеты «Новы час». Паводле словаў журналіста, пашырэнне ўжытку мовы тытульнай нацыі паўсядзённа і нават на дзяржаўных тэлеканалах сталася магчымым дзякуючы высілкам менавіта Таварыства беларускай мовы, якое робіць кропкавыя, але сталыя захады дзеля пашырэння беларускага моўнага арэалу. Рэдактар «Новага часу» адзначыў: «Ёсць упэўненасць, што разам з вамі мы ўсе, хто чытае, хто прамаўляе па-беларуску, прыйдзем да таго дня, калі беларуская мова будзе гучаць паўсюдна на вуліцы». Па словах Аляксея Караля, «прыклад Украіны побач — ім гэта ўдалося літаральна за год-другі. Я думаю, што і мы не будзем выключэннем, калі адпаведная палітыка ТБМ у адносінах да мовы стане дзяржаўнай палітыкай разам з дэмакратызацыяй краіны».
Апроч згаданых людзей уладальнікамі дыпломаў «Рупліўцу беларускай мовы» сталі лаўрэат міжнародных конкурсаў дакументальнага кіно рэжысёр і педагог Уладзімір Колас, літаратары і навукоўцы Мікола Савіцкі, Анатоль Грыцкевіч, Арсен Ліс, перакладчык Лявон Баршчэўскі, пісьменнік Уладзімір Арлоў, кзёндз-магістр, пробашч мінскага касцёла святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк, многія актывісты з рэгіёнаў Беларусі.
Асабліва ўганараваны за спрыянне развіццю і папулярызацыі беларускай мовы за межамі Беларусі амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан, кіраўнік украінскага дыпламатычнага прадстаўніцітва Ігар Ліхавы (абодва дыпламаты 21 лютага ўзялі ўдзел у першым туры Беларускай дыктоўкі, які прайшоў у сядзібе ТБМ), амбасадары Герык Літвін (Польшча) і Эдмінас Багдонас (Літва), былы пасол Ізраіля ў Беларусі Зэеў Бен-Ар’е і іншыя.
Пры канцы імпрэзы адбыўся невялікі канцэрт беларускіх самадзейных выканаўцаў, а старшыня ТБМ Алег Трусаў нагадаў, што другі і трэці этапы нацыянальнай беларускай дыктоўкі адбудуцца 15 і 25 сакавіка, прычым апошні будзе прысвечаны 91-м угодкам абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.