Магілёў. Русіфікацыя дабралася да дарожных шыльдаў
Падчас рэканструкцыі магілёўскія ўлады перакладаюць на рускую мову дарожныя знакі, які раней пісаліся па-беларуску.

Здаецца, робіцца гэта цалкам свядома. Глабальны капітальны рамонт адбываецца на Мінскай шашы. Цяпер на выездзе з Магілёва ў бок сталіцы пакладзены роўны асфальт, а “кішэні” для аўтобусаў на прыпынках нават выкладзеныя камянём, як ў Еўропе:

Але адначасова з тым нехта, і падаецца цалкам свядома, вырашыў перакласці ўсе надпісы на дарожных знаках прынцыпова на рускую мову. Напрыклад, вуліца Пелагееўская стала “Пелогеевской”:

І гэта не выпадковая памылка. Усе астатнія знакі (фактычна ўсе наноў усталяваныя) маюць таксама прыкметы “русского міра”:

Асабліва цынічна выглядае знак, які можна ўбачыць на галоўным фота рэпартажу. Вуліцы, названыя ў гонар беларускіх творцаў, якія да таго ж мелі непасрэднае дачыненне да Магілёва і змагаліся тут за беларускую мову і адраджэнне — напісаныя па-руску. Прычым, насуперак нормам рускай мовы. Калі “Аркадия” і “Алексея” яшчэ можна сцярпець, то слова “Бялыницкого” у рускай мове дакладна няма. Таксама, як няма словаў “кулеш” и “пыса”.
На кавалку шашы, куды рэканструкцыя яшчэ не дабралася, можна ўбачыць, як горад раней прынцыпова афармляў свае дарогі па-беларуску. Прыпынак “Дом ветэранаў” выглядае, канечне, не такім дагледжаным, асфальт патрабуе рамонту:

Але знакі тут больш прыемныя, хоць відавочна і старыя:

Дарэчы, не чапаюць рамонтнікі і знакаў, на якія не маюць права. Тое, што належыць вобласці, пакуль застаецца некранутым і прыгожым па-беларуску:

Але тут жа рабочыя ўсталёўваюць новыя пункты прыпынку. Цікава, на якой мове будуць напісаныя іх назвы. Можна рабіць стаўкі 10:1, што на рускай. І ці дарэчы тут будзе рэклама казіно?

Будаўнікі так занятыя аўралам, што не асабліва клапоцяцца пра жыхароў гораду, для якіх наводзяць прыгажосць. Мала на якіх прыпынках засталіся расклады руху аўтобусаў. Ці можа яны наводзяць прыгажосць не для жыхароў, а для некага іншага?

Цікава, ці зможа паўплываць на прарасейцаў у гарвыканкаме, напрыклад, Таварыства беларускай мовы? На ўсялякі выпадак нагадаем пра адказных асобаў: кіраўнікі дзяржпрадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва” і інш.

Фота з сайта “НАШ Магілёў”