Любіць Беларусь цяпер можна і па-чэшску!

Любіць Беларусь можна і па-польску, і па-руску. Менавіта на гэтыя мовы ўжо была перакладзена кніга Паўла Севярынца “Люблю Беларусь”. Барыс Пятровіч упэўнена сказаў, што гэта кніга — будучы Нобель.



Павел Севярынец прэзентаваў у Мінску чэшскі пераклад сваёй кнігі “Люблю Беларусь”.  200 эсэ не заклікаюць і не прымушаюць да любові, але акунаюць чытача як у папсовую, так і ў раней не вядомую Беларусь. 

Любоўю да краіны была прасякнута не толькі сама кніга і яе пераклады, але і прэзентацыя ў кнігарні “ЛогвінаЎ”. “Я ніколі не чытаў нічога такога, дзе б кожнае слова было напоўнена шчырай любоўю да Беларусі. Канечне, Караткевіча тут не ўлічваем”, — падзяліўся паэт і выдавец Міхась Скобла.

m_has_skobla_logo.jpg

Міхась Скобла

Шчырасці ў кнізе дапамаглі дасягнуць не толькі паэтыка, гульня словамі і гукамі, але і выкарыстанне геаграфічных і гістарычных фактаў. Аляксей Шэін, аўтар кнігі “Сем камянёў” расказаў, як на пачатку 2000-х гадоў Павел пісаў “Люблю Беларусь”: "У нас на кватэры, якую мы здымалі, не было дастаткова шафаў, дзе можна было б захоўваць кнігі, таму на падлозе стаялі горы даведнікаў і энцыклапедый. Вікіпедыя тады не была такая развітая. Таму Павел ганяўся за кнігамі, каб паспець іх у кагосьці перахапіць або набыць”.

aljaksej_she_n_logo.jpg

Аляксей Шэін

Сведчанне любові да Беларусі прадэманстравала і перакладчыца кнігі на чэшскую мову Святлана Вранава, якая выйшла на кантакт з гасцямі імпрэзы праз скайп. Досыць цяжка было сказаць пра жанчыну, за спінай якой вісеў бел-чырвона-белы сцяг, што тая ніколі раней не мела дачынення да Беларусі. Аказваецца, Святлана аднойчы пачула і пасля проста палюбіла нашу мову: “Я прывыкла да таго, што, каб вывучыць пэўную мову, я еду ў краіну, дзе на ёй размаўляюць. Так я паехала ў Беларусь, але не пачула там беларускай мовы. І мне ўсе сталі казаць, маўляў, немагчыма на ёй размаўляць, бо ў школе на яе вывучэнне давалася мала гадзін. А я сказала, што магчыма”. Будучы хрысціянкай, яна год чытала Біблію па-беларуску, праглядала беларускамоўныя сайты. Такім чынам і вывучыла мову.

Кнігу Севярынца Святлане параілі знаёмыя. Перакладаць Святлане дапамагалі беларусы, якія ўначы сядзяць у скайпе. Назвы птушак, жывёл, геаграфічныя адпаведнікі — усё гэта апынулася досыць складана перакладаць.

Але ў выніку, “кніга па-чэшску атрымалася нават лепей, чым па-беларуску, — прызнаўся сам аўтар, — тут выкарыстаны больш якасныя здымкі і лепшая паліграфія”.

Рэжысёрка Вольга Мікалайчык пацікавілася ў Святланы: “Чаму нельга пашырыць перакладную літаратуру ў Чэхіі?”. На што Святлана адказала: "Перакласці кнігу, знайсці грошы на яе выданні і надрукаваць яе — усё гэта не так цяжка. А вось прадаць — гэта ўжо складана. І для мяне гэта вялікі выклік". Таму зараз Святлана ўзялася перакладаць на чэшскую мову першае беларускае хрысціянскае фэнтазі “Сем камянёў” Аляксея Шэіна.

“Люблю Беларусь” — кніга для тых, хто ўпаў або апусціў рукі, хто страціў натхненне або сэнс нешта рабіць для Беларусі. Барыс Пятровіч упэўнена сказаў, што гэтая кніга — будучы Нобель.

Госці ў жарт крычалі, што “Севярынца час прапіхваць ужо ў масы!”, запаліўшы Паўла ідэяй запісаць аўдыёкнігу.

Прэзентацыя чэшскага перакладу абудзіла ў наведвальнікаў жаданне набыць “Люблю Беларусь” па-беларуску. Але адзіны экземпляр, які застаўся пасля яе выдання ў 2005 годзе ў Паўла, — гэта падарунак яго жонцы, які не прадаецца. Таму цяпер Севярынцу нічога не застаецца, як толькі запісаць аўдыёварыянт кнігі, каб беларусы, закінуўшы ў вушы слухаўкі, пачыналі любіць Беларусь і калі едуць за стырном, і калі робяць хатнія справы, і калі шпацыруюць па парку.