«Мінскаблдарбуд» ігнаруе рашэнне суда, а судовыя выканаўцы не спяшаюцца
Рашэнне суда Слуцкага раёна аб кампенсацыі «Мінскаблдарбудам» жыхарцы Слуцка Зінаідзе Цімошак матэрыяльных страт за пашкоджаны аўтамабіль на аварыйнай дарозе Слуцк—Капыль уступіла ў дзеянне 29 кастрычніка 2015 года. Аднак да гэтага часу грошай жанчына не атрымала.

18 студзеня 2016 года адбылося яшчэ адно пасяджэнне суда Слуцкага раёна, дзе прынята вызначэнне аб індэксацыі сумы кампенсацыі. Прадстаўнікі «Мінскаблдарбуд» на суд не з’явіліся.
— Мы на практыцы бачым ігнараванне законаў і элементарную халатнасць у звычайных справах, — гаворыць Зінаіда Цімошак. — «Мінскаблдарбуду» выгадна не выплачваць грошай як мага даўжэй. У сувязі з імклівым падзеннем беларускага рубля сума матэрыяльнай кампенсацыі ўжо абясцэнілася на 25%. Што ж да індэксацыі сумы судом — яна павялічылася ўсяго на 200 тысяч.
Па словах Цімошак, яе здзіўляе, што ў аддзеле прымусовага выканання Цэнтральнага раёна горада Мінска справа была зарэгістравана толькі 29 снежня 2015 года пасля яе асабістага званка.
«Суддзя Слуцкага раёну Святлана Пастухова яшчэ ў сярэдзіне лістапада даслала да мяне копію ліста аб накіраванні справы да мінскіх судовых выканаўцаў, яна ж сцвярджае, што ў яе ёсць і распіска на паштовым паведамленні, якая датуецца сярэдзінай лістапада, — тлумачыць Цімошак. — Атрымліваецца, што справа гуляла недзе больш за паўтара месяца. Я не разумею, што тут: халатнасць, непрафесіяналізм, недахопы ў заканадаўстве альбо наўмыснае зацягванне выканання прысуду? Выходзіць, калі б я не патэлефанавала 29 снежня ў канцылярыю аддзела прымусовага выканання, справа б не была заведзена да гэтага часу? Калі я на днях не атрымаю ад судовага выканаўцы Навіцкай Наталлі Уладзіміраўны ніякага паведамлення аб прынятых мерах, буду пісаць скаргу ў Міністэрства юстыцыі і яшчэ адзін зварот у суд аб індэксацыі сумы за студзень 2016 года.
Высокакваліфікаваны юрыст, у мінулым работнік пракуратуры, Уладзімір Букштынаў, да якога Зінаіда Цімошак звярнулася па каментар, лічыць, што ў судовых выканаўцаў ёсць усе неабходныя паўнамоцтвы для хуткага выканання судовых рашэнняў.
«Атрымаўшы рашэнне суда, судовыя выканаўцы могуць неадкладна выклікаць да сябе галоўнага бухгалтара альбо кіраўніка прадпрыемства і запатрабаваць неадкладнага выканання законнага патрабавання. За невыкананне рашэння суда прадугледжана і крымінальнае пакаранне. Таксама могуць быць арыштаваны грашовыя сродкі арганізацыі і многае другое. Ды і сума, якая павінна быць выплачана, больш за 5 мільёнаў, — не такія ўжо вялікія сродкі для такога буйнога прадпрыемства, як «Мінскаблдарбуд». Закон — на такое і закон, каб яго выконваць неадкладна», — кажа юрыст.