Мінус сто долараў

Лукашэнка прызнаўся, што не падумаў. Ягоную заяву пра тое, каб браць па сто долараў з кожнага, хто выязджае з краіны, не варта ўспрымаць сур’ёзна. Ляпнуў гэта ад паўнаты душы. У прынцыпе, ніхто б і не ўспрыняў яе так балюча, каб не чыноўнікі, якія звыклі глядзець у рот «бацьку».



poshlina_1_logo.gif

Ад самага пачатку гэтая ідэя выглядала цмянай. Найперш, усе юрысты-законнікі паведамілі, што такая ініцыятыва мае з законам няшмат агульнага. Бо па Канстытуцыі кожны грамадзянін мае права вольна пакідаць і вяртацца ў Беларусь. Якія-кольвек перашкоды для выезду, кшталту той жа пошліны ў 100 долараў, супярэчаць міжнародным пагадненням Беларусі. Але калі ў нас зазіралі ў законы і пагадненні, калі справа тычылася вялікіх грошай?

Не было б ніякага ажыятажу: пасмяяліся б чарговы раз над словамі правадыра — і ўсё. Каб не стукнула ў галаву некаторым дзеячам ва ўрадзе, што пошліна «сто баксаў з рыла» — гэта так неабходныя бюджэту валютныя паступленні амаль з паветра. І заварушыліся адказныя чыноўнікі, пачаўшы думаць, як бы гэта зрабіць на справе.

Лукашэнка выказаўся пра пошліну 6 верасня. Ужо 11 верасня Пётр Пракаповіч заявіў, што пра месяц-паўтара ён будзе гатовы дакласці прэзідэнту, як ажыццявіць гэтую ідэю. Складанасць заключалася ў тым, што чыноўнікі — таксама людзі, і яны таксама ездзяць за мяжу. Кожны раз плаціць па сто долараў ім таксама не цікава, як і шараговым грамадзянам. Таму Пракаповіч абяцаў, што «сто долараў» не будзе тычыцца турыстаў.

Але Пракаповіч хаця б прапанаваў разабрацца, каму трэба плаціць выязную пошліну, а каму не трэба. Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі 18 верасня заявіў аб сваёй гатоўнасці спаганяць «выязную пошліну» з беларусаў, якія едуць за мяжу, у выпадку прыняцця такога рашэння ўладамі. 20 і 21 верасня чатыры ведамствы: Нацбанк, Нацыянальны статыстычны камітэт і Дзяржаўныя мытны і памежны камітэты правялі супярэчлівае разавае анкетаванне на беларускай мяжы. Ад грамадзян патрабавалася адказаць, едуць яны за мяжу ў якасці «турыстаў», альбо «чаўнакоў», і колькі грошай патрацілі за мяжою.

Больш дурны крок прыдумаць было цяжка. Вартасць такога апытання — нуль, бо хто ж ім праўду скажа? А вось жарсцяў у кацёл стодоларавай пошліны гэта падліло.

Намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга таксама адзначыўся. Паводле ягонага меркавання, пошліна ў 100 долараў знізіць чэргі на мяжы, што дазволіць хутчэй прайсці мяжу замежным турыстам, якія едуць у Беларусь. Заўважце, трэба не паляпшаць працу памежных пунктаў, не працаваць, завабліваючы турыстаў і ствараючы ім камфортныя ўмовы, а не выпускаць за мяжу сваіх. Тады на памежных пераходах будзе ціха, спакойна і без чэргаў.

Менавіта дубаломства чыноўнікаў і іх апантанасць дагадзіць кіраўніцтву і стала падставай для таго, каб народ заварушыўся. У інтэрнэце пад петыцыяй супраць пошліны за дзень падпісалася 15 000 чалавек. Па памежных рэгіёнах улады атрымалі дзясяткі заявак на пікеты супраць новага мыта. Апазіцыя распачала кампанію «Пошліна? Пайшлі на!», і гэтая кампанія абяцала быць папулярнай у народа. А ў некаторых гарадах папаўзлі чуткі пра гатоўнасць аўтааматараў перакрыць мяжу сваімі машынамі, — толькі б пошліны не было.

«Я руплюся не за тое, каб забараніць выезд нашым грамадзянам, я перажываю, што пад 3 мільярды долараў валюты вывозіцца штогод з краіны. Вось ляпнуў, сабе на шкоду, напэўна. Хоць я гэтага не баюся», — прызнаўся Лукашэнка на «Дажынках».

Цікава, што зараз будуць рабіць чыноўнікі? Чым зоймецца Пракаповіч? Што будзе рабіць Шульга? Куды Нацбанк і іншыя засунуць сваю апытанку?

Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што Лукашэнка спужаўся «народнага бунту» перад выбарамі. Наўрад ці гэта так. Рэгулярна за мяжу ездзіць не так ужо і шмат народу. Хутчэй за ўсё, спрацавала некалькі фактараў. Напрыклад, поўная немагчымасць адрозніць турыста ад камандзіровачнага, а камандзіровачнага ад «чаўнака». Да таго ж, у нас адкрытая мяжа з Расіяй, праз якую можна вольна патрапіць у тую ж Літву ці Латвію і без ста долараў мыта. Дый Расія можа прапанаваць беларусам не меншы асартымент сваіх тавараў.

Замест ста долараў пошліны кіраўнік Беларусі прапанаваў іншую ідэю: абкладаць падаткам тавары, якія ўвозяцца ў краіну — своеасаблівы «падатак на імпарт». Наўрад ці гэта спрацуе. Па той жа прычыне: «прамысловы» ўвоз імпарту і без таго абкладаецца падаткам. А правілы ўвозу рэчаў для асабістага карыстання рэгулююцца Мытным саюзам.

Да таго ж пытанне з «падаткам на імпарт» вельмі спрэчнае з пункту гледжання эканомікі. Пра падатак у 100 долараў усё зразумела: прадухіліць вываз валюты з краіны. Маўляў, купляйце беларускае за беларускія рублі. Якім чынам «падатак на імпарт» зробіць вываз валюты немагчымым — гэта пытаннечка, бо плаціць яго будуць усё роўна ў казну ў беларускіх рублях.

Раней Лукашэнка быў заклапочаны тым, што з-за мяжы вязуць «тое самае барахло, якое робіцца і ў нас». Падатак на імпарт, як адзначаюць эканамісты, можа прывесці да таго, што ў нас увогуле анічога, апроч барахла, вырабляцца не будзе. Бо зазвычай абмежавальныя меры для імпарту ўводзяцца, каб айчынныя прадпрыемствы «набралі вагу» — атрымалі грошы, уклалі іх у інавацыі і новыя тэхналогіі, мадэрнізавалі вытворчасць і пачалі вырабляць прадукцыю, лепшую за імпарт.

«Падатак на імпарт», уведзены «пажыццёва», паставіць беларускія прадпрыемствы навечна ў «ільготную» катэгорыю. То бок, у «парніковыя» ўмовы, калі канкурэнцыя адсутнічае. А калі адсутнічае канкурэнцыя, няма стымулаў для развіцця і выпуску новай і якаснай прадукцыі. Такім чынам, «парнік» ператвараецца спачатку ў застой, потым у «балота», а потым і ў багну, якая зацягне беларускія прадпрыемствы з галавою. І выбрацца з гэтай багны магчымасці не будзе.

Не кажучы ўжо пра тое, што «падатак на імпарт» засведчыць поўны правал беларускай мадэрнізацыі, якой мы так ганарымся.