«Мяне ўсю трасе!» Маці загінулага ў войску Арцёма Басцюка прачытала справу сына
Маці загінулага салдата Арцёма Басцюка Таццяна Басцюк скончыла знаёміцца з матэрыяламі справы, якую то адкрывалі, то закрывалі, то зноў адкрывалі і зноў закрылі, паведамляе «Еўрарадыё». Хлопец назваў начальству вайсковай часткі прозвішчы "дзядоў", якія здзекуюцца з салдат, — а на наступны дзень ужо не жыў.
Фота Арцёма Басцюка: vk.com
Яго гісторыя такая жа трагічная, як гісторыя Аляксандра Коржыча. 30 сакавіка 2017 года Арцём Басцюк ў прысутнасці бацькоў і начальства вайсковай часткі, у якой служыў, называе прозвішчы "дзядоў", якія здзекуюцца з салдат. На наступны дзень яго знаходзяць павешаным. Маці працягвае спрабаваць даведацца праўду пра смерць сына.
"Камандзіра часці апытвалі тры разы, і тры разы ён дае розныя паказанні!"
У пастанове аб закрыцці справы было ўсё з ног на галаву перавернутае. Як быццам бы мы прыязджалі на вочную стаўку з камандзірамі, і наш сын запэўніваў, як добра служыць у войску. На самой справе, сын называў прозвішчы тых, што тварылі беззаконне ў часці.
24 траўня нам, нарэшце, дазволілі азнаёміцца са справай. Два з паловай тыдні я чытала і выпісвала факты парушэнняў. Там такое бязладдзе, не перадаць словамі! Салдаты давалі зусім розныя паказанні. Усё як быццам добра і дзедаўшчыны няма. Але, як сказаў адзін з іх, у арміі ёсць такія традыцыі, калі малодшыя павінны нешта купляць "дзядам". Камандзіра часці апытвалі тры разы, і тры разы ён даваў розныя паказанні! Яго пытаюцца: "Як так?", Ён адказвае: "Не ведаю". Рэакцыя намесніка камандзіра на пытанні — "не ведаю", "не разумею", "не хачу адказваць".
"Ніхто толкам нічога не можа апісаць, суцэльныя "не ведаю" і "я не памятаю"
З крымінальнай справы я даведалася, што хуткая дапамога прыбыла на месца, дзе быў знойдзены труп сына, праз сорак хвілін. Камандзір крычаў, маўляў, шукайце, у яго недзе павінна быць запіска, ён вёў дзённік. Усё перакапалі — у кішэні знайшлі характарыстыку. Ваенных пытаюцца, маўляў, адкуль яна там, калі павінна ляжаць у канцылярыі. Адказваюць, маўляў, а ён сам зайшоў у канцылярыю і ўзяў характарыстыку, якая не павінна быць пры ім. І зноў — несупадзенні ў паказаннях, ніхто толкам нічога не можа апісаць, суцэльныя "не ведаю" і "я не памятаю". Следчы ўбачыў, што паказанні розныя, трэба правесці апытанне з выкарыстаннем паліграфа. З КДБ прыйшла адмова, падпісаная генерал-маёрам Аляксандрам Назаранкам.
"І пры ўсіх гэтых парушэннях справа закрытая — няма складу злачынства"
Камандзір роты не мог пералічыць свае абавязкі. Яго саромілі, маўляў, ты ж камандзір! Ён адказваў, што пакуль усё не вывучыў — займаўся іншым.
Намеснік камандзіра па ідэалагічнай працы нічога не рабіў для прафілактыкі дзедаўшчыны. Следчы напісаў рапарт міністру абароны Андрэю Раўкову з просьбай разабрацца ў тым, што адбывацца ў часці. У адказ памочнік міністра абароны па ідэалагічнай працы генерал-маёр Аляксандр Гуро (31 траўня 2018 года вызвалены ад пасады па ўказе Лукашэнкі. — Еўрарадыё) прапанаваў арганізаваць практычную і метадычную дапамогу службовым асобам часткі ў лiквiдацыi ўказаных парушэнняў і прывядзенні прафілактычнай работы ў належны стан. У сувязі з прыцягненнем указаных у рапарце службовых асоб да дысцыплінарнай адказнасці, пытанне аб іх пакаранні не паставілі. Уяўляеце? Мяне ўсю трасе!
"Відавочныя факты бяздзейнасці камандзіра"
Шэсць службовых асоб — і ніхто нічога не распачаў. І пры ўсіх гэтых парушэннях справа закрытая — няма складу злачынства. Усё. У той жа час, у экспертызе напісана, што па следзе на шыі ў майго сына нельга адназначна сказаць, што ён ад рэменя, які далі вайскоўцы.
Я была на прыёме ў кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай. Нас прынялі, усё выслухалі. Мне сказалі: "Відавочныя факты бяздзейнасці камандзіра".
Чытайце таксама: