МТС не гаворыць па-беларуску

Кампанія «Мабільныя ТэлеСістэмы» (МТС) не можа перавесці сваю службу даведкі IVR (0870) на беларускую мову з-за недахопу фінансавых сродкаў.

Пра гэта гаворыцца ў адказе кампаніі на сумесную заяву міжнароднай моладзевай арганізацыі «Малады фронт» і моладзевай арганізацыі Партыі БНФ «Моладзь БНФ» аб беларусізацыі мабільнай сувязі. Пра гэта паведаміў адказны сакратар «Моладзі БНФ» Антон Койпіш.

Некалькі тыдняў таму актывісты «Маладога фронту» і прадстаўнікі «Моладзі БНФ» перадалі кіраўніцтву кампаніі «МТС» у Беларусі болей за 2 500 подпісаў, а таксама зварот з просьбай перакласці інтэрфейс на беларускую мову, нароўні з англійскай і рускай.
У адказе кампаніі паведамляецца, што СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы» ацаніла магчымасць стварэння беларускамоўнай версіі IVR. «З улікам высокага кошту дадзенага праекта яго рэалізацыя ў бягучым годзе не з’яўляецца магчымай. Разам з тым, у выпадку паляпшэння фінансавых паказчыкаў, кампанія паўторна разгледзіць магчымасць рэалізацыі дадзенага праекта ў 2010 годзе», — гаворыцца ў адказе кампаніі.
Акрамя таго, у лісце падкрэсліваецца, што МТС прыкладае «максімум намаганняў для абслугоўвання абанентаў у зручнай для іх форме». Зараз створана беларуская версія сайта кампаніі, на якую зазірае 0,76 працэнта наведвальнікаў сайта.
«Мне падаецца, што ў кампаніі МТС вельмі добра і ветліва навучыліся пісаць адпіскі з заклікам іх не турбаваць і нічога ім не прапаноўваць. Маўляў, не назаляйце, мы вернемся да пытання самі ў 2010 годзе. Пасля гэтага складана ім нешта прапаноўваць і ад іх нешта патрабаваць. Акрамя таго, пытанне, хутчэй, не ў грошах. Спецыялісты кажуць, што гэта справа ў праграмным забеспячэнні, «беларусізаваць» якое — справа двух дзён. Хутчэй за ўсе, справа ў нежаданні гэтым займацца», — сказаў Койпіш.
Паводле БелаПАН