Музей Адамовіча адкрыецца ў аптэцы ягонай маці. 90 гадоў з дня нараджэння пісьменніка

Пісьменнік і сцэнарыст Алесь Адамовіч – рамантык, які расплюшчваў вочы беларусам.

bykauadamovic.png

Алесь Адамовіч увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры з прозаю, галоўная лінія якой была прысвечаная Другой сусветнай вайне. Фільм «Ідзі і глядзі» паводле «Хатынскай аповесці» Адамовіча неаднаразова прызнавалі ўзорнаю стужкаю.
Васіль Быкаў называў Адамовіча «рамантыкам»:
«Існуе думка, што Адамовіч быў у сваёй літаратуры і ў палітыцы вельмі рэалістычны, цвярозы мастак. Гэта правільна, увогуле, але я сказаў бы, што ў ім жыў, канешне, рамантык. Гэты рамантызм жыў у ім, праяўляўся ён, хіба, у адносінах да жанчын», – казаў ён пра Адамовіча.
На малой радзіме пісьменніка, у вёсцы Глуша Бабруйскага раёну, адбыліся імпрэзы, у якіх узяла ўдзел і ягоная дачка Наталля Адамовіч.
Антон Астаповіч з Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры кажа, што ў Глушу даехалі не ўсе ахвотныя: урачыстасці супалі з афіцыйнымі імпрэзамі з нагоды Дня беларускай пісьменнасці.
«Тое, што 90 год Адамовічу, і адбылася імпрэза – гэта добра. Адно дрэнна: яна прайшла на ўзроўні раёну. Адамовіч – маштабная фігура і райвыканкаму варта было падумаць, каб гэтую дату некуды пасунуць», – кажа Антон Астаповіч.
Дачка Алеся Адамовіча кажа, што большасці сяброў бацькі ўжо няма на гэтым свеце.
Яшчэ ёсць тыя, хто яго ведаў, але сяброў ужо няма, на жаль, – кажа Наталля Адамовіч.
Адамовіч быў адным з першых, хто публічна пачаў казаць пра сапраўдныя наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
«Без такіх людзей, як Алесь Адамовіч, напэўна, мы б доўга яшчэ хадзілі б з заплюшчанымі вачыма», – кажуць жыхары Глушы.
У 80-х мінулага стагоддзя Адамовіч у складзе дэлегацыі БССР браў удзел у працы Генеральнай асамблеі ААН, дзе крытыкаваў гонку ўзбраенняў:
Для 2,5 млрд дзяцей мы падрыхтавалі адзін мільён Хірасімаў.
На малой радзіме цяпер ідзе праца па стварэнні дому-музею Адамовіча, які плануюць размясціць у будынку былой аптэкі, дзе працавала маці Адамовіча. Сабраныя больш за Br 11 тысячаў, асноўную частку сродкаў пералічыла Святлана Алексіевіч. Нобэлеўская лаўрэатка па літаратуры неаднаразова падкрэслівала, што яна — вучаніца Алеся Адамовіча.
У Мінску ўсцяж няма ані вуліцы, ані мемарыяльнай дошкі, прысвечанай памяці пісьменніка.
Паводле belsat.eu