«Мы цяпер знаходзімся ў фазе, калі рэжым Лукашэнкі заканчваецца»
Беларускія палітыкі — пра эвалюцыю дыктатуры і перспектывы рэжыму.
Калі пачалася нелегітымнасць кіраўніка Беларусі і што
дапамагала яму заставацца ва ўладзе больш за 25 гадоў? «Маланка Медыя» сабрала ў
новым дакументальным фільме меркаванні вядомых беларускіх палітыкаў на гэтую
тэму. «Салідарнасць» выбрала самае цікавае.
Праграмны дырэктар «Creative Politics Hub» Мікалай Халезін
лічыць, што трэба глядзець не ў 2020-ы, а значна глыбей — у 1996 год:
— Тады пайшла рэакцыя сусветнай супольнасці на тое, што
выбары лічацца непразрыстымі і несумленнымі. Патэнцыйныя апаненты былі
знішчаныя фізічна, а апазіцыю ён увесь час заганяў у такую маргінальную нішу,
што яна не магла праявіць сябе годным чынам. Уласна кажучы, ужо тады стала
зразумела, як пойдзе далей працэс.
Пры гэтым, адзначае Халезін, ЕС і ЗША ўсе наступныя гады
працягвалі ўзаемадзейнічаць з рэжымам Лукашэнкі: «Дэ-юрэ ні парламенцкія,
ні мясцовыя, ні прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не прызнаваліся. Але дэ-факта
ўлады іншых краін працуюць з тым, хто знаходзіцца ва ўладзе».
«Беларусь была гэткай "чорнай скрыняй"»
— Усе разумелі, што ў нас няма дэмакратыі, што ў нас
парушаюцца правы чалавека, у нас б'юць журналістаў, садзяць у турму за
іншадумства. Але ў Еўропе распаўсюджанае меркаванне (і яно мае права на жыццё):
для таго, каб пазітыўна ўплываць на краіну, усё роўна трэба сустракацца,
патрэбны дыялог — нават з чалавекам, які не адпавядае стандартам АБСЕ, — кажа
экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч.
На думку незалежнага эканаміста Яраслава Раманчука, шмат у
чым дапамагла беларускаму кіраўніку нескаардынаваная пазіцыя Захаду:
— Беларусь была гэткай «чорнай скрыняй», таму былі
нейкія палітычныя заявы, асуджэнні, але сур'ёзнай палітыкі не было ні ў ЕС, ні
ў ЗША. Усімі гэтымі фактарамі Аляксандр Лукашэнка скарыстаўся і таму столькі
часу заставаўся на плыву, маючы вельмі сумнеўную легітымнасць.
Гэтую легітымнасць надавалі яму і самі людзі, лічачы,
маўляў, хоць сікась-накась, але мы галасуем, і падтрымка Расіі, і Захад, які
высылаў (у Беларусь. — Заўв. рэд.) паслоў, даверчыя граматы…
Чаму сітуацыя змянілася ў 2020-м? Улада здзейсніла занадта
шмат грубых памылак, кажа Яраслаў Раманчук:
— Самым галоўным фактарам з'яўляецца сам Лукашэнка, улада,
якая настолькі адарвалася ад рэальных праблем людзей. Перш за ўсё, кавід — гэта
бязладдзе, хлусня, грубыя гульні з жыццём і здароўем людзей, якіх раней не
было.
Другое — гэтыя 80% (галасоў, нібыта набраных Лукашэнку
на выбарах 2020-га. — Заўв. рэд.). Калі б гэтыя лічбы не былі ўзятыя на шчыт людзьмі, якія
лічылі, што могуць зрабіць нешта падобнае, як у 2001-2006 гадах, то была б
зроблена спроба круглага стала, размовы, абяцанне правядзення парламенцкай
кампаніі. Гэта ўсё можна было цалкам спакойна разруліць, нейтралізаваць і
перавесці ў рэжым «брыючага палёту», але гэта не было зроблена.
Трэці момант — уласна, эканоміка, таму што ў апошнія 10 гадоў
гэта эканоміка стагнацыі і рэцэсіі…
«Ён не бачыць сябе па-за ўладай»
— Ніколі ў жыцці ў Лукашэнкі не было 75 або 81 адсотка, якія
«маляваліся» на выбарах, — катэгарычны палітык Анатоль Лябедзька. — У яго
падтрымка ў раёне 50% — гэта дакладна. Таму ўсё ў канчатковым выніку прыйшло да
таго, да чаго павінна было прыйсці, калі на прэзідэнцкай кампаніі мінулага года
Лукашэнка цалкам відавочна не атрымаў неабходных 50% галасоў.
Ён разумеў, што параза азначае пазбавіцца ўсяго: і
ўласнасці, і кантролю фінансавых патокаў, і кіравання на гэтай тэрыторыі. Было,
вядома, што губляць, і Лукашэнка пайшоў на тое, каб, магчыма, адмовіцца ад
месца ў гістарычным пантэоне Беларусі. Мне здаецца, да 2020 года ў яго была
такая думка — каб у гістарычнай галерэі Беларусі вісела ўсяго некалькі
партрэтаў: быць можа, Леў Сапега і Аляксандр Лукашэнка і яго гістарычная місія.
Але пасля 2020-га ён дакладна перакрэсліў гэтую
магчымасць, даўшы загад страляць і забіваць людзей.
— Сёння самае істотнае для Лукашэнкі — інстынктыўная
самаабарона ад тых людзей, якіх ужо большасць, — мяркуе Аляксандр Мілінкевіч. — Я не ведаю, ці ў курсе гэтага ён, таму што ён жыве інфармацыяй, якую падаюць
раніцай у тэчачках самыя блізкія людзі.
Ён кіруе краінай, не ведаючы, што адбываецца, не разумеючы:
раз змянілася пакаленне, гэта зусім іншыя людзі, і яны не хочуць жыць у краіне,
у якой яны не вызначаюць сваю будучыню. Вузкае кола людзей мае магчымасць
маніпуляваць ім і, вядома, рашэнні, якія прымаюцца, абсалютна неэфектыўныя.
Але сёння пытанне стаіць проста пра самазахаванне рэжыму — Лукашэнка не бачыць сябе па-за ўладай, ён баіцца наступстваў, якія наступяць,
калі ён пакіне свой трон. Адпаведная рэакцыя — любыя метады добрыя, каб у краіне
запанавала атмасфера татальнага страху.
«Адыграць назад не атрымаецца»
«Акопнае супрацьстаянне», якое ўзнікла ў выніку, на думку Анатоля Лябедзькі, можа доўжыцца і месяц, і год, два, пяць гадоў:
— Тут узрастае значэнне іншых фактараў — эканоміка і знешняе
ўздзеянне. Што будзе з эканомікай, гэта важна для многіх людзей, хто
апалітычны, але жыве ў гэтай краіне і вымярае ўсё змесцівам халадзільніка і
свайго кашалька.
Аднак вялікага запасу трываласці ў цяперашняга беларускага
рэжыму палітыкі і эксперты не бачаць:
— Мы не закрытае грамадства, як Паўночная Карэя, і мы не
востраў, як Куба, і цяжка ўявіць беларусаў венесуэльцамі, якія разаб'юцца на
банды і будуць «адціскаць» адно ў аднаго ровары і наяўныя, — кажа Мікалай
Халезін.
— Унікальнасць нашай сітуацыі ў тым, што (Лукашэнка. — Заўв. рэд.) не можа «адыграць» ні гвалт, ні эканоміку, ні кавід. Мы проста зараз
знаходзімся ў фазе, калі яго рэжым заканчваецца...
Пратэст нікуды не дзеўся: хоць людзі не могуць выходзіць на
вуліцы, але любові да персанажа няма, а нянавісць узмацнілася.
— Дакладна ведаю, што пераможа свабода, не ведаю толькі, якім коштам і калі, — рэзюмуе Аляксандр Мілінкевіч.