На турыстычнай выставе ў Мінску агітуюць адпачываць у рэгіёнах, анэксаваных Расіяй

У Мінску працягвае працу міжнародная турыстычная выстава «Адпачынак-2018». Апроч звыклых маршрутаў, наведнікам прапануюць паехаць у рэгіёны, анэксаваныя Расійскай Фэдэрацыяй або ў падкантрольныя ёй сепаратысцкія ўтварэнні, звяртае ўвагу Радыё Свабода.

c723cac5_2e11_4384_8094_79ad49410f11_cx0_cy8_cw0_w1023_r1_s.jpg


Прадстаўнікоў самаабвешчаных «ДНР-ЛНР», Паўднёвай Асетыі ці Прыднястроўя на выставе ў «Белэкспа» заўважана не было, а вось у Абхазію ды Крым запрашаюць актыўна. Асобна прапануюць аўтобусныя туры і адпачынак у санаторыях і ў прыватных маёнтках.

Крым: статус у рэкламе ня згадваецца, цэны дэмпінгавыя

Супрацоўнік кампаніі «ПАДЭВЮС» запэўніваў, што дабрацца да Крыму сёлета будзе шмат прасцей. Паводле яго інфармацыі, у траўні будзе здадзена першая чарга керчанскага моста, праз які змогуць праяжджаць легкавыя аўтамабілі. Аўтобусы, праўда, запусцяць пазней, ужо пасля высокага сезону.
На рэкламных улётках нідзе ня згадваецца статус паўвострава, усюды пазначана проста «Крым». Адзінае, удакладняецца, што «праезд па тэрыторыі Расіі». Улады Украіны не прапускаюць транзытных пасажыраў праз сваю тэрыторыю, патрабуючы ад Масквы спыніць незаконную акупацыю Крыму.
Як падае транспартны аператар Bus.by, ад пачатку чэрвеня ў Алушту, Кактэбель, Судак, Еўпаторыю аўтобусы будуць выпраўляцца кожныя 10 дзён, пры раннім рэзэрваванні цана ў два канцы — ад 85 даляраў.
Пры адпачынку ў катэджах і на базах у кошт закладаецца праезд, 10 дзён пражывання і паром. З улікам, што пасля расійскай анэксіі колькасць ахвотнікаў наведваць Крым моцна зменшылася, гаспадары і санаторыі вымушаныя дэмпінгаваць: паўтара тыдня на беразе мора з дарожнымі выдаткамі каштуюць 200-250 даляраў.
Аднак беларусам варта памятаць: турыстычная паездка можа скончыцца трыма гадамі зняволення, калі праваахоўныя органы Украіны дакажуць, што чалавек трапіў у Крым з тэрыторыі Расеі. Праезд на паўвостраў у абыход арганізаваных пунктаў пропуску катэгарычна забаронены.

Абхазія: двое сутак у дарозе, пагроза турмы ў Грузіі

b5eb5f8a_69f3_4921_a884_a0f3630be4fc_w650_r0_s.jpg


10 гадоў таму Расія пачала ўзброены канфлікт у Грузіі, вынікам стала абвяшчэнне «незалежнасці» двух рэгіёнаў краіны — Абхазіі і Паўднёвай Асетыі.
Як і ў выпадку з Крымам, сепаратысцкія ўтварэнні апынуліся ў ізаляцыі, за іх наведванне грузінскія ўлады караюць буйным штрафам і нават турэмным зняволеннем. Асобам, якія парушылі заканадаўства, на працяглы тэрмін забараняецца ўезд у Грузію. Цяпер трапіць у Абхазію можна толькі з боку Расеі.
Папулярныя за савецкім часам марскія ўзбярэжжы Гагры, Гудауты, Сухумі геаграфічна яшчэ больш аддаленыя, чым у аб’езд да керчынскай пераправы, аднак беларускія тураператары досыць актыўна прапануюць аўтобусныя туры.
У тур закладаецца праезд, транзытны начлег і 10 дзён адпачынку на месцы. Амаль двое сутак у дарозе. У параўнанні з крымскімі тутэйшыя расцэнкі істотна вышэйшыя — знайсці варыянт менш як за 300 даляраў праблематычна.
Тыя, каму ўдалося пабываць на абхазскіх курортах пасля ўсталявання там «незалежнасці» пад расейскім пратэктаратам, расказваюць, што ў адсутнасць турыстаў колішняя разгалінаваная інфраструктура прыйшла ў заняпад: шматлікія санаторыі развальваюцца і імкліва знікаюць пасярод субтрапічнай расліннасці.
Турыстам прапануецца спыняцца пераважна ў невялікіх гасцявых дамах.