«Нам не трэба грошай, нам патрэбная мірная краіна без ЕС»

Лукашэнкаўскія прыхвасні гатовыя і далей быць «кармавой базай» для рэжыму — абы толькі не чапалі.

_belarus_minsk_horad_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__4__logo.jpg

Гомельскае выданне «Флагшток» атрымала доступ да закрытага чата ў Тэлеграме, кіраўніком якога з 2020 года з'яўляўся супрацоўнік упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці. Менавіта праз гэты чат 18 жніўня 2020 года арганізоўваўся мітынг за Лукашэнку ў Гомелі. Журналісты выдання расказваюць, што пісалі дзяржслужбоўцы пра падзеі ў краіне і чаго яны баяліся.

16 жніўня ў Гомелі, як і ў іншых гарадах Беларусі, прайшлі масавыя мітынгі супраць фальсіфікацыі выбараў. У той дзень пратэстуючых сілавікі не затрымлівалі і не збівалі. На вуліцах панавала адчуванне перамогі беларускай рэвалюцыі. Але ўлады не планавалі адступаць. Ужо 18 жніўня чыноўнікі пачалі арганізоўваць мітынг у падтрымку Лукашэнкі. Для гэтага ў Тэлеграме быў створаны закрыты чат «ЧАТ За Стабильную, Процветающую Беларусь».

У чат можна было патрапіць праз запрашальную спасылку, таксама яго карыстальнікі мелі магчымасць дадаваць людзей са сваіх кантактаў. Калі верыць допісу аднаго з карыстальнікаў чата, увечары 18 жніўня 2020 года ў чаце было 2000 акаўнтаў.

Пры аналізе чата адразу звяртае на сябе ўвагу вялікая колькасць знаёмых імёнаў чыноўнікаў сярод яго ўдзельнікаў. Тут і вядомыя чыноўнікі з Акцябрскага Валянціна Шлапакова і Андрэй Бараноўскі, і гомельскія чыноўнікі розных рангаў і адміністрацый, праўладныя журналісты Станіслаў Галкоўскі і Аляксандр Дабрыян, адыёзная дэпутатка Ірына Даўгала.

На сённяшні дзень у чаце зафіксавана вельмі шмат акаўнтаў з сапраўднымі імёнамі і аватаркамі. Сёння большасць з іх няма ў спісе падпісчыкаў, але гэтыя акаўнты пакінулі след у агульнай стужцы чата ў першыя тыдні яго існавання. «Флагшток» паспрабаваў выбарачна ідэнтыфікаваць каля дзесяці чалавек з імёнамі і прозвішчамі. Але доўга шукаць пра іх інфармацыю не давялося — пошук у інтэрнэце амаль адразу ж выдае пасады гэтых людзей у Гомелі і Гомельскай вобласці. Імі аказаліся малавядомыя дзяржслужбоўцы самых розных рангаў, кіраўнікі прадпрыемстваў, міліцыянты, начальнікі медустаноў і г. д.


Глядзіце таксама

Безумоўна, сярод удзельнікаў чата былі і звычайныя гомельцы, якія падтрымлівалі Лукашэнку. Але на сённяшні дзень большасць акаўнтаў выдалена, таму дакладна сказаць, хто ўсе гэтыя людзі, немагчыма.

Варта адзначыць, што адміністратары сачылі за «чысцінёй» удзельнікаў чата. Ненадзейных ці выпадковых людзей выдалялі — інфармацыя пра «паляванне» на такіх карыстальнікаў прысутнічае ў чаце. Каментары супраць уладаў таксама знішчаліся. Але некаторыя цікавыя выказванні «лукашэнкаўцаў» захаваліся да сёння.

Што турбавала дзяржслужбоўцаў і прыхільнікаў рэжыму

З першых хвілін дзейнасці чата некаторыя ўдзельнікі пачалі пісаць, што не падтрымліваюць Лукашэнку, але і не хочуць, каб прэзідэнтам была Святлана Ціханоўская. Таму прапаноўваліся розныя варыянты развязання канфлікту: ад дыялогу да абмежавання паўнамоцтваў прэзідэнта ў будучыні.

«Людзі, навучыцеся весці дыялогі! Я таксама супраць Лукашэнкі, галасавала за яго. Таму што не хацела Майдана. Але я супраць гэтай пешкі Ціхановіч».

«АГЛ палітычны труп! Так што я за змену канстытуцыі, кастрацыю паўнамоцтваў прэзідэнта, і за Румаса, Макея, Раўкова!» — пісаў адзін з удзельнікаў чата.

Карыстальнікі чата ўступалі ў спрэчкі з тымі, хто крытыкуе рэжым. Але амаль усе каментарыі крытыкаў сёння выдаленыя.


Глядзіце таксама

«А дзе ўсе вашыя дэпутаты? Яны чаму маўчаць і не ідуць размаўляць з Народам і падтрымаць сваю краіну? Сцыкуны ці што? Вы іх для гэтага абралі?» — адзін з першых крытычных каментарыяў у чаце, які захаваўся да сёння. 

З цікавых момантаў: удзельнікі чата былі здзіўленыя салідарнасцю пратэстуючых і іх колькасцю, некаторыя «лукашэнкаўцы» адзначалі, што не знайшлі паразумення па палітычных пытаннях на працы ці сярод знаёмых. Таксама некалькі ўдзельнікаў чата пераконвалі не баяцца і не саромецца выкарыстання дзяржаўнага сцяга на праўладным мітынгу.

«Цяпер я скіну скрыны збору сродкаў для тых, хто быў звольнены... Ацаніце маштаб... Пасля я зраблю прапановы, вы зробіце свае і магчыма мы станем мацнейшымі за апазіцыю! Можа і не ў колькасці, але затое на справе!» — спроба натхніць удзельнікаў чату, нягледзячы на разуменне, што пратэстоўцаў болей.

Карыстальнікі не вераць, што беларусы сабралі за тыдзень больш за 700 тысяч еўра для падтрымкі звольненых за пратэсты людзей.

«Ты ругаешь страну,

хотя ещё так молод...

А в руках айфон и кофе,

а не серп и молот!»

Вось так — з адсылкай да савецкай сімволікі, карыстальнік тлумачыць, чаму маладыя людзі не падтрымліваюць рэжым.


Глядзіце таксама

«Я на працы, навокал "майдаўны", з друкам не дапамагу», — піша ананімны акаўнт пра палітычныя погляды сваіх калег.

«Прапаноўвала ўсім чырвона-зялёныя стужачкі, рабяты, многія баяцца ўжо», — прыклад паведамлення, у якім указваецца на непапулярнасць дзяржаўнай сімволікі.

Удзельнікі чата выказвалі падтрымку сілавікам і не хавалі, што з'яўляюцца прыхільнікамі выкарыстання гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў. Але некалькі ўдзельнікаў чата прызналі, што сілавікі былі занадта жорсткімі і не падтрымалі іх метады.

«Усе мы сапраўды жадаем адно аднаму лепшага. Але сілком не ашчаслівіць. А апраўдання ніводнаму акту жорсткасці быць не можа. Аб'юзіўныя адносіны — зло ў любым выпадку, няхай гэта будзе муж, жонка, маці, дзеці, АМАП, або лідар».

Перад пачаткам мітынгу ўдзельнікі чата выглядалі разгубленымі. Яны сур'ёзна разважалі, якія дзеянні яны павіныя здзейсніць, каб спыніць пратэст. Сярод прапаноў прагучалі і нечаканыя. Алена Бахмат выступіла з прапановай — патрабаваць прызнаць Лукашэнку дзеючым прэзідэнтам, не агітаваць людзей да забастовак. Зразумела, што такія патрабаванні можна было выставіць толькі да апанентаў рэжыму і прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай, прызнаючы іх такім чынам пераможцамі.

Адзначым яшчэ некалькі супярэчлівых допісаў з дзіўнымі лозунгамі. 

«Нашы людзі аслеплі... Седзячы ў дзіравых трусах і гледзячы НЕХТУ, мы нічога не даб'емся! Людзі, мяняйцеся самі! За цябе, тваёй сям'і нічога добрага ніхто не дасць! Яны (нашыя бацькі і дзяды) пабудавалі незалежную дзяржаву! Дзякуй! А мы гэта гатовы прасраць? Я — не!

P. S.: Успомніце 1917! Рэвалюцыя ні да чаго добрага не прывяла!

За бацьку!!! Бацька жывы, пакуль жывы яго сын!» — блытана выказаўся акаўнт з імем і фотаздымкам начальніка аддзела міліцыі па наркакантролі Савецкага РАУСа Гомеля маёра Аляксея Слесарэнкі.

«Нам ня трэба грошай, нам патрэбная мірная краіна без ЕЗ», — напісаў дзіўны лозунг невядомы карыстальнік чату.

Цалкам артыкул пра прыхільнікаў Лукашэнкі  можна прачытаць тут.