Народная салідарнасць

Кампанія «Гавары праўду!» гадавіну сваёй дзейнасці адзначыла ікрой баклажаннай (хаця старт кампаніі год таму адзначаўся ікрой сапраўднай), бо «якія часы, такая і ікра». Актывісты кампаніі распачынаюць новую акцыю «Народная салідарнасць». (Злева напарава: Андрэй Дзмітрыеў, Святлана Навумава, Сяргей Вазняк)



adc8ca1b15e20915c3ea6008fc2f52ed.JPG

Кампанія «Гавары праўду!» гадавіну сваёй дзейнасці адзначыла ікрой баклажаннай (хаця старт кампаніі год таму адзначаўся ікрой сапраўднай), бо «якія часы, такая і ікра». Актывісты кампаніі распачынаюць новую акцыю «Народная салідарнасць».

(Злева напарава: Андрэй Дзмітрыеў, Святлана Навумава, Сяргей Вазняк)


Па справе аб масавых беспарадках у якасці абвінавачваных праходзіць лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў. Цяпер ён знаходзіцца пад хатнім арыштам. Актывіст кампаніі Васіль Парфянкоў ужо асуджаны на 4 гады калоніі строгага рэжыму. Аляксандр Фядута і Павел Вінаградаў — у СІЗА КДБ, Андрэй Дзміртыеў і Сяргей Вазняк былі вызваленыя з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.
Адзначаючы гадавіну сваёй дзейнасці, грамадзянская кампанія «Гавары праўду!» абвясціла пра пачатак новай акцыі — «Народная салідарнасць». У 24 гарадах Беларусі будуць пададзеныя заяўкі на пікеты салідарнасці з палітвязнямі. Пікеты плануецца правесці 19-га і на Дзень волі — 25 сакавіка.
Палітолаг Святлана Навумава расказала, што ў базе дадзеных кампаніі подпісы паўмільёна беларусаў. Цяпер актывісты «Гавары праўду» плануюць абыйсці ўсіх гэтых людзей, каб далучыць іх да вырашэння агульнанацыянальных, найперш сацыяльных праблем. «Самай галоўнай, цэнтральнай ідэяй кампаніі, тое, з чаго яна пачынала, была актывізацыя беларускага грамадства дзеля рашэння яго праблем уласнымі сіламі. А праблем, як высветлілася, было нямала. Толькі з сакавіка па верасень 2010 года мы правялі больш за 80 кампаній у 33 гарадах Беларусі. Было дзве агульнанацыянальныя кампаніі: за наданне адной з вуліц Мінска назвы імя Васіля Быкава і за вылучэнне Уладзіміра Някляева на Усебеларускі народны сход. У нас сёння ёсць база людзей, якія так ці інакш падпісваліся за нашу кампанію. Гэта паўмільёна чалавек, пяцьсот тысяч людзей, якія ставілі свой подпіс, не баючыся назваць сваё імя, прозвішча, адрас. Я не кажу, што яны ставілі свой подпіс за Някляева і толькі. Яны падпісваліся за тое, каб быць гаспадарамі свайго лёсу», — зазначыла Навумава.
Разам з тым былы кіраўнік перадвыбарчага штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў заявіў, што «Гавары праўду!» не будзе праводзіць ніякіх акцый салідарнасці пад вокнамі кватэры Някляева. «Я ведаю Някляева, ведаю як чалавека. І ведаю, што калі мы зробім акцыю, то ён падыдзе да вакна, што забаронена. Гэта можа быць падставай, каб вярнуць яго ў СІЗА КДБ. І я кажу, што хай ён лепш будзе няздольным падыйсці да вакна ў сябе ў хаце. Чым будзе мець такую магчымасць у турме. Мы гэтае рашэнне прынялі кансалідавана ўсёй камандай, што мы не будзем правакаваць улады і яго на такія дзеянні», — падкрэсліў Дзмітрыеў.
Натуральна, кожны вольны самастойна абіраць лінію сваіх паводзінаў, але выглядае на тое, што такімі заявамі пацвярджаецца згода гуляць у няпростыя гульні ўладаў па іх правілах. Зрэшты, як і адмова расказваць пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ, пра тое, чаму насамрэч была зробленая скандальная заява Дзмітрыева па беларускаму тэлебачанню. Журналіст Сяргей Вазняк заявіў, што да яго фізічныя метады ўздзеяння не прымяняліся. «Тут важнае пытанне, што такое катаванне. Мяне, напрыклад, не білі, на «ластаўку» ніколі не ставілі. Але ці з’яўляецца катаваннем, што цягам месяца не атрымліваеш лісты і твае лісты не даходзяць? Ці з’яўляецца катаваннем тое, што паводле заканадаўства чалавек можа звяртацца па дапамогу да адваката, а адваката па некалькі месяцаў не дапускаюць і не робяць следчых дзеянняў? Ці з’яўляецца катаваннем, што ў камеры няма туалета? Ці калі адбываецца вобшук, які называюць «шмонам», чалавека распранаюць і прымушаюць голым прысядаць? Само знаходжанне ў следчым ізалятары — вельмі цяжкае псіхалагічнае выпрабаванне», — прызнаў Сяргей Вазняк.
Разам з тым цікавая яго рыторыка ў звароце да кіраўніцтва Беларусі. «Да сваіх апанентаў трэба ставіцца як да палітыкаў, а не да крымінальнікаў, — заявіў Сяргей Вазняк. — Уладам трэба перагарнуць старонку 19 снежня. І ёсць магчымасць перагарнуць гэтую старонку хораша». То бок калі б пераслед апанентаў Лукашэнкі быў бы прыпынены, гэта б скасавала віну ўладаў за тое, што людзі месяцамі сядзелі ў турме за свае палітычныя перакананні?
Андрэй Дзмітрыеў ухіліўся ад каментараў наконт таго, як з ім абыходзіліся супрацоўнікі спецслужбаў. «Мы заклікаем людзей быць салідарнымі, гаворым усю праўду да канца. Можна быць салідарнымі з тымі, хто сядзіць у КДБ, але для гэтага не трэба пагаршаць іх умовы знаходжання там», — перакананы паплечнік Някляева.
Цікава, што жонка Аляксандра Фядуты, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ, Марына Фядута мяркуе, што баяцца ўжо няма чаго і варта было б зрабіць такія факты публічнымі: «Канешне, вырашаў бы Аляксандр, ён сам прымае ўсе рашэнні. Мне цяжка сказаць, наколькі гэта пашкодзіць тым, хто знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Але грамадскасць мусіць ведаць усё. Мне падаецца, што гэта мусіць турбаваць і турбаваць нас».