Навінкі: Пятае аддзяленне

17-гадовая жыхарка Мінскай вобласці Яна прайшла шлях ад затрымання на Дні Волі–2017 да дыягназу «эпілепсія» і псіхіятрычнай лякарні ўсяго за 10 месяцаў. У інтэрв’ю яна дзеліцца з НЧ тым, што пабачыла і адчула.

yana_003_logo.jpg


Ананімная кансультацыя без права на ананімнасць

— З чаго ўсё пачалося?

— Пэўны час я наведвала псіхолага, бо мела шэраг праблем, і ўрэшце яна мне прапанавала разам з ёй схадзіць да псіхіятра. У мяне былі праблемы ва ўзаемаадносінах з людзьмі, таксама ў мяне на руках пачалі з'яўляцца парэзы, і я не магла ўзгадаць, як іх сабе нанесла.

Я пайшла на ананімную кансультацыю ў цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі на вуліцы Петруся Броўкі ў Мінску. Мяне пачалі распытваць і прапанавалі легчы ў лякарню, у Навінкі. Потым у пакой зайшоў нейкі чалавек — як я зразумела, гэта быў нехта з кіраўніцтва, загадчык РНПЦ ці аддзялення. Ён узяў мой пашпарт, паглядзеў яго і паклаў на месца. Яго зацікавіла менавіта тое, што я была непаўнагадовая. Загадчык настойваў на тым, каб я паехала ў лякарню ў той жа дзень, ён казаў, што можа зрабіць так, што мяне адвязуць, трэба была толькі мая згода. Я адмовілася, бо ў мяне былі планы на выходныя, і вырашыла, што паеду туды пазней. Мне напісалі накіраванне, дзе было cказана: «Арганічны дысацыятыўны разлад асобы альбо эпілепсія». Мусілі накіраваць у неўралагічнае аддзяленне.

Я прыехала дамоў — і ў той жа вечар да мяне дахаты прыехалі два міліцыянты. Яны сказалі: ім паступіла інфармацыя з РНПЦ, што я нанесла сабе парэзы, і ім трэба праверыць, ці не была гэта спроба суіцыду. Мяне апыталі: навошта паехала ў лякарню, адкуль парэзы і гэтак далей. Калі я сказала, што не памятаю, адзін з міліцыянтаў рассмяяўся: маўляў, такога быць не можа. Другі ўзяў копію майго заключэння, уклеіў яе ў тэчку, а пасля сказаў: гэта не было спробай суіцыду, і пытанняў больш няма. Яны развіталіся і сышлі.

Праз дзень я пайшла па лекарах, і мне цэлы дзень тэлефанаваў участковы Аляксандр Францкевіч і настойваў на сустрэчы: казаў, што яму трэба правесці размову. Калі я прыехала дадому, ён зноў мне пазваніў. Мы сустрэліся ў школе, у пакоі дырэктара. Ён забраў мой тэлефон, сказаўшы, што яго «изымает», і дадаў, што ў маім доме праходзіў «осмотр» і што ён забраў адтуль два маіх ноўтбукі, кнігі і скрыню з лістамі. Пасля пачаўся допыт: спачатку ён запытаўся пра маё затрыманне 25 сакавіка 2017 года.

У той дзень я гуляла са сваёй сяброўкай у Парку Чалюскінцаў. Мы пабачылі на праспекце Незалежнасці шмат людзей. Дарога была перакрытая, мы не маглі прайсці, бо ў нас не было пашпартоў — без іх нікога не пускалі. Метро было закрытае. Пакуль мы думалі, як з’ехаць, да мяне, а потым да сяброўкі падышоў міліцыянт, схапіў за плечы і пацягнуў да аўтобусу. Я пачала ўпірацца, пытацца, чаму нас затрымліваюць. Падышоў другі міліцыянт, схапіў мяне за валасы і пацягнуў у аўтобус, дзе былі астатнія затрыманыя. Там ён некалькі разоў стукнуў мяне па галаве, залез мне ў заплечнік і ў кішэні, а пасля штурхнуў да астатніх затрыманых. Магчыма, пасля гэтых удараў у мяне ўсё і пачаліся…

— І пра гэта цябе распытваў участковы ў школе?

— Так, гэта было самае першае пытанне, якое ён задаў: «Чаму цябе затрымалі 25 сакавіка?» Я не разумела, якім бокам гэта датычыць маіх парэзаў, але ён працягваў распытваць: пра маіх сяброў у Мінску, чым я там займаюся. Потым пры дырэктары пачаў расказваць пра змест маіх асабістых лістоў.

— А што гэта за лісты?

— Звычайныя папяровыя лісты, я перапісваюся з дзяўчынкамі з іншых краін: з Украіны, з Расіі. А ён пачаў распытваць пра іх змест, з чаго я зразумела, што ён іх ужо прачытаў.

Адзінае пытанне, якое было больш-менш «у тэму» — ці знаходжуся я ў нейкіх забароненых групах «УКантакце», кшталту «Сіні кіт». Яшчэ яго вельмі цікавіла, адкуль я ўзяла кніжкі: «Анархія працуе» Пітэра Гелдэрлоаса, «Запіскі рэвалюцыянера» Крапоткіна, Эрыха Фрома... Я сказала, што там ёсць штамп бібліятэкі, і ён можа паглядзець. Ён запытаўся: «А дзе гэта такая бібліятэка?» Я адказала, што ён чалавек адукаваны, і мусіць гэта ведаць.

Дырэктар падчас гэтага насміхаўся, урываўся ў размову і разам з Францкевічам задаваў пытанні. Было даволі непрыемна. Калі я прыйшла дадому, то сапраўды недалічылася ноўтбукаў, скрыні з лістамі і некаторых кніг. Я была ў моцным стрэсе.

— А як твая маці на гэта ўсе адрэагавала?

— Калі прыйшоў міліцыянт, паказаў ёй нейкую пастанову з пракуратуры, з якой яна нават не ўзяла копію. І пералік вынятых рэчаў таксама не зняла.

— Пасля «ананімнай» кансультацыі шмат людзей даведалася пра тваю хваробу?

— Акрамя маёй маці, міліцыянеры, дырэктар. Апошні, калі я ўжо лягла ў лякарню, пачаў расказваць усім, што «яна ляжала ў вар’ятні» — яму гэта было вельмі смешна. Урэшце пра гэта дазналася ўся школа, практычна ўвесь пасёлак. Ён маленькі, і ўсе адзін аднаго ведаюць. Маці спрабавала сварыцца з дырэктарам, але ён нават не браў слухаўку.

yana_001_logo.jpg

«Я спужалася, бо падумала, што так робяць з усімі»

— Пасля выходных я паехала ў Навінкі. Мяне зарэгістравалі, паклікалі ў кабінет дзяжурнага лекара. Ён пачытаў маё накіраванне, нахмурыў бровы і сказаў паказаць руку. Я паказала, ён запытаўся: «Адкуль гэта?» Я адказала, што не памятаю, і менавіта таму звярнулася да псіхіятра. Тады ён моўчкі пачаў нешта пісаць у заключэнні.

За мной прыйшоў мужчына — на выгляд даволі добры і вясёлы, і адвёў мяне за жалезныя дзверы. Я пабачыла, як мужчын у суседнім пакоі пераапранаюць у аднолькавыя піжамы — мяне гэта моцна спужала, і я зразумела, што і зараз мяне апрануць у такую ж. Мне сказалі распрануцца да майткоў — нават станік зняць, дазволілі пакінуць толькі шкарпэткі, тапкі і трэнікі, апранулі ў халат. Пасля супрацоўніца перагледзела мае рэчы. Шмат што было нельга: лыжкі, відэльцы, тэлефон, усё, што з дратамі. Кніг дазволілі ўзяць усяго некалькі, дазволілі асадкі і алоўкі. Усё астатняе давялося аддаць майму хлопцу, які мяне прывёў. Тады я канчаткова зразумела, што гэта будзе закрытае аддзяленне, і пачала плакаць. Мой хлопец мяне супакойваў, але гэта не дапамагала — я плакала яшчэ больш.

Урэшце, за мной прыйшла медсястра. Мяне і майго хлопца павялі ў пятае аддзяленне. Усю дарогу я плакала. Нас завялі за жалезныя дзверы без ручак, якія мяне дагэтуль пужаюць. Там былі месцы для наведвальнікаў — невялічкі пакойчык, дзе нас з хлопцам і разлучылі.

Мяне зноў апыталі наконт маіх парэзаў, яшчэ раз абшукалі, узялі пакет з кніжкамі, асадкамі і алоўкамі і сказалі, што ў назіральную палату і гэта нельга. Рэчы паклалі ў шафу ля медсястры — у палаце не было нават тумбачак. Каля палаты стаяла крэсла, на якім сядзела санітарка, яна нікому не дазваляла сыходзіць далей 20 метраў ад палаты.

У той жа дзень я назірала такую сцэну: жанчына, не ведаю, што ў яе было, — яна ўвесь час шукала нажніцы, — яна адышла далёка ад палаты, амаль да выхаду. Дзве санітаркі прывалаклі яе назад і прывязалі да ложку за рукі, ногі і торс. Яна крычала, прасіла яе адвязаць, казала, што ёй балюча. Але ў адказ санітаркі толькі крычалі на яе. Я спужалася, падумала, што так робяць з усімі.

Як скончыўся ціхі час, мяне сустрэла Рыта, пацыентка, якая прапанавала мне цёплай гарбаты. Рыта ляжала там ужо не першы раз, як я зразумела, яна прыходзіла туды сама, бо ў яе дома праблемы. Яна рэзала рукі — і прыходзіла ў гэтае аддзяленне, і ўжо добра там усё ведала. Потым падышла Хрысціна, якая была там пяць месяцаў. Пасля да нас далучылася Света, якой было ўсяго 15 гадоў. Света спрабавала звесці рахункі з жыццём, наелася таблетак. У лякарні яна білася галавой аб сцяну, за што і трапіла ў назіральную палату другім разам.

— Як цябе там лячылі?

— На наступны дзень мяне паклікалі да доктара — гэта была загадчыца, якая пачала распытваць мяне пра мае праблемы. Размаўлялі мы доўга, каля гадзіны — яна была першай, хто распытаў мяне пра ўсё ў падрабязнасцях. А лячылі мяне фенібутам. А таксама парацэтамол і амбраксол — бо я там прастыла.

— А чым ты днямі там займалася?

— Урэшце ў мяне з'явіўся доступ да кніжак. Чытала, размаўляла з Хрысцінай, Светай і Рытай. Размалёўвалі размалёўкі «антыстрэс» — добра забіваюць час.

Яшчэ часам глядзелі тэлевізар — звычайныя беларускія каналы. Я паглядзела там шмат добрых фільмаў, але яны ўсе ішлі ўвечары, і трэба было паспяваць паглядзець іх да адбою, які быў у 22 гадзіны.

yana_002_logo.jpg

«На вуліцу толькі дарослым»

— Ёсць стэрэатып пра тое, што ў псіхіятрычных лякарнях ляжаць неадэкватныя, сацыяльна дэзаптаваныя і агрэсіўныя людзі…

— Жанчына з галюцынацыямі, якую я бачыла, калі мяне прывезлі, была, бадай, адзінай, хто мог нешта неадэкватнае зрабіць. Але яна нікога не біла, ні з кім не канфліктавала.

Увогуле, людзі там намагаюцца падтрымаць адзін аднаго. Калі кагосьці не выпісвалі, вакол гэтага чалавека збіралася шмат людзей, якія стараліся падтрымаць: абдымалі, прыносілі прысмакі... Кожны разумеў, як гэта — калі цябе не выпісваюць.

— Чаму цябе выпісалі ўсяго праз тыдзень?

— Мая доктарка зразумела, што ў мяне няма схільнасці да суіцыду. У панядзелак мяне адвялі да намесніка загадчыка лякарні. Гэта быў першы раз за тыдзень, калі я выйшла на вуліцу: сонейка, снег яшчэ не сышоў, усе зіхацела...

— На вуліцу не выпускалі?

— Выпускалі толькі паліць — дарослых. І па раскладзе, 7 ці 8 разоў на дзень. Мы бачылі вуліцу толькі ў акенца. Нейкая сувязь са знешнім светам увогуле была забароненая. Мабільны тэлефон нельга, на ўсё аддзяленне — адзін стацыянарны тэлефон, па якому можна паразмаўляць, і той праслухоўваецца.

— Ты правяла ў лякарні ты­дзень — ці знікла твая праблема?

— Праз нейкі час усё паўтарылася. Толькі парэзы былі ўжо на нагах. Так што мая праблема нікуды не знікла.


Выпадак з Янай мы папрасілі пракаментаваць Сяргея Драздоўскага, дырэктара офіса па справах людзей з інваліднасцю.

Сяргей Драздоўскі. Фота з Facebook

Сяргей Драздоўскі. Фота з Facebook


— Гісторыя дастаткова складаная. Рэч ў тым, што дзяўчына — непаўнагадовая.

Калі казаць пра экспертызу і пастаноўку дыягназу, то ў Беларусі ўся медэкспертыза — дзяржаўная. Існуе камітэт дзяржэкспертызы, і любыя органы кіруюцца адсоткаў на дзевяноста вынікамі гэтых экспертыз. Сумневы бываюць рэдка. Дзяўчына можа не пагаджацца з дыягназам, адмаўляцца ад лекара і настойваць на іншым лекары, але трэба разумець, што гэта — адна дзяржаўная сістэма, і карпаратыўная салідарнасць даволі высокая.

Па прымусовых мерах закон дае дастаткова шырокія паўнамоцтвы лекарам. Калі яны бачаць, што чалавек знаходзіцца ў стане, небяспечным для сябе і навакольных, маюць права забраць яго і далей глядзець наконт лячэння. Аднак, сыходзячы з таго, што яна непаўнагадовая, усе рашэнні, датычныя яе шпіталізацыі і аглядаў, мусілі прымацца як мінімум толькі з дазволу яе маці.

Тое, што адбывалася ў Навінках, — звычайная фармальная працэдура. Так напісана ў пратаколе: распрананне, дагляд, каб не было колюча-рэжучых прадметаў, бо лекар выпісаў ёй сур'ёзны дыягназ. У Навінках так робіцца — і гэта заўсёды стрэсавая сітуацыя для чалавека.

Што датычна ананімнасці кансультацыі — у законе аб псіхіятрыі ёсць указанне на выпадкі, калі яе можна парушаць, напрыклад, з меркаванняў бяспекі. Гэта не значыць, што лекар мусіць паведамляць дыягназ, гэта адбываецца зусім іншым спосабам. Не міліцыя павінна была прыязджаць, а спецыяліст, тэрапеўт: наведаць, паглядзець, аказваць дапамогу.

Тут ускрываецца шмат відавочных парушэнняў: тое ж паведамленне аб дыягназе — рэч недапушчальная. І тое ж абыходжанне з чалавекам без удзелу маці...