Не да смеху

Мы дагуляліся з расійскімі крэдытамі. Расія адмовіла Беларусі ў крэдыце на 100 мільярдаў расійскіх рублёў у сувязі з вялікім аб’ёмам ужо існых пазыковых абавязацельстваў Беларусі перад Расійскай Федэрацыяй. Пра гэта паведамілі «РИА Новости» і іншыя расійскія СМІ са спасылкай на крыніцу ў Мінфіне РФ.

Мы дагуляліся з расійскімі крэдытамі. Расія адмовіла Беларусі ў крэдыце на 100 мільярдаў расійскіх рублёў у сувязі з вялікім аб’ёмам ужо існых пазыковых абавязацельстваў Беларусі перад Расійскай Федэрацыяй. Пра гэта паведамілі «РИА Новости» і іншыя расійскія СМІ са спасылкай на крыніцу ў Мінфіне РФ.
«Адмовілі: у пазычальніка ўжо дастаткова абавязацельстваў перад Расіяй», — сказала крыніца. Яна таксама паведаміла, што Беларусь запытала крэдыт у расійскіх банкаў у суме 2 мільярда долараў пад дзяржаўныя гарантыі. «Перамовы ідуць, рашэнне пакуль не прынята», — сказаў прадстаўнік Мінфіна.
Беларускія ўлады папрасілі ў Расіі ў пачатку 2009 года крэдыт у памеры 100 мільярдаў расійскіх рублёў у абмен на пераход на разлікі ў рублях ва ўзаемным гандлі. Спачатку расійскі Мінфін адмовіўся выдаваць такую суму Мінску, аднак затым стала вядома, што гэта просьба знаходзіцца на разглядзе ў расійскіх органах улады.
Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі 27 лютага ў Санкт-Пецярбургу патлумачыў пазіцыю беларускага боку: «Ва ўмовах фінансавага крызісу мы б маглі на пляцоўцы Расія — Беларусь досыць эфектыўна працаваць з расійскімі рублямі. У асноўным па праплатах, якія робяцца Беларуссю па асобных групах тавараў. На працягу лютага-сакавіка мы павінны выйсці на пляцоўку адкрыцця працы беларуска-расійскіх тавараў ва ўмовах крызісу. У лютым-сакавіку рэальна запусціць 100 мільярдаў расійскіх рублёў у тавараабарот паміж нашымі дзяржавамі».
Ужо настаў красавік. Грошай няма.
За апошнія паўтара гады Расія ўжо выдзеліла Беларусі крэдыты ў суме 3 мільярда долараў ЗША: у канцы 2007 года — 1,5 мільярда долараў, і яшчэ 1,5 мільярда долараў паступілі са снежня 2008-га па сакавік 2009 года. У найбліжэйшы час Расія прадаставіць Беларусі чарговыя 500 мільёнаў долараў ЗША ў рамках стабілізацыйнага крэдыту для падтрымкі эканомікі, пасля чаго агульны аб’ём доўгу вырасце да 3,5 мільярда долараў.
З іншага боку, Расія не павінна была адмаўляць у крэдыце. Ёсць вайсковыя аб’екты Расіі ў Вілейцы і ў Баранавічах (аб’ект «Волга»). Яны забяспечваюць сувязь з касмічнымі аб’ектамі Расіі і з падводнымі лодкамі ў Атлантыцы. Да таго ж, па меркаванні экспертаў, занадта танным з’яўляецца і транзіт нафты і газа.
А Беларусь усе робіць ласку Расіі. З 1 красавіка экспартная пошліна на расійскую нафту зніжана са 115,3 да 110 долараў за тону. Як паведамілі ў канцэрне «Белнафтахім», гэта вызначана пастановай Савета міністраў Беларусі № 382 от 27 сакавіка. Таксама з 1 красавіка зацверджаны стаўкі пошліны на экспарт светлых нафтапрадуктаў (у памеры 86,4 долара за тону супраць ранейшых 90 долараў) і цёмных (46,5 долара супраць 48,5 долара).
Згодна з беларуска-расійскімі дамоўленасцямі, пошліна на нафту, што пастаўляецца ў Беларусь з Расіі, у 2009 годзе разлічваецца з прымяненнем каэфіцыенту 0,356. Такім чынам, мытная пошліна на нафту з 1 красавіка знізіцца на 2 долары і складзе 39,2 долара за тону.
І пасля гэтага Беларусі адмаўляюць у крэдыце?
Тым часам, чыноўнікі на месцах не збіраюцца раіцца з народам наконт выхаду з эканамічнага крызісу. Гомельская кааліцыя Аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС) атрымала адказ на свой зварот у аблвыканкам з прапановамі па пераадоленні крызісных з’яў.
Апазіцыянеры прапаноўвалі ўзмацніць ролю мясцовага самакіравання, задзейнічаць патэнцыял грамадзянскай супольнасці, стварыць антыкрызісны штаб і стымуляваць шырокую грамадска-палітычную дыскусію па праблемах мясцовага самакіравання. Прапаноўвалася таксама перагледзець мясцовы бюджэт для скарачэння чыноўніцкіх расходаў, а зэканомленыя сродкі накіраваць на стварэнне новых працоўных месцаў і падтрымку беспрацоўных. Апрача таго, прапаноўвалася даць эканамічную свабоду прыватнаму бізнесу, каб стымуляваць стварэнне новых працоўных месцаў.
Як вынікае з адказу, прапановы кааліцыі АДС разглядаліся спецыялістамі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы аблвыканкама, галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы, камітэта эканомікі і інспекцыі па падатках і зборах.
У аблвыканкаме лічаць немэтазгодным узмацняць мясцовае самакіраванне, таму што мясцовыя дэпутаты валодаюць рэальнымі паўнамоцтвамі ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных праблем рэгіёну. Пры гэтым у лісце нагадваецца, што падчас апошняй выбарчай кампаніі прадстаўнікі гомельскай кааліцыі АДС, зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты, знялі свае кандыдатуры напярэдадні выбараў.
Цікава, а калі чалавек зняўся з выбараў, ён ужо больш не спецыяліст, ён не можа ўдзельнічаць у грамадзянскім жыцці? Тым больш, што апошнія выбары былі выбарамі ў парламент, а не ў кіраўніцтва Гомельскай вобласці. А мясцовыя выбары — яшчэ наперадзе.
Не падтрымалі чыноўнікі і прапанову пра стварэнне ў рэгіёне антыкрызіснага штаба. Як зазначаецца ў лісце, пры Адміністрацыі прэзідэнта ўжо дзейнічае грамадска-кансультацыйны савет, у кампетэнцыю якога ўваходзіць у тым ліку і разгляд антыкрызісных прапаноў.
Бачна, чыноўнікі на месцах не чытаюць нават «савецкіх газет». Інакш  яны б ведалі, што грамадска-кансультацыйны савет пры Адміністрацыі прэзідэнта не дзейнічае, а яго пасяджэнне перанесена з-за занятасці ягонага старшыні Уладзіміра Макея.
І яшчэ несуцяшальная навіна. 1 красавіка пачынаюць дзейнічаць новыя стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП). Як паведамляецца на афіцыйным сайце Мінгарвыканкама, новыя стаўкі ўстаноўлены рашэннем № 219 Мінскага гарадскога савета дэпутатаў.
Згодна з дакументам, па асобных пазіцыях памеры ставак павялічаны з 5 да 15 еўра. У прыватнасці, на рознічны гандаль абуткам — на 5 еўра, адзеннем з натуральнай скуры, дыванамі і дывановымі вырабамі, складанымі бытавымі электратаварамі, тэлерадыётаварамі — на 15 еўра.
Стаўкі адзінага падатку з ІП пры аказанні паслуг (выкананні работ) павялічаны па васьмі пазіцыях. У прыватнасці, на фотапаслугі — на 20 еўра, відэаздымку — на 30 еўра, дзейнасць музычных калектываў, якія абслугоўваюць урачыстасці, — на 35 еўра, стаматалогію — на 15 еўра, ветэрынарыю — на 30 еўра. Рэпетытарам стаўку падатку знізілі на 5 еўра — да 40 еўра.