«Неяк надта шчыльна ўсё...»

Гэты пост Уладзімір Някляеў напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбук. Ён нібыта пра асабістае, пра чарговы суд, які яго чакае, але на самай справе пра нас усіх, пра краіну, пра тых, хто па той бок і па гэты...

njakljaeu_4_logo.jpg

"Не ачуняў яшчэ ад арышту ў Брэсце, а ўжо прысудзілі арышт у Мінску. Не паспеў па гэтым прысудзе адсядзець, а ўжо даслалі позвы на два новыя суды. І на допыт у КДБ...

Неяк надта шчыльна ўсё, грамадзяне суддзі, таварышы чэкісты з міліцыянтамі. І не так, каб справядліва. Ну, каб не толькі мне, але і вам.

Вось вы прысудзілі мне арышт за ўдзел у мітынгу супраць дэкрэту №3. Але ж напярэдадні вы самі даверліва мне казалі, што таксама супраць гэтага дэкрэту. Дык чаму супраць мы разам, а сядзець мне аднаму?

Цяпер вы збіраецеся пасадзіць мяне ў ізалятар на Акрэсціна за тое, што я сустракаў там вызваленых з ізалятара.

Сам падыход ваш да справы, трэба сказаць, крэатыўны, не банальны. Хто адсядзеў — выходіць, хто сустракае — сядае. Непарыўны працэс. Але ж мой удзел у ім наўрост абумоўлены вашым удзелам. Я прыйшоў да ізалятара сустрэць ні ў чым не вінаватых людзей, бо вы іх туды, ні ў чым не вінаватых, пасадзілі. Дык дзе мне было іх сустракаць? У лесе, куды турэмшчыкі вывозяць арыштантаў, каб застрашыць, каб паказаць, што могуць іх там застрэліць і закапаць? Як іх папярэднікі стралялі і закопвалі ў Курапатах.

Дарэчы, вы палічылі злачынствам нават тое, што я ў Курапатах вершы чытаў. І за гэта таксама прызначылі суд.

Што сказаць на такое?..

У Курапатах я мог вершы і не чытаць... Калі б не было Курапатаў. Разумееце? Калі б не было вашых папярэднікаў, праз якіх ці не ўся наша зямля — Курапаты. І калі б не было тых, хто прыйшоў бараніць Курапаты ад бульдозераў, ад здзеку, святой памяці ў сэрцах.

Усё, што коціцца,
Дакоціцца да нас…

І дакацілася.
Ля могілак якраз,
Дзе сны пра вечнасць сняць
Ці спяць без сноў
З усімі
Караткевіч,
Куляшоў… —
Маўклівы мітынг.

З кожным, хто прыйшоў,
З’явіліся і сталі побач продкі…

Маўклівыя
стаялі цені родных,
Маўклівыя
стаялі цені блізкіх:
Пад крыжам злеглых. Зоркай. Абеліскам.
Ва ўсіх Хатынях спаленых. Забітых
Пад Грунвальдам. На Калыме «прышытых».
Бясследна зніклых. Хапам пахапаных.
Нікім, нідзе, ніяк не пахаваных,
Ці ў Курапатах
скінутых у роў…

Ад плоці плоць
І ад крывінкі кроў —
Мы ведалі,
пра што маўчалі з імі.
Жывыя з мёртвымі.
І мёртвыя з жывымі.

І ўпершыню, маўкліва сцяўшы рот,
З натоўпу глянуў люд. Амаль народ".

                                                                     

Дзякуй вам, Уладзімір Пракопавіч! За тое, што вы ёсць у Беларусі...