Незвычайны і кранальны паказ дзіцячай моды прайшоў у Гродне (ФОТА)
У якасці мадэляў па подыюму прайшлі нестандартныя дзеткі разам са сваімі мамамі.
![nd3_logo.jpg nd3_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/nd3_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Святаяннік» стаўся для Гродна і Беларусі ў цэлым унікальным мерапрыемтсвам. Упершыню дызайнеры працавалі з нестандартнымі дзецьмі з рознымі відамі захворванняў ды іх матулямі. Праца па пашыву і афармленню калекцыі заняла чатыры месяцы.
Фінальны паказ прыўрочаны да Дня маці —14 кастрычніка. Арганізатарка мерапрыемства каардынатар “Гарадзенскага дзіцячага хоспісу” Вольга Шульга ўпэўненая, што гэтае свята нельга трактаваць аднабакова:
![Вольга Шульга Вольга Шульга](/img/v1/userfiles/images/nd13_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вольга Шульга
«Мы хацелі паказаць, што мацярынства — гэта складаны працэс, — распавядае Вольга. — Быць мамай —гэта не абавязкова мець здаровае дзіця. Не важна, добра ён лічыць на ўроках матэматыкі ці не, ходзіць ён сваімі нагамі або перасоўваецца ў інвалідным вазочку. Таму гэта важны інтэграцыйны крок унутры нашага грамадства».
Са словаў Вольгі Шульгі, большасць мамаў з цяжкахворымі дзецьмі вымушаныя сядзець з імі ў хаце, не працаваць. Таму арганізатары вырашылі зрабіць мерапрыемства цікавым, у якасці падарунку і маці, і іх дзецям, а не ў фармаце банальнага «салодкага стала».
![nd2_logo.jpg nd2_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/nd2_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Тут задзейнічаныя беларускія колеры, арнаменты, тканіны, нашы майстры, — тлумачыць дызайнер калекцыі Святлана Пінчук. — Усе мадэлі нестандартныя ў плане памеру адзежы, гэта вельмі важны момант. Тэхнічна гэта было вельмі цяжка зрабіць, але мы здолелі!»
У паказе прынялі удзел больш за дзесяць мамаў разам са сваімі дзецьмі. Арганізатары спадзяюцца, што гэта толькі першы крок у супрацы з мадэльерамі на карысць дабрачыннасці і пашырэння талерантнасці, але далёка не апошні.