«Ніхто не хацеў са мной звязвацца»

У Мінску прэзентавалі ролік пра стыгму ў дачыненні да жанчыны з асаблівасцямі.

psych_1.png

«Офіс па правах людзей з інваліднасцю» 31 студзеня прэзентаваў сацыяльны ролік, які распавядае пра стыгматызацыю людзей з ментальнымі асаблівасцямі. На прыкладзе гісторыі жанчыны з парушэннем ментальнасці на відэа паказана, што ўсё, што трэба людзям з асаблівасцямі, — быць паўнавартаснай часткай грамадства.
Чалавек з асаблівасцямі ў грамадстве ўспрымаецца як крыніца праблем і як крыніца пагрозы. Такое стаўленне да людзей з інваліднасцю і называецца стыгма. У межах кампаніі «Дэіністытуалізацыя» быў створаны першы ролік у Беларусі, які арыентаваны на дэстыгматызацыю грамадства.

Галоўная гераіня роліку — Таццяна, жанчына, якая мае ментальныя асаблівасці. У некалькіх сказах яна распавядае ўласную гісторыю жыцця. Але, па сутнасці, гэтыя сказы з’яўляюцца тэзісамі тых праблем, якія існуюць у нашым грамадстве. На відэа ў Таццяны трасуцца рукі, але гэтымі рукамі яна можа вязаць прыгожыя рэчы або пекчы смачную піцу. Толькі ці цікавіць гэта працадаўцаў, якія адзін за адным адмаўляць жанчыне  толькі таму, што яна не такая як усе? Ці можа чалавек адчуваць сябе паўнавартнасным, калі жыве за кошт іншых? Наўрадці. «Я намагалася знайсці сабе працу, але ніхто не хацеў са мной звязвацца», — кажа жанчына ў роліку.

Леанід Каліценя, прадусар цэнтра сучаснай культуры «Бягучая чарапаха» падзяліўся, што здымкі троххвіліннага роліку занялі сем месяцаў. Камандзе было цяжка прывесці ролік да раўнавагі: «Мы сутыкнуліся з трыма бар’ерамі: пошукам балансу паміж праўдай і аптымізмам, камунікацыйным бар’ерам, бо каманда была міжнародная, і са спецыфічным успрыманнем аўдыторыі падобных ролікаў». Кажучы пра апошні бар’ер Леанід мае на ўвазе жаданне людзей глядзець відэагісторыі са шчаслівым канцом. 

«Мы часта сутыкаліся з такім меркаваннім культурных дзеячоў, якія перакананыя, што, калі чалавека з  інваліднасцю робіш у якасці галоўнага героя, то гэта маніпуляцыя свядомасцю гледачоў. Хаця гэта зусім не так».

На прэзентацыі роліку прысутнічала Юлія Мурашова, кіраўніца клубнага дому ў Брэсце, куды тры гады таму і прыйшла Таццяна. Па словах Юліі, Таццяна спачатку была вельмі закрытая, ні з кім не размаўляла. І толькі пасля трох гадоў яна змагла адкрыта казаць пра свой дыягназ і стаць своеасаблівым натхняльнікам для іншых. 

Леанід Каліценя звярнуў увагу на тое, што каманда не хацела гэтым ролікам прымусіць кагосьці да дзеяння. Яна проста хацела, каб гэты ролік для кагосьці стаў першай прыступакай да змянення свядомасці ў дачыненні да людзей з асаблівасцямі.

Рэалізацыя праекту была магчымай пры дапамозе Офіса па правах юдзей з інваліднасцю, літоўскай арганізацыі Psichikos Sveikatos Perspektyvos і Еўрапейскага Саюзу.