«Нябачныя свету слёзы»: ці варта плакаць?

Тэма хатняга гвалту старая як свет. Належыць яна да сферы асабістага, прыватнага, і таму звычайна застаецца ўтоенай. Дзеці не толькі траўмуюцца скандаламі і бойкамі бацькоў, горш за ўсё тое, што яны пераймаюць мадэлі паводзінаў. Хлапчукі перакананы, што «павучыць» кулакамі — цалкам прымальна, а дзяўчынкі вырастаюць гатовымі ўсё дараваць хатнім бандытам.

f27b2d2e25754a16b8965aa4f86201f7.jpg


Хатні гвалт у большасці выпадкаў звязаны з п’янствам і непазбежнай дэградацыяй асобы. У мяне з алкаголем свае рахункі.

Да шасці гадоў я гадавалася ў дзеда з бабай і не бачыла, што адбывалася ў бацькоў без мяне (яны працавалі ў суседнім раёне). Браціка, ва ўсялякім разе, мне састругалі. Збудаваўшы дом, бацькі забралі і мяне. Што тата п’е, я зразумела ў класе шостым. Прыняўшы ўмераную дозу, ён не біўся, а наадварот — лагаднеў. Пад градусам быў пастаянна. На ўсіх здымках — нават для дакументаў — гэта добра бачна.

Як выпускнік Горацкай сельгасакадэміі і талковы спецыяліст, ён мог бы пайсці вышэй за дырэктара саўгаса. Але з цягам часу яго стан прыйшоў у супярэчнасць і з гэтай пасадай. Угару не даў пайсці той самы тып, пра якога да ночы не ўспамінаюць.

Слуцкая баба Маня расказвала, як сына яшчэ падлеткам, непрытомнага, везла дадому ў вазку. Пітушчым быў яе бацька. Гэтая навала ўсё ж перадаецца ў спадчыну, што б там ні сцвярджалі нарколагі.

Дома галава сям’і не стыкаўся з-за працы. Не памятаю, каб ён са мною загаварыў. Тое ж было і з маці. Яе вочы ўвесь час глядзелі ўдалеч, яна думала нейкую цяжкую думу, але ні з кім ёю не дзялілася. Разам мы не снедалі і не абедалі, нікуды не выходзілі, не ладзілі святаў. Дух сям’і ў нас пасяліцца не змог.

Маці на людзях рабіла выгляд цалкам задаволенай жыццём жанчыны. Яна паводзіла сябе як тыповая ахвяра: цярпела і маўчала. Усё бачыла і ўсё разумела, але «не выносіла смецце з хаты». Прабірала мужа ціха, каб хаця ніхто не пачуў. Так яно і працягвалася: «халодная вайна» ў доме, нябачныя свету слёзы, маруднае спаўзанне залежнага чалавека ў бездань. З яе бацька не выбраўся да сваёй раптоўнай смерці ў 63 гады.



Не мной заўважана: у пітушчага бацькі дочкі рэдка бываюць шчаслівымі. Па прынцыпе магніта, да іх прыцягваюцца мужчыны з чарвівінкай альбо схільнасцю да агрэсіі. Замуж я не выйшла, а выскачыла — па першым вялікім каханні. Майму абранніку дасталіся не лепшыя гены: у родзе чаго толькі ні было!

У адрозненне ад цесця, муж не толькі змоладу «ўжываў», ён распускаў рукі. На словах патлумачыць не ўмеў, адзіным аргументам яго праваты была фізічная сіла. Спіртное зносіла яму дах. Падчас у мяне самой такое непрыманне закіпала ў душы, такі пратэст, што я кідалася на яго, як котка. Але хіба такога здаравяка паб’еш? Хіба падрапаеш, калі пашанцуе.

Далей — болей. Я ўсё часцей плакала, а ў яго расло пачуццё беспакаранасці. Ніхто з больш вопытных не параіў мне напісаць заяву ў міліцыю (звярнуся, як паразумнею). Нават думкі не ўзнікала, што нехта можа абараніць. У бацькоў падтрымкі я знайсці не магла. Маці, як заўсёды, усё бачыла і разумела, але трымала думкі і пачуцці пры сабе. У яе гаворках гучала перасцярога: маўляў, на развядзёнку кожны пальцам пакажа, адзінокую куры заграбуць…

А няхай бы і загрэблі, чым дзясяткі гадоў жыць з ворагам! Ад былога кахання засталіся толькі прыкрасць, сорам ды запозненае шкадаванне.

Інсайт сышоў на мяне толькі напярэдадні пенсіі: ва ўзросце, калі ўжо рэдка расстаюцца. У парыве адчаю, усвядоміўшы поўны крах сваіх намаганняў кантраляваць алкаголіка, я сказала сабе: «Хопіць. Я зрабіла ўсё, што магла». На мове псіхолагаў гэта азначае: адпусціла сітуацыю. Так спрацаваў інстынкт самазахавання. На той момант я ўжо ўся была ў хранічных хваробах і з прыкметамі неўрастэніі.

У галаве закруцілася новае слова: «развод». Толькі развод! Каб гэты здраднік і хлус не лічыўся маім сужэнцам нават па пашпарце! Рашыцца дапамог, як ні дзіўна, астролаг. Ён зірнуў на планшэт і вынес вердыкт: у вас развадны гараскоп. Ну, калі ўжо на родзе напісана!.. Мабыць, мне трапіўся дужа разумны чалавек, бо дадаў на развітанне: адзваніце мне праз паўгода.

І што вы думаеце? Мой незадачлівы «спадарожнік жыцця» роўна паўгода бегаў ад судоў. Суддзя зразумела, што не зловіць, і аформіла развод у яго адсутнасць. З дочкамі свайго рашэння я не абмяркоўвала. Дасюль перакананая: нічога больш правільнага ў сваім жыцці я не здзяйсняла. Няма такой подласці, на якую не пойдзе атручаны этылавым спіртам чалавек. Трымаць такога за мужа — злачынства супраць асобы. Сябе любіць таксама неабходна.

Я збегла. Кашмар маёй маладосці ператвараецца ў аддаленую чорную кропку. Аднак гэта не канец, а пачатак працяглага працэсу пазбаўлення ад унутранага рабства і вяртання самапавагі. Ажно не верыцца цяпер, што можна было столькі выліць слёз праз грубага і чэрствага тыпа, які ў сям’і не вывучыў двух словаў: «дзякуй» і «даруй».

Некалькі разоў — скажу дзеля справядлівасці — ён спрабаваў завязаць. Апагеем «развязкі» стала аварыя ў нецвярозым стане, падчас якой ён пабіў нашу машыну.

Чытайце таксама:

Мама ў шафе, я — ля вакна…



Дзякуючы сумнаму досведу, я стала амаль экспертам па тэме алкагалізму і яго наступстваў. Мяне хвалюе ўсё, што звязана з продажам спіртных вырабаў (вырабаў, а не напояў!) і са статыстыкай алкагалізацыі насельніцтва. Вучоныя даследавалі ўсе тонкасці гэтай хваробы. Чуючы чарговую сентэнцыю медыкаў, што алкаголь шкодны для здароўя, мне робіцца смешна і вусцішна адначасова. Пры чым тут стан печані, калі на кон ставіцца твая індывідуальнасць, твая Божая іскра — душа, твой мозг — вяршыня эвалюцыі?! А чаго вартая істота без мазгоў?

Мабыць, хтосьці зацікаўлены ў тым, каб нашы мужчыны вечна былі затарможанымі. З іх дапамогай напаўняе свой дзіравы бюджэт дзяржава, на іх нездаровай хэнці зарабляе мільёны ценявы бізнес. Чаму, разважаю, адны суткі пратрымаўся новаўведзены закон пра абмежаванне начнога продажу? Верагодна, сярод блізкіх або набліжаных «да цела» ёсць зацікаўленыя людзі: маюць або долю ў вытворчасці або працэнт за дазвол і прэферэнцыі. Нідзе так яскрава не праявілася карумпаванасць вярхоў, як у гэтым — як бы нязначным — эпізодзе! Інтарэсы вузкай групы пераважылі ўсё: траўматызм на будоўлях, дробныя і буйныя злачынствы «па п’янцы», шматлікія ДТЗ па віне нецвярозых кіроўцаў і, канечне, тэрор у сем’ях з калецтвамі і забойствамі.

Падхалімы з дзяржканалаў, якія гатовыя лізаць «і пяткі, і ля пупа складкі», сабралі водгукі на вуліцы: што жыхары горада думаюць наконт адмены. Усе, як адзін, нават пенсіянеркі, былі «за». Можна падумаць, што іх не прыніжалі і не таўклі!

Што ж атрымліваецца? Добрая цётка-дзяржава адной рукой налівае ў шклянку, а другой налічвае неверагодныя штрафы і малюе вокны ў клетачку. Не хапае трэцяй рукі: ухапіцца за галаву. Бо, згодна са статыстыкай, 83% крымінальных злачынстваў адбываецца ў стане алкагольнага ап’янення. За 2017 год затрымана звыш 23 000 п’яных кіроўцаў, здзейснена 343 ДТЗ з іх удзелам. Колькі загінула і пакалечана, паглядзіце ў інтэрнэце самі.