Мама ў шафе, я — ля вакна…

У мяне няма адназначнага меркавання наконт закону аб хатнім гвалце. Бо, калі гвалт ляжыць у аснове ўсёй дзейнасці ўлады, ні адзін закон нічога не зменіць. Але… Магчыма, менавіта само існаванне такога закона камусьці выратуе жыццё ці пакіне цэлай сківіцу. Для мяне асабіста «хатні гвалт» — не проста словазлучэнне.

photo_200678.jpg

Шафа як паратунак

Шэсць гадзін вечара на га­дзінніку. Я ў трывожным чаканні, што будзе сёння?

Шэсць пятнаццаць… Тата не прыйшоў. Але можа проста крыху затрымаўся, якая-не­будзь тэрміновая замова на працы.

Шэсць трыццаць. Можа яшчэ абыдзецца…

Шэсць сорак пяць. Ён не прыйшоў. Значыць, сёння будзе «весела». Я займаю сваю варту ля вакна. Пільнаваць, калі ён будзе вяртацца. Пакуль ён падымецца на наш трэці паверх, мама паспее схавацца ў шафе. Я скажу, што яна ў суседкі. «Нічога дачушка, — адкажа тата, — Я знайду табе новую маму, лепшую». Ад яго будзе смяр­дзець алкаголем (ненавіджу гэты пах). Ён будзе нешта расказваць. Потым пойдзе на кухню, каб выпіць свой морс (мама ўжо дадала ў яго дымедролу, менавіта ў ампулах, каб без горкага смаку). Хутка ён засне, і тады мама вылезе з шафы.

Гэтым разам абышлося. Заўтра я прачнуся ад таго, што мама і тата будуць крычаць адзін на аднаго… Потым яны пойдуць на працу. Я ў школу. А вечарам я зноў буду глядзець на гадзіннік. Шэсць вечара. Мне — 9, 10, 11 гадоў…

Хітрык з шафай мы з мамай прыдумалі не адразу. Да гэтага былі гучныя скандалы, маміны разбітыя ногі (ён часта біў носікам пантофляў у вялікабярцовую костку), нос, сківіцы і яшчэ шмат чаго. Я плакала, крычала, спрабавала закрыць сабой маму.

Аднойчы дасталася і мне. Мы ўжо спалі, калі прыйшоў бацька. І амаль адразу пачаў біцца. Я кінулася да мамы і атрымала кулаком па галаве. Гэта быў адзіны выпадак, калі дасталося і мне. Звычайна, ён біў толькі маму. За тое, што боршч перасолены, што малако паднесла занадта павольна, што я захварэла, што пыл недзе знайшоўся, што не так сказала, не так паглядзела… Нагода заўсёды знаходзілася.

Усё скончылася, калі мне было 13 з хвосцікам. Быў лістапад. І быў чарговы віток агрэсіі. Гэтым разам мы нават збеглі з дому і хаваліся ў маміных знаёмых. Прыехала мая старэйшая сястра (яна ад першага шлюбу, старэйшая за мяне на 19 гадоў). Яна сказала, што забярэ мяне з сабой, калі мама не падасць на развод.

Мама падала. А мы ўсе разам напісалі заяву ў міліцыю. Бацьку пасадзілі на 15 сутак. Развод аформілі вельмі хутка, за што трэба быць удзячнымі суддзі і маміным сувязям у маленькім горадзе. Больш за тое, бацьку выпісалі з кватэры (яна была мамінай). Нам сказалі, што калі мы не забярэм свае заявы, то на бацьку нават завядуць крымінальную справу. Мама і сястра забралі.

З гэтага часу пачалося маё новае жыццё. Я нарэшце змагла паехаць у летнік, пайсці кудысьці вечарам і больш не праседжваць гадзінамі ля вакна.

Фота з сайта www.uaua.info

Фота з сайта www.uaua.info


Гвалт як традыцыя

Я з’явілася на гэты свет 8-месячнай. Не таму, што так спяшалася, а таму што тата пабіў маю цяжарную маму. Роды былі цяжкія, мама ледзь выжыла. І я выжыла.

Біцца тата пачаў ледзь не адразу, як яны пачалі жыць разам. А да гэтага былі заляцанні, кветкі, сустрэчы пасля працы і шмат усяго такога, што робяць мужчыны, калі хочуць атры­маць менавіта гэту жанчыну.

Гэта быў другі шлюб для мамы. Яе першы муж памёр ад сухотаў. Яна засталася адна з 14-гадовай дачкой. Шчасце ў першым шлюбе было нядоўгім. Смерць другога дзіцяці, а пасля нечаканая хвароба мужа, недахоп грошай.

З маім татам яны пазнаёміліся, калі мама спявала ў хоры медыкаў, а ён быў там акампаніятарам, граў на баяне. Праз пэўны час яны сталі жыць разам. Хутка пачаліся скандалы, пасля пабоі. Мама паскардзілася свайму бацьку. Ён нават прыехаў, каб разабрацца з зяцем. Разабраўся… Сказаў, што яна сама вінаватая, дрэнна даглядае мужа. Ды і ці магло быць іначай. Мой дзед ніколі не быў узорам клапатлівага мужа і бацькі. А бабуля аднойчы нават збегла ад яго з чатырма дзецьмі на руках. Пасля, праўда, вярнулася. Такія вось сямейныя традыцыі…

Мая старэйшая сястра вытрымала нядоўга і фактычна збегла з дому спачатку ў медвучэльню, а ў 18 гадоў — замуж. Ці быў шчаслівы яе шлюб? Не. Але гэта зусім іншая гісторыя.

Тата біўся, толькі калі быў нападпітку (не зусім п’яны, а менавіта нападпітку). Піў ён не ўвесь час. Былі сухія перыяды, у якія нам нават удавалася нешта набыць за тыя грошы, што ён зарабляў. Ён быў вельмі таленавіты як у музыцы, так і ў рамонце розных электронных прылад. Сам збіраў тэлевізары і лядоўні, магнітафоны і такія модныя ў той час радыёпрыёмнікі «ВЭФ». Каб не га­рэлка… Нападпітку ён вар’яцеў і, здаецца, усю сваю незадаволенасць жыццём вымяшчаў на маці. А яна цярпела…

deti_i_nasilie.jpg


Дзеці як апраўданне

«Мама, чаму ты з ім не развялася раней?» — часта пыталася я. «Спачатку любіла, пасля не хацела цябе бацькі пазбаўляць», — казала яна.

Але наяўнасць такога бацькі пазбавіла мяне дзяцінства. Я хачу і не магу сказаць, што дзяцінства ў мяне было калі не шчаслівае, то хаця б нармальнае. Узгадаць бы хоць штосьці, што пакідала б ілюзію шчасця.

Вось мы пайшлі пагуляць у парк, каталіся на каруселях, ведаеце, такія, дзе па крузе круцяцца розныя конікі, алені, сланы, вярблюды… Я любіла аленя. І трэба ж было забыцца на тым алені цацку, якую мне набылі. Я плачу ад гэтага. А тата з мамай пачынаюць сварыцца. Тата грукае дзвярыма і сыхо­дзіць, ці то за маёй цацкай, ці то, каб сысці ад скандалу.

Гэтым вечарам ён прыйшоў п’яны — і скончылася ўсё бойкай. Вось мы пайшлі ў лес па грыбы. Нешта пайшло не так, зноў сварка. Зноў п’яны дэбош увечары.

Хаця не, былі светлыя моманты. Тыя месяцы, калі ён не піў. Я сядзела з ім на кухні (звычайна тут вечарам ён займаўся са сваімі дэталямі і прыладамі), назірала з тым, як мільгае ў яго руках паяльнік, тэстар, як ён намотвае віткі трансфарматара… Гадоў у восем я сабрала сваё першае радыё. І нават апечаныя паяльнікам рукі не маглі прымусіць мяне сысці ў такія моманты з кухні.

Пасля такіх вечароў яшчэ больш балючымі былі вечары ля вакна на той жа кухні.

«Мама, чаму ты не развялася адразу, як толькі ён падняў на цябе руку?» — зноў і зноў пыталася я, ужо тады, калі ўсе жахі сумеснага жыцця з маім татам былі ў мінулым. Яна не ведала, што адказаць. Гэтак жа, як, напэўна, не ведаюць, што адказаць шматлікія ахвяры хатняга гвалту. А можа і ведала, проста ёй самой было сорамна, балюча і крыўдна за сябе. За тое, што не здолела сказаць «НЕ» раней.

13_main_new.1512982205.jpg



Ёсць выйсце

Шматлікія даследаванні пацвярджаюць, што часцей за ўсё дзеці, якія выраслі пры бацьку-тыране і маці-ахвяры паўтараюць гэты шлях. Сумная статыстыка дадае, што шмат якія жанчыны гінуць ад рук такіх сваіх мужоў. Некаторыя мужы гінуць ад жанчын, у якіх больш не было сіл цярпець. Некаторыя дзеці папаўняюць шэрагі крымінальнікаў, бо шукаюць паратунку ад хатняга гвалту на вуліцы, часта з дапамогай алкаголю. Кажуць, што шмат хто з такіх дзяцей пасля стварае такія ж нешчаслівыя сем’і.

Усё так. І мая мама магла загінуць падчас чарговага збіцця. Так, як пазней загінула бацькава сужыцелька і кампаньёнка па выпіўках. Аднойчы ён проста забіў яе да смерці. За што і атрымаў 13 гадоў турмы. Адсядзеў палову тэрміну і памёр за кратамі ад інфаркту (прынамсі, так было напісана).

І я магла скончыць невядома дзе і як. Бо недзе гадоў у дванаццаць збіралася забіць бацьку. Мама перахапіла мяне з нажом, калі я падыходзіла да яго ложка… Дзякуй ёй за гэта.

Але гэтага не здарылася. Не здарылася таму, што мама здолела выйсці з гэтых гвалтоўных адносін, скасаваць шлюб, навучыцца давяраць зноў і жыць далей з верай у лепшае. Мама пасля зноў выйшла замуж і пражыла яшчэ больш за 20 гадоў шчаслівага шлюбу.

Тым не менш, наступствы тых гадоў я пераадольвала доўга і цяжка. Вучылася прабачаць, стрымліваць гнеў і лютасць. Вучылася радавацца жыццю і не чакаць падвохаў. А яшчэ дакладна ведала, што ніколі і нікому не дазволю сябе біць, прынамсі беспакарана.

Не дазваляйце гэтага і вы, не трывайце гвалт, не забівайце дзяцінства вашых дзяцей. Незалежна ад таго, будзе прыняты закон супраць сямейнага гвалту ці не, памятайце, ніякая традыцыя не вартая вашай годнасці і жыцця. Не цярпіце, не прыдумляйце апраўданні, каб цярпець. Гвалт — гэта гвалт.

violence_600x3982_600x398.jpg



* * *

Ні мамы, ні таты ўжо даўно няма на гэтым свеце. А я даўно ўсё прабачыла. Таму, магчыма, і змагла ўсё гэта напісаць. Можа, хтосьці, прачытаўшы гэта, здолее зрабіць свой крок у лепшае жыццё.