У Мінску пакажуць дакументальны спектакль аб сямейным гвалце
Па афіцыйнай статыстыцы, кожная трэцяя беларуска жыве ў сітуацыі
фізічнага, псіхалагічнага ці эканамічнага гвалту. Штодзённа трэцяя
частка ўсіх цяжкіх злачынстваў у Беларусі – гэта злачынствы, якія
адбываюцца ў сям'і. Што насамрэч хаваецца за гэтымі лічбамі?
Што можа зрабіць кожны для змянення стану рэчаў? Ці можна быць упэўненымі што мы самі не станем ахвярамі гвалту ў блізкіх адносінах? Як сям'я і сябры падтрымліваюць гвалт, ігнаруючы і замаўчваючы яго?
Гісторыі, якія раскажа Лабараторыя сацыяльнага тэатру, заснаваная на інтэрв'ю з жанчынамі, якія перажылі хатні гвалт, нейкі час жылі ў Сховішчы, прайшлі рэабілітацыю з псіхолагамі і змаглі, ці не змаглі наладзіць свае жыццё пасля сыходу ад агрэсара. Дакументальны спектакль не толькі дае голас пацярпелым, але і стварае прастору для абмеркавання гэтай тэмы.
Падчас працы над спектаклем адбылося многа: мяняліся жыццёвыя абставіны гераінь, не быў прыняты праект закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, мы самі навучыліся разумець гвалт нашмат шырэй. Стваральнікі спектаклю хочуць, каб кожны звярнуў увагу на праблему і падключыўся да яе рашэння – бо і тычыцца яна можа кожнага.
Лабараторыя сацыяльнага тэатру выражае падзяку Вользе Гарбуновай за дапамогу ў стварэнні спектаклю.
Драматург – Лёха Чыканас
Рэжысёрка – Валянціна Мароз
Менеджэрка праекта – Ана Казакова
Сцэнаграфіка – Кацярына Чудная
Мастак па касцюмах – Андрэй Часнакоў
Відэа – Кацярына Чакатоўская
Дызайн – Настасся Стальмахава
Паводле прэс-рэлізу