«Невядомая Беларусь». Як жыве «недзяржаўны прытулак» (відэа)
Дакументальны фільм «Госці» зняў для тэлеканалу «Белсат» рэжысёр Андрэй Куціла, удзельнік і прызёр шматлікіх міжнародных кінафестываляў.
Стужка будуецца на ўважлівым і працяглым назіранні за жыццём унікальнага паселішча ў Беларусі — першага і, бадай, адзінага нефармальнага прытулку для бедных і знямоглых людзей.
«Гэта незвычайнае месца з незвычайнымі людскімі лёсамі і незвычайнай сістэмай арганізацыі сумеснага існавання, — распавёў «Белсату» рэжысёр Андрэй Куціла. — Гэта гадзіннае экзістэнцыйнае падарожжа ў іншы, не заўсёды заўважны, часам непрыемны свет людзей, пасля якога я сам, і спадзяюся, таксама глядач, набывае новы досвед. Я не кажу пра тое, што чалавек пасля прагляду адразу ж змяняецца да лепшага і бяжыць ахвяраваць сваім жыццём ці становіцца раптам міласэрным. Не! Проста нешта ў душы пачынае варушыцца, ты ўжо больш уважлівы да іншых людзей і да свайго ўнутранага свету, чуллівы, можа, хаця б на некаторы час пазбаўляешся абароннага панцыра».
Галоўны герой фільму Аляксей Шчадроў калісьці працаваў фельчарам у «Хуткай дапамозе». Па выкліках часта даводзілася забіраць на вуліцах бяздомных людзей, але праз некалькі кіламетраў брыгада зноў выкідала іх на вуліцу. Трапіўшы за краты, Аляксей сам аказаўся нікому не патрэбны. Турма перавярнула светапогляд былога фельчара. Яго ідэалам стала маці Тэрэза — увасабленне хрысціянскага ўзору трываласці, міласэрнасці ды любові да адрынутых. Па вызваленні Аляксей некалькі гадоў бадзяўся і жыў пры касцёлах.
Пасля пасяліўся ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну, дзе зарганізаваў незвычайны прытулак, стаў прымаць і даглядаць бедных, хворых, бяздомных людзей, дапамагаць ім аднавіць дакументы і вярнуцца да нармальнага ладу жыцця. Неўзабаве неабыякавыя беларусы пачалі дапамагаць прыстанку ежай, адзеннем ды іншым. Але мясцовым уладам ініцыятыва Аляксея прыйшлася недаспадобы. З самага заснавання і цягам трох гадоў складанага існавання чыноўнікі прымушалі былога фельчара зачыніць прытулак. У пошуках ахвяраванняў і духоўнага падтрымання Аляксей выправіўся ў Італію…
Здымачная група паехала разам з ім. Там іх спаткалі прыгоды і выпрабаванні — яны маглі не трапіць у патрэбныя месцы, бо на Каляды ў Італіі амаль не ездзіць грамадскі транспарт і вельмі цяжка з аўтаспынам. «Але нам дапамог, як мы вызначылі пазней, анёл-ахоўнік у выглядзе кандуктара цягніка, які сам прапанаваў адвесці нас куды трэба», — згадаў спадар Куціла.
У Ватыкане пасля даволі працяглай працы ахова прымусіла здымачную групу выдаліць відэазапіс. Высветлілася, што здымкі на плошчы святога Пятра прафесійным абсталяваннем забароненыя. «На легальнае атрыманне дазволу ў нас проста не было часу, прыйшлося ісці на хітрыкі, але ў выніку мы знялі ўсё, што хацелі», — прызнаўся рэжысёр.
belsat.eu