Аб любым захворванні жывёлы цяпер трэба паведамляць дзяржаве

Законапраект «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон «Аб ветэрынарнай дзейнасці» прыняты ў другім чытанні Палатай прадстаўнікоў і знаходзіцца на ўзгадненні ў кіраўніка краіны. Некаторыя з новаўвядзенняў у законе можна назваць абсурднымі.

2_56.jpg

Асноўная частка паправак ўводзіцца з мэтай абараніць краіну ад заразных захворванняў жывёл, тычыцца мер спынення распаўсюду хвароб, аднак дадае абавязкаў уладальнікам. Некаторыя з новаўвядзенняў юрыст ГА «Экадом» Рыгор Фёдараў і зусім знаходзіць абсурднымі.
Артыкулаў у новай рэдакцыі закона стала менш амаль на траціну. У той жа час дакумент уводзіць нямала новых тэрмінаў, але амаль усе яны звязаны з карантынымі мерапрыемствамі і дзеяннямі ў выпадку ўзнікнення заразных хвароб жывёл.
Напрыклад, уводзіцца паняцце «рэгіяналізацыі», якое азначае, што нядобранадзейнымі на наяўнасць заразных хвароб жывёл могуць аб'яўляцца асобныя вобласці або раёны, а не ўся тэрыторыя краіны.
У той жа час з закона таксама цалкам зніклі нормы, якія апісваюць паўнамоцтвы мясцовых Саветаў дэпутатаў у галіне ветэрынарнай дзейнасці.


Тычыцца ўсіх уладальнікаў жывёл


Да суб'ектаў адносін у сферы ветэрынарыі будуць адносіцца усе фізічныя асобы, якія ўтрымліваюць, вырошчваюць і разводзяць жывёл.
«Фактычна гэта ўсе, хто ўтрымлівае любую жывёлу. Пры гэтым тэрмін «жывёлы-кампаньёны» з закона канфіскаваны», — тлумачыць Рыгор Фёдараў.
Раней да жывёл-кампаньёнаў  адносіліся тыя, да якіх чалавек адчувае прыхільнасць і якіх утрымлівае ў хатніх умовах, а таксама сабакі-павадыры, паляўнічыя сабакі і лоўчыя птушкі.

Рыгор Фёдараў

Рыгор Фёдараў


Дзяржветслужбам цікавы кожны пёс


Правы фізічных і юрыдычных асоб практычна не змяніліся, але абавязкаў стала больш, і сярод іх з'явіліся цяжкавыканальныя або практычна не выканальныя.
«Напрыклад, фізічныя асобы, якія з'яўляюцца суб'ектамі адносін у галіне ветэрынарнай дзейнасці, абавязаны неадкладна паведамляць дзяржаўнай ветэрынарнай службе Рэспублікі Беларусь па месцы знаходжання жывёлы пры падазрэнні на наяўнасць у яго хваробы: у выпадках адмовы ад корму, павышэння тэмпературы цела, нехарактэрных паводзін гадаванца. Нагадаю, што гаворка ідзе фактычна аб любым уладальніку любой жывёлы», — падкрэслівае юрыст.

Прыярытэту аховы прыроды больш няма


«Рэзка скараціўся тэкст артыкула 2 «Прававое рэгуляванне адносін у галіне ветэрынарнай дзейнасці, - каментуе юрыст ГА «Экадом». — У ранейшай рэдакцыі гэты артыкул у галіне абароны дзікіх жывёл ад хвароб прыярытэт аддаваў заканадаўству аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету. Гэта змяненне бачыцца мне негатыўным».
Зараз такога прыярытэту няма, а значыць, інтарэсы аховы прыроды ў ветэрынарнай вобласці будуць улічвацца менш.

3_421.jpg


Рэгламентаваны дзеянні пры масавых захворваннях


У новым дакуменце шмат гаворыцца аб дзеяннях у выпадку масавых захворванняў:
«Дэталёва прапісана рэгуляванне каранціну, усталяванне буфернай (ахоўнай) зоны, правядзенне абмежавальных мерапрыемстваў, а таксама канфіскацыя жывёл, прадуктаў жывёльнага паходжання і маёмасці ў ачагах захворванняў», — кажа Рыгор.
Пры эпідэміі свіной чумы ў 2013 годзе канфіскацыі часам адбываліся дзіўным чынам: як сведчаць сельскія жыхары Віцебскай вобласці, назву хваробы ім не паведамлялі, а вагу жывёлы запісвалі на вока. Насельніцтву раілі асабліва не распаўсюджвацца аб тым, што адбылося, «калі не хочуць непрыемнасцяў на працы».

Пры карантыне змогуць адабраць маёмасць, але кампенсацыю можна абскардзіць


У Закон уведзена норма аб кампенсацыі прычыненай адабраннем шкоды. Уладальнікі адбіраемых жывёл і (або) прадуктаў жывёльнага паходжання, маёмасці, выкарыстанне якой звязана з утрыманнем хворых жывёл, мае права абскардзіць памер шкоды, якая падлягае кампенсацыi, у судовым парадку.
«Неадназначна можна расцэньваць новыя нормы аб канфіскацыі здаровых звяроў і птушак і, асабліва, аб канфіскацыі маёмасці, выкарыстанне якой звязана з утрыманнем хворых гадаванцаў, — лічыць Рыгор. — Такая мера прадугледжана ў выпадку ліквідацыі ачагоў заразных хвароб, якія ўключаныя ў адпаведны пералік, пры якіх адбываецца адабранне жывёл і (або) прадуктаў жывёльнага паходжання, маёмасці, выкарыстанне якой звязана з утрыманнем хворых гадаванцаў. Гэты пералік павінен зацвердзіць Савет міністраў».
Нагадаем, у ранейшай рэдакцыі закона гаворка ішла толькі аб канфіскацыі хворых жывёл і (або) прадуктаў жыв
Як паведамляе БЕЛТА, законапраект утрымлівае таксама палажэнні, якія тычацца звароту ветэрынарных сродкаў, кармоў і кармавых дабавак, якія не адпавядаюць патрабаванням ветэрынарна-санітарных правілаў, а таксама пацверджання адпаведнымі ветдакументами стану здароўя жывёл.
 

4_364.jpg


Экспертыза на рынку будзе рэгламентавана


Акрамя таго, у праекце закона рэгламентавана, якія органы будуць праводзіць лабараторныя даследаванні і выдаваць адпаведны дакумент. Напрыклад, ветэрынарна-санітарную экспертызу прадуктаў расліннага паходжання пры продажы на рынках стануць ажыццяўляць лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы. Раней такая сістэма фактычна не мела адпаведнага нарматыўнага рэгулявання.
Ганна Валынец, Зялёны партал, фота: oldmos.ru, gazeta.ru, lsm.lv, kompravda.eu