Пачобута чакае суд

Крымінальная справа ў дачыненні да журналіста «Газеты Выборчай» Андрэя Пачобута перададзеная ў суд Ленінскага раёна Гродна. Дата яе разгляду прызначана на 14 чэрвеня.

Жонка журналіста Аксана паведаміла, што трымаецца муж бадзёра. У лісце Андрэй напісаў: «З нецярпеннем чакаю суда, думаю, ён будзе вельмі вясёлай і нават камедыйнай падзеяй. Фінал яго, зразумела ж, вядомы, але гэта той выпадак, калі вынік менш важны, чым працэс».



cfe795a0a3c7bc1683f2efd8837dde0c.jpg

Крымінальная справа ў дачыненні да журналіста «Газеты Выборчай» Андрэя Пачобута перададзеная ў суд Ленінскага раёна Гродна. Дата яе разгляду прызначана на 14 чэрвеня.
Жонка журналіста Аксана паведаміла, што трымаецца муж бадзёра. У лісце Андрэй напісаў: «З нецярпеннем чакаю суда, думаю, ён будзе вельмі вясёлай і нават камедыйнай падзеяй. Фінал яго, зразумела ж, вядомы, але гэта той выпадак, калі вынік менш важны, чым працэс».
Журналісту прад’яўлена абвінавачанне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ — 368 (частка 1) — «абраза» і 367 (частка 1) — «паклёп» у адносінах да прэзідэнта. Па першым з іх прадугледжана пакаранне да двух гадоў зняволення, па другім — ад двух да чатырох гадоў.
Крымінальную справу супраць журналіста завёў пракурор Гродзенскай вобласці Віктар Марозаў. Паводле пракуратуры, абразы Лукашэнку Пачобут наносіў на старонках польскай «Газеты Выборчай», сайта «Белорусский партизан» і свайго блога poczobut.livejournal.com на працягу 2010–2011 гадоў. Журналіста затрымалі 6 красавіка і змясцілі ў гродзенскі СІЗА.
Пры спатканні з жонкай Андрэй перадаў усім калегам прывітанні. А ў лісце запытаўся: «Вы, напэўна, за мяне перажываеце? А я перажываю за вас. Ці не запалохаў вас мой пацярпелы? Ці не паламаў? У мяне тут усё ў парадку. У турме як у турме». Пачобут пажадаў паплечнікам удачы, поспехаў і веры.
«Ён просіць нас, каб ягонае знаходжанне ў турме разглядалася як камандзіроўка. Ён кажа, што тое, што з ім адбылося, гэта глупства ў параўнанні з лёсам камандзіраў Арміі Краёвай, якіх НКУС трымала ў беларускіх турмах у 40-я гады мінулага стагоддзя», — сказала Аксана Пачобут.
Сябры Саюза палякаў для дапамогі сям’і перадалі 31 мая грашовыя сродкі. У Пачобутаў двое дзяцей: дачцэ Яне — дзесяць гадоў, сыну Яраславу — крыху больш за год. Андрэй Пачобут з’яўляецца старшынёй Галоўнай рады гэтай арганізацыі, якую ўлады адмаўляюцца рэгістраваць.
Сваё 38-годдзе журналіст адзначыў 16 красавіка за кратамі. «Увогуле, я не занепадаю, нават наадварот, — напісаў ён на волю. — Беларусь «турэмная» мала чым адрозніваецца ад Беларусі «свабоднай». Рэжым ёсць рэжым. І там у вас, і тут у мяне:-) Хіба што тут, у турме, усё яшчэ больш скандэнсавана. З цікавасцю збіраю матэрыял для «посттурэмнага рэпартажу», хоць з’явіцца яму будзе наканавана праз некалькі гадоў, але будзьце пэўныя, ад гэтага ён не стане менш цікавым. А як вы там?»
«Газета Выборчая» запатрабавала ад уладаў Беларусі вызвалення Андрэя Пачобута. І звярнулася з заклікам дамагацца вызвалення журналіста да міжнародных арганізацый, замежных СМІ і палітыкаў.
P.S. Лісты Андрэю Пачобуту можна дасылаць на адрас: 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, СІЗА №1.