Мінкультуры падтрымала прапановы грамадскасці

Міністэрства культуры падтрымала прапановы грамадскасці па наданню статусу  гісторыка-культурнай каштоўнасці тром архітэктурным аб’ектам, паведаміў НЧ старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. .



c300_1.jpg

Так, паводле ягоных слоў, у бягучым годзе былі пададзены прапановы па наданню статуса помніка гісторыі будынку былой інфекцыйнай бальніцы Мінскага гета па вуліцы Кальварыйскай 3 А, дзе ў 1941–1943 гадах знаходзіўся адзін з цэнтраў падпольнага змагання з нацысцкай навалай. Гэты будынак у стылі канструктывізму быў узведзены на мяжы 1920–1930-х гадоў для агульнаадукацыйнай школы і першапачаткова, мяркуючы па старых фотаздымках, быў неатынкаваны. З моманту ўтварэння гета ў Мінску ў часы Другой сусветнай вайны ў будынку размясцілася інфекцыйная бальніца, дзе пры актыўнай арганізуючай ролі яе галоўнага ўрача Льва Куліка дзейнічала падпольная група, існавала яўка для сувязі з партызанамі і пункт прыёму зводак Саўінфармбюро, адбываўся збор медыкаментаў для падпольшчыкаў, партызанаў і вязняў гета.

Будынак па вуліцы Вароўскага, 9 у Магілёве адпаведна матэрыялу пабудовы, характару канструкцый, дэкору фасадаў можна датаваць другой паловай XVIII — пачаткам  XIX  стагоддзяў. Гэта пацвярджаецца выяўленнем будынку на плане Магілёва 1778 года ў межах кварталаў паміж валамі Вялікага замку і вонкавымі абарончымі ўмацаваннямі горада на мяжы Віленскага і Быхаўскага прадмесцяў. Пабудова з’яўляецца адной з найстарэйшых захаваўшыхся мураваных камяніц Магілёва і вартая статусу нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, як помнік архітэктуры.

Драўляны асабняк у ансамблі з маленькай мураванай вартоўняй па вуліцы Валковіча, 23 у Гродне і сядзіба Аніхімоўскіх былі ўзведзены на пачатку ХХ стагоддзя па адзіным архітэктурным праекце: сядзіба задумвалася як жылая для сям’і губернскага суддзі Аніхімоўскага ў новым для таго часу прадмесці Новы Свет, якое разбудоўвалася паводле рэгулярнага генеральнага планавання.

Усе прапановы таварыства будуць вынесены на разгляд Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Разам з тым, у мясцовыя выканаўчыя органы накіравана інфармацыя наконт прапаноў, якія паступілі, а, згодна з артыкулам 22 Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, прапанаваныя на атрыманне статуса помніка будынкі ўжо знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

Трэба адзначыць, што прапанова наконт будынку па вуліцы Валковіча, 23 у Гродна падрыхтавана актывістамі гродзенскай моладзевай суполкі таварыства “Яравіт” з дапамогай мясцовых гісторыкаў і краязнаўцаў, а прапановы па Мінску і Магілёву — актывістамі рэспубліканскага савету таварыства ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі”.