Паланэз замест балета

Выбарчая кампанія ўступіла ў самую цікавую фазу — пачаўся перыяд агітацыі за кандыдатаў. Але ў рэчаіснасці і кампанія па сутнасці не выбарчая, і размова зусім не пра агітацыю. Хто меў ілюзіі — з імі развітаўся. І нават па-за межамі краіны ўжо ніхто не чакае пабачыць нешта адрознае ад гадамі абкатаных сцэнараў.
 

Як люстэрка часу і падзей, якія адбываюцца ў краіне, агітацыйныя плакаты ў падтрымку кандыдата ў «дэпутаты» папугая Яшкі ў Светлагорску. «Я не ўмею хлусіць і красці, не замешаны ў карупцыі», «заўсёды кажу праўду, і любога магу паслаць», «ем і п’ю мала — вялікая эканомія сродкаў, мне не патрэбен асабісты транспарт», «халасты, таму ўвесь час гатовы аддаць працы», «паколькі «парламент» нічога не вырашае, я наогул лепшая кандыдатура» — апісвае папугай свае характарыстыкі для электарату. Па вялікаму рахунку, выбарцам насамрэч ужо фіялетава — Яшка ідзе ў парламент ці хтосьці Іваноў.
Як паказваюць сацыялагічныя апытанні, працэнт людзей, якія вераць, што ад іх голасу і выбару нешта яшчэ залежыць, невысокі. Уладам гэта аморфнасць толькі на руку. Бо чалавек абыякавы не ідзе разбірацца, чаму не зарэгістравалі патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты, якому ён аддаў свой подпіс, чаму не прайшоў у парламент кандыдат, за якога прагаласавалі ўсе знаёмыя, а ў выніках агучваюць мізэрныя лічбы.
Гэтая абыякавасць і дазваляе круціць паланэз Агінскага (якая непрыемная паралель з трансляцыяй па тэлебачанні «Лебядзінага возера», калі ў Маскве стралялі ў людзей!) замест няўгоднага выступу кандыдата ў дэпутаты, цэнзураваць, забараняць, збіваць і ў выніку саджаць у турму. Але ўладам невыгодныя папросту абыякавыя людзі. Трэба паслухмяная абыякавая маса, якая дазваляе легалізаваць уладу хаця б унутры краіны, паказаць яўку, распавесці пра падтрымку.
Каб адбіць ахвоту ісці супраць генеральнай лініі, ЦВК забараняе весці ў эфіры агітацыю, што супярэчыць дзяржаўным інтарэсам. Напрыклад, за байкот. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік падкрэсліў, што бясплатны эфірны час даецца толькі для перадвыбарнай агітацыі. «Гэта значыць, калі ласка: агітуйце за Іванова, за Пятрова, супраць Сідарава, супраць Якаўлева, але агітацыя супраць дзяржаўнага мерапрыемства, на якое дзяржава траціць велізарныя грошы, пад назвай «выбары» не прадугледжана», — заявіў Лазавік.
Пры гэтым сакратар Цэнтрвыбаркама падкрэсліў, што «заканадаўства не забараняе байкот выбараў». «Можаце праводзіць гэтую працу, але не за кошт дзяржавы», — сказаў ён. Пагаджаецеся граць у дзяржаўны спектакль за бюджэтныя грошы — выконвайце ролі паводле раздадзеных сцэнараў, а не цытуйце адсябяціну! Разам з тым, цікава, што далей вербальнай незадаволенасці такім парадкам ніхто не рушыць.
І гэта зноў-такі дазваляе павялічваць ціск. На гэтым тыдні быў затрыманы намеснік старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Валерый Ухналёў. Ухналёў правёў у міліцыі Гродна каля шасці гадзін. «Так мяне даўно не правяралі, — цытуе словы палітыка БелаПАН. — Дапытвалі мяне і дачку — у іншым кабінеце. Бліжэй да паўночы мне сказалі, што прэтэнзій няма». Пакуль Ухналёў сядзеў у пастарунку, шэсць чалавек з сабакам правялі ператрусы ў кватэры яго сваякоў у Гродна і ў іх суседзяў. «Ператрусы былі названы аглядамі, на якія нібыта не патрэбна санкцыя пракурора», — сказаў Ухналёў.
Апошнія электаральныя кампаніі, асабліва ў 2010 годзе, на перадвыбарчай стадыі давалі знак на хвалю пацяплення. Тады былі знешнія перадумовы, гульні ў «лібералізец», і ўлады вымушана прыпускалі лейцы. Сёлета ж нават спробаў згуляць у экспартны варыянт дэмакратыі няма. Так, у апошнія дні жніўня Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным пасяджэнні ў калоніі №13 Глыбокага прызнаў палітвязня Змітра Дашкевіча вінаватым у «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» (частка 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса) і прысудзіў яго да года пазбаўлення волі. Выйсці на свабоду Зміцер зможа 28 жніўня 2013 года, а не ў снежні гэтага.
І вось на тле гэтых падзей і аморфнасці грамадства, адсутнасці цвёрдай кампаніі байкоту ці ўдзелу, адсутнасці моцнай альтэрнатыўнай стратэгіі ў апазіцыі застаецца хіба спадзявацца, што аднойчы прыйдзе нейкі добры дзядзька і ўсё вырашыць, прэзентаваўшы гатовы вынік шчаслівага жыцця. Але калі такога дзядзькі на гарызонце няма, улады могуць абсалютна спакойна адмяніць нікому не патрэбную і нічога не вартую працэдуру выбараў. І грошы бюджэтныя будуць цалейшыя, і страту мала хто заўважыць.