Палата прадстаўнікоў ухваліла пакаранне для ўхілістаў ад «падатку на дармаедства»
За нявыплату падатку беспрацоўным прысудзяць штраф або прыцягнуць да адміністрацыйнага арышту.
Палата прадстаўнікоў прагаласавала ў першым чытанні за папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Новаўвядзенні датычацца пакарання для тых, хто не будзе плаціць у бюджэт збор за сацыяльнае ўтрыманства, паведамляе БелТА.
Межы пакарання для ухілістаў ад выплаты падатку на «дармаедства» прадугледжаны дэкрэтам №3, які і ўвёў тэрмін «сацыяльнае ўтрыманства». Нагадаем, зараз асобы, якія не працуюць больш за 183 дзён у годзе, павінны плаціць у казну падатак у памеры 20 базавых велічынь. Цяпер гэта 3,6 млн. рублёў.
«За нявыплату або няпоўную выплату збору дэкрэтам прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 4 базавых велічынь (360-720 тысяч рублёў) або адміністрацыйны арышт, — нагадаў намеснік міністра па падатках і зборах Васіль Каменка, выступаючы перад дэпутатамі. — Пратаколы складаюцца ўпаўнаважанымі службовымі асобамі падатковых органаў, а справы аб такіх правапарушэннях разглядаюцца падатковымі органамі або раённымі гарадскімі судамі».
Нагадаем, раней Саўмін устанавіў парадак прыцягнення да грамадска карысных працаў беларусаў, якія патрапяць пад адміністрацыйны арышт з-за нявыплаты або няпоўнай выплаты падатку на «дармаедства». У пастанове сказана, што «дармаеды», якія адбываюць адміністрацыйны арышт, будуць выконваць працу на падставе заявак арганізацый рэспубліканскай або камунальнай формаў уласнасці.
Працягласць грамадска карысных працаў для адміністрацыйна арыштаваных не павінна перавышаць 8 гадзін у дзень і 40 гадзін у тыдзень. Для «дармаедаў», працуючых на карысць грамадства, прадугледжаны перапынак — не менш за 20 і не больш за 60 хвілін. Час перапынку для адпачынку і харчавання не ўключаецца ў працягласць выканання грамадска карысных работ.