«Пасля выступу рабяты падыходзілі і ціснулі руку». Гутарка з кадэтам, які прамаўляў Лукашэнку па-беларуску
1 верасня Лукашэнка правёў адкрыты ўрок для старшакласнікаў і студэнтаў. Адным з самых яркіх момантаў лекцыі стала выступленне Захара Аўчыннікава — кадэта з Віцебскага кадэцкага вучылішча. Малады чалавек сам падняў руку, каб сказаць, чым ён ганарыцца ў сваёй краіне. Выслухаўшы яго, Лукашэнка задаў яму два пытанні. Адно аб Вялікай Айчыннай вайне, другое пра СССР. Вучань хваляваўся, але гаварыў шчыра. Блог «Отражение» звязаўся з Захарам, каб крыху больш даведацца аб ім, яго любові да беларускай мовы і цікавасці да гісторыі.
Захару 16 гадоў. Ён кажа па-дзіцячаму шчыра, але вельмі
спакойна і стрымана, нібы абдумвае кожнае слова. Яго сям'я жыве ў вёсцы Дрыгучы
Мёрскага раёна. Цяпер хлопец таксама там. Расказвае, што прыехаў дадому пасля
адкрытага ўрока «па сямейных абставінах». Якія, не ўдакладняе. З двара нікуды
асабліва не выходзіў, таму з мясцовымі свой выступ не абмяркоўваў. Ды і людзей,
прызнаецца, у іх краях няшмат.
Дрыгучы — маленькая вёска, дзе ёсць толькі пачатковая школа.
Тут хлопец адвучыўся чатыры гады, а затым ездзіў па веды ў суседні аграгарадок.
Праблем з вучобай у яго ніколі не было, і бліжэй да сёмага класа педагогі
параілі хлопчыку паспрабаваць паступіць у гімназію. Школьнік на той момант, як
і цяпер, захапляўся ваеннай тэматыкай і вырашыў прыгледзецца да кадэцкага
вучылішча.
— Вучылішча створана на базе гімназіі, таму веды тут
займаюць значнае месца, дый педагогі моцныя. Першы раз я завітаў сюды яшчэ да
паступлення, мне спадабалася, — тлумачыць Захар, чаму пасля сёмага класа ўсё ж
абраў Віцебскае кадэцкае вучылішча. — А яшчэ ў Віцебску ў мяне жывуць сваякі, і
я мог прыязджаць да іх на выхадныя.
Цяпер Захар у адзінаццатым класе. Яго сярэдні бал за дзясяты
— 9,5, а любімыя прадметы звязаныя з гуманітарнымі навукамі. Адзін з іх —
гісторыя. Ёй хлопец захапляецца даўно і паспяхова. Летась узяў дыплом 3 ступені
на абласной алімпіядзе, тады ж з адной з вучаніц яны атрымалі «срэбра» на
рэспубліканскім конкурсе навуковых прац. Кадэты збіралі імёны вайскоўцаў і
мірных жыхароў, якія загінулі ў Віцебскім раёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Захар працаваў з архівам Мінабароны РФ, і гэта яго вельмі ўразіла.
— Адна справа, калі ты ведаеш лічбы тых, хто загінуў, і зусім
іншая, калі бачыш імя, узрост чалавека, чытаеш, дзе і як ён памёр, калі
разумееш, што паміралі цэлыя сем'і, — згадвае суразмоўца. — У такія моманты
па-іншаму ставішся да падзей вайны. Адчуваеш, што гэта было страшней, чым ты
мог сабе ўявіць.
— А адкуль у вас такая любоў да гісторыі?
— Гістарычныя кнігі і праграмы мяне заўсёды цікавілі. Да
таго ж дзяцей у нашай вёсцы няшмат, таму трэба было прыдумваць, як праводзіць
час, і я чытаў. Дый у школе па гісторыі ў мяне былі добрыя настаўнікі,
заахвочвалі мяне займацца. З гэтага ўсё пачалося. А цяпер я сам часта звяртаюся
да мінулага, каб лепш зразумець тое, што адбываецца зараз.
Праўда, станавіцца гісторыкам Захар не збіраецца. У планах
быць юрыстам або адвакатам.
— Спачатку я меркаваў, што звяжу свой лёс з матэматыкай.
Напрыклад, буду інжынерам, — згадвае кадэт. — Але два гады таму падумаў, што
мне хацелася б рабіць нешта добрае для сваёй краіны. Адна з лепшых магчымасцяў
для гэтага — абраць прафесію, якая будзе звязана з грамадствам. Таму я і
спыніўся на юрфаку.
З жаданнем рабіць нешта добрае для сваёй краіны прыйшло і
разуменне, што трэба шукаць у сабе смеласць гаварыць па-беларуску: «Усё ж такі
я беларус». З тых часоў кадэт стаў спрабаваць пераходзіць на беларускую мову ў
паўсядзённым жыцці. Шчыра прызнаецца: атрымліваецца не заўсёды і не з усімі,
але ён імкнецца.
— Я імкнуся павялічваць ужыванне мовы і мару, што калісьці
поўнасцю на яе перайду. Па-першае, гэта прыгожа, па-другое — магчымасць даць
людзям вакол зразумець, што ты беларус, — разважае Захар. — А яшчэ не хачу, каб
мне было сорамна перад будучымі дзецьмі, калі яны раптам спытаюць: «Тата, чаму
ты не падтрымліваў мову?». Таму, калі мяне запрасілі на адкрыты ўрок да
прэзідэнта, я вырашыў, што тут абавязкова павінна загучаць наша мова.
Але аб усім па парадку.
«Мне здаецца, гэта вельмі важна — гаварыць тое, што думаеш»
У Мінск на адкрыты ўрок Захара запрасілі 25 жніўня. Калі яму патэлефанавалі з вучылішча і сказалі, што яго выбралі для паездкі, ён здзівіўся. А потым падумаў, што гэта добрая магчымасць задаць пытанне Аляксандру Лукашэнку, і стаў думаць, пра што важнае хацеў бы спытаць. Вырашыў: даведаецца пра тое, як далей будзе развівацца беларуская мова ў сістэме адукацыі.
— Але 31 жніўня я зразумеў, што магчымасць задаць пытанне
будзе не ва ўсіх, таму спадзяваўся, што ў мяне проста атрымаецца агучыць свае
думкі, — адказвае суразмоўца. — Адказ дзяўчынкі, якая казала Аляксандру
Рыгоравічу, чым у Беларусі яна ганарыцца, мне падаўся няскончаным, таму я
падняў руку, каб таксама выказацца. Мне здаецца, сказаць, чым я ганаруся, гэта
нават лепш за маё пытанне. Але гэтыя думкі прыйшлі пасля, а ў той момант я
вызваўся аўтаматычна. Першая частка маёй прамовы прайшла больш-менш па плане.
Але калі мне задалі дадатковыя пытанні, зразумеў, што становішча робіцца больш
складаным. Калі агучваў свае думкі, думаў над кождым словам, каб не зганьбіцца.
— Здавалася, вы вельмі хваляваліся.
— Трохі разгубіўся, але, спадзяюся, усё атрымалася даволі
дыпламатычна. Некаторыя пісалі, што я ледзь не расплакаўся, але насамрэч так
атрымалася з-за таго, што я быў сканцэнтраваны на адказах. Трэба было шмат чаго
перабраць у галаве, а часу было мала.
— Пакрыўдзіліся на словы пра слёзы?
— Не, навошта. Людзі хвалююцца, так бывае. Канечне, трывога
ўнутры мяне таксама была.
— А яшчэ было відаць, што для вас важна адстаяць свой пункт
гледжання.
— Мне здаецца, гэта вельмі важна — гаварыць тое, што думаеш,
бо, калі гэтага не рабіць, не будзе развіцця і самастойнасці. Але, каб агучваць
свае думкі, патрэбна смеласць. Падняць руку на адкрытым уроку ў першую чаргу
было важна для мяне самога. Гэта як доказ таго, што я маю гэтую смеласць.
— А што было, калі адкрыты ўрок скончыўся?
— Некаторыя рабяты з іншых дэлегацый падыходзілі да мяне,
каб паціснуць руку. Цяпер шмат знаёмых і невядомых людзей пішуць мне ў
сацсетках. У асноўным дзякуюць за тое, што выступіў на мове, што смела адказваў,
што ўспомніў Генрыка Дмахоўскага з Мёршчыны. Нехта жартуе, нехта хвалюецца,
быццам могуць быць нейкія наступствы з-за таго, што маё выказванне сталі
распаўсюджваць. Гэта крыху мяне накруціла. Але я не лічу, што такія пытанні
павінны быць да кагосьці, хто ўчора выказваўся. Па-іншаму я б не паступіў, таму
стараюся захоўваць вытрымку.
— А што вам сказалі бацькі, калі вы прыехалі дадому?
— Яны не глядзелі выступ, але потым мама мяне пахваліла, — адказвае Захар, і голас яго пачынае дрыжэць: — А таты не стала ў ноч з 31 жніўня на 1 верасня. Але я даведаўся пра гэта, толькі калі вярнуўся. Ён шэсць гадоў змагаўся з анкалогіяй. Калі я быў у Мінску, мама, напэўна, вырашыла мне не гаварыць. Ды я і сам не патэлефанаваў… Столькі ўсяго звалілася за гэтыя дні.